Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty: ХАМАС вінаваты ў катаваньнях і забойствах палестынцаў


Баевікі ваеннага крыла ХАМАСу
Баевікі ваеннага крыла ХАМАСу

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвінавачвае палестынскую групоўку ХАМАС ў выкраданьнях, катаваньнях і забойствах палестынскіх мірных жыхароў у сэктары Газа падчас канфлікту з Ізраілем у ліпені-жніўні 2014 году, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Згодна з сабранымі гэтай арганізацыяй дадзенымі, большую частку ахвяраў абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з Ізраілем.

Многія з пацярпелых былі сябрамі апазыцыйнага ХАМАСу палестынскага руху ФАТХ або былымі супрацоўнікамі палестынскіх службаў бясьпекі.

Як гаворыцца ў справаздачы, азагалоўленай «Зьвернутыя шыі», ніхто ня быў прыцягнуты да адказнасьці за гэтыя расправы, што дае падставу выказаць здагадку, што яны былі ўхваленыя кіраўніцтвам групоўкі.

У справаздачы паведамляецца, што тым часам як ізраільскія войскі «чынілі разбурэньні і несьлі гібель жыхарам Газы, сілы ХАМАСу скарысталіся гэтым, каб зьвесьці рахункі з апанэнтамі самым бязьлітасным чынам».

Праваабаронцы маюць інфармацыю прынамсі аб 23 выпадках пазасудовых расправаў.

Паводле ААН, падчас канфлікту летась улетку паміж Ізраілем і палестынскімі баевікамі загінула як найменей 2189 палестынцаў, у тым ліку 1486 мірных жыхароў, яшчэ 11 тысяч былі параненыя.

Ізраільскі бок страціў 67 салдат і шэсьць мірных грамадзян, дзясяткі былі параненыя.

У новай справаздачы Amnesty International падвергла рэзкай крытыцы абодва бакі канфлікту, абвінаваціўшы як Ізраіль, так і баевікоў Газы ў парушэньнях правоў чалавека і празьмерным гвалце. Абодва бакі адкідаюць гэтыя абвінавачаньні.

Як паведамляе карэспандэнт Бі-бі-сі на Блізкім Усходзе Кевін Конэл, ХАМАС карыстаецца неаспрэчным аўтарытэтам у Газе, і справаздача Amnesty паказвае, якую жорсткую кампанію помсты супраць сваіх унутраных праціўнікаў разьвязала гэтая групоўка ў адказ на пастаянную пагрозу вайсковага ўмяшаньня Ізраілю.

У справаздачы, у прыватнасьці, прыводзіцца выпадак, калі шасьцёра мужчын былі расстраляныя ў мячэці на вачах у мірных жыхароў, улучна з жанчынамі і дзецьмі.

Як заявіў дырэктар рэгіянальнага аддзяленьня Amnesty Філіп Лютэр, гэтыя забойствы сталі часткай «жахлівых дзеяньняў, некаторыя зь якіх раўнасільныя ваенным злачынствам, і мэтай якіх былі помста і пашырэньне страху па ўсім Сэктары Газа».

Amnesty заклікала палестынскія ўлады правесьці незалежнае і непрадузятае расьсьледаваньне гэтых дадзеных і прывесьці да суду вінаватых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG