Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцекачоў з Сырыі разьмяркуюць па розных краінах Эўразьвязу. Чэхія і Польшча супраць


Сёньня Эўракамісія прапанавала разьмеркаваць на працягу двух гадоў 40 тысяч уцекачоў з Сырыі і Эрытрэі па краінах ЭЗ.

Гаворка пра ўцекачоў, якія ўжо прыбылі ў Італію і Грэцыю, як правіла, па моры. Асноўную частку ўцекачоў Эўракамісія прапануе накіраваць у Нямеччыну, Гішпанію, Польшчу і Нідэрлянды. На ўладкаваньне кожнага мігранта Эўракамісія выдзеліць 6 тысяч эўра.

Мэханізм раўнамернага разьмеркаваньня ўцекачоў па краінах Эўразьвязу ў будучым можа быць задзейнічаны і для ўцекачоў з былога СССР. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Брусэлі эўракамісар у пытаньнях міграцыі Дзімітрыс Аўрамопулас.

«Сёньня мы гаворым аб праблеме міграцыі ў Міжземным моры. Магчыма, наступным разам мы будзем вырашаць праблему ў Чорным моры. Баўгарыя і Румынія могуць сутыкнуцца з такой жа праблемай. І калі гэта будзе неабходна, мэханізм будзе задзейнічаны і для гэтай часткі Эўропы», адзначыў эўракамісар.

Квоты на ўцекачоў прызначаюцца краінам ЭЗ у залежнасьці ад ліку насельніцтва, эканамічных паказьнікаў, узроўню беспрацоўя і г. д. Так, параўнальная зь Беларусьсю 10-мільённая Чэхія павінна была б прыняць ад 1300 да 1800 чалавек. Урад Чэхіі заяўляе, што ў пытаньні прыёму ўцекачоў будзе адстойваць прынцып добраахвотнасьці.

У сваёй сёньняшняй заяве чэскі прэм’ер Багуслаў Собатка таксама ўскосна даў зразумець, што яго краіна аддала б перавагу людзям з былога СССР.

«Досьвед апошніх гадоў паказвае, што краіны цэнтральнай і ўсходняй Эўропы, уключна з Чэхіяй, для ўцекачоў з Афрыкі і Блізкага Ўсходу не зьяўляюцца тымі, дзе яны бачаць сваю будучыню. Наадварот, для ўцекачоў з постсавецкай прасторы мы зьяўляемся мэтавай краінай. Абавязковыя квоты і пераразьмеркаваньне ўцекачоў без уліку іх жаданьняў не зьяўляецца ў далейшай пэрспэктыве прымальным рашэньнем», сказаў Собатка.

Нязгода адной краіны для адмены квот недастаковая. З абавязкам прымаць уцекачоў не пагаджаюцца і іншыя краіны, напрыклад, Польшча, Славаччына.

Паводле ААН, цяпер у сьвеце назіраецца наймагутнейшая плынь уцекачоў ад заканчэньня Другой Сусьветнай вайны. Прычынай сталі ўзброеныя канфлікты ня толькі у Афрыцы, на Блізкім Усходзе, але і Эўропе. Паводле зьвестак Эўрастату, летась у краінах Эўразьвязу атрымалі прытулак 185 тысяч уцекачоў. У параўнаньні зь 2013 годам прырост склаў больш за палову. Найбольш пасьпяховых задаволеных просьбаў сыходзіла ад грамадзян Сырыі, дзе працягваецца крывавы ваенны канфлікт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG