Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дырэктара «Трансавіяэкспарту» арыштавалі за хабар у 30 тысяч даляраў


Справу Вадзіма Мельніка расьсьледавалі і перадалі ў суд.

Мельнік быў затрыманы Галоўным упраўленьнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС у красавіку.

Сьледчы камітэт Беларусі паведамляе, што дырэктар вырашыў скарыстаць у карысьлівых мэтах намер замежнай кампаніі прыватызаваць прадпрыемства «Трансавіяэкспарт», якое знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці.

«Сустрэўшыся з прадстаўніком інвэстараў, зламысьнік спаслаўся на знаёмства са службовымі асобамі дзяржаўных органаў, упаўнаважаных на правядзеньне аўкцыёну па продажы ААТ „Авіякампанія Трансавіяэкспарт“. Пры гэтым увёў суразмоўцу ў зман адносна сваіх магчымасьцяў спрыяльна вырашыць пытаньні ў інтарэсах інвэстараў за хабар і ўзяўся быць пасярэднікам у яго перадачы.

У сапраўднасьці ён ня мог паўплываць на ход аўкцыёну, а толькі перасьледаваў мэту завалодаць грашыма і быў затрыманы пры атрыманьні 30 тысяч даляраў ЗША, якія зьяўляюцца часткай абумоўленай загадзя сумы», — паведамляе Сьледчы камітэт.

Дырэктару прад’яўлена абвінавачаньне паводле ч.1 арт.14, ч.4 арт.209 (замах на махлярства ў асабліва буйным памеры) і ч.5 арт.16, ч.2 арт.431 (падбухторваньне да дачы хабару ў буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Вадзім Мельнік пад вартай. У СК паведамляюць, што на ягоную маёмасьць коштам 4 млрд 150 млн рублёў накладзены арышт. У ліку гэтай маёмасьці — прыватны дом зь зямельным участкам у Менску, аўтамабіль-пазадарожнік, наяўныя грашовыя сродкі ў замежнай валюце.

XS
SM
MD
LG