Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмяніць адзнакі, русліт і пераатэставаць настаўнікаў: пасьпяховыя беларусы пра тое, што б яны зьмянілі ў школе


Менск, сярэдняя школа № 84

Менск, сярэдняя школа № 84

Ці добрыя адзнакі ў школе гарантуюць жыцьцёвы посьпех?

Напярэдадні апошняга званка беларусы — прафэсіяналы ў журналістыцы, бізнэсе і архітэктуры распавялі, ці хапае ім школьных ведаў і што б яны зьмянілі ў школьнай падрыхтоўцы.​

Павал Сьвярдлоў

рэдактар KYKY.org, выкладчык «Беларускага калегіюму», уладальнік Крышталёвай савы ўкраінскага тэлеклюбу «Што? Дзе? Калі?» скончыў школу ў 2000 годзе:

Павал Сьвярдлоў

Павал Сьвярдлоў

Я б аддзяліў злых і абыякавых дзяцей ад тых, каму сапраўды цікава вучыцца. Адным гэта дапамагло б захаваць нэрвы, а іншым — здароўе

— Да 10-й клясы я вучыўся ў звычайнай школе, з хлопцамі і дзяўчатамі з навакольных дамоў. Калі згадваць наш 9 «Б», дык у большасьці выпадкаў працуе формула «вучыся на 5 — даб’есься посьпеху». Дзяўчаткі, якія вучыліся добра, цяпер упэўнена сябе адчуваюць, шмат хто зь іх жыве за мяжой. А хлопцы, якія вучыліся дрэнна, засталіся там, дзе й былі, — у сваіх дварах, ля пад’ездаў. Яны думалі, што ім ніколі не спатрэбіцца тое, чаму іх вучаць. Але калі ты так думаеш, дык падсьвядома абіраеш такое жыцьцё, што й сапраўды не спатрэбіцца. А калі ведаеш шмат, дык шукаеш выхад для гэтых ведаў. Ідзеш вучыцца туды, дзе яны запатрабаваныя, на цікавую працу, у «Што? Дзе? Калі?». Веды падштурхоўваюць разьвіцьцё, разьвіцьцё дае новыя веды.

Я б сказаў, што сапраўды ў школе ў мяне ўклалі трывалы падмурак, на якім можна было далей будаваць. Я добра ведаў мовы. Няхай і на пачатковым узроўні, але арыентаваўся ў хіміі, біялёгіі. Настаўнікаў мы хутчэй баяліся, нават самых крутых. Па гісторыі Беларусі ў нас быў вельмі круты настаўнік, ён добра выкладаў, але ані ў кога й думкі не ўзьнікала, каб чытаць што яшчэ. У школе са мной ніхто дадаткова не займаўся. Мяне адпраўлялі на алімпіяды па матэматыцы і па расейскай мове, амаль не рыхтуючы, і там у мяне нічога не атрымалася. Тое, што я ведаю па-за школьнай праграмай, — гэта цалкам заслуга маіх бацькоў.

Акрамя ведаў, мне асабіста школа дала вельмі няшмат. Знаёмствы, сацыялізацыя — усё міма. З аднаклясьнікамі я, на жаль, кантактаў амаль не падтрымліваю. У школе я толькі тым і займаўся, што вучыўся, таму пасьля выпускнога быў яшчэ абсалютна не дарослы. Што называецца, жыцьця ня ведаў. Напрыклад, паездку ў Францыю па абмене, якая адбылася ў 9-й клясе, я памятаю як час страчаных магчымасьцяў — проста таму, што не рабіў нічога, уласьцівага падлетку. Але не ўва ўсіх было так. Мае аднаклясьнікі больш трывала на зямлі стаялі. І тыя, хто ведаў, чаго хоча, пасьля школы добра стартанулі.

Што да зьменаў у школе, то, па-першае, я ўсё ж аддзяліў бы злых і абыякавых дзяцей ад тых, каму сапраўды цікава вучыцца. Гэта дапамагло б некаторым маім аднаклясьнікам захаваць у парадку нэрвы, а некаторым і здароўе.

Па-другое, шкада, што ў маёй школе амаль не працавалі факультатывы і гурткі. Магчымасьцяў паглыблена вывучаць цікавыя прадметы амаль не было. А гурток па «Што? Дзе? Калі?», напрыклад, зьявіўся толькі тады, калі я вярнуўся ў школу праз 10 гадоў пасьля выпуску. Але я вельмі ўдзячны, што ў нашай школе быў тэатар. Нават два.

Па-трэцяе, я адмяніў бы ці неяк зьмяніў фізкультуру, урокі працы і зусім ужо дзіўныя ўрокі па грамадзянскай падрыхтоўцы, там, дзе вялося пра тэхніку бясьпекі і ядзерную вайну. Гэта ўсё магло б прынесьці карысьць, калі б было больш сыстэмна. А так — я там не засвоіў нічога карыснага.

Галоўнае, чаго мне цяпер не хапае, — гэта трывалага веданьня замежных моваў. Але, гэта, відаць, таму, што мне яны ня вельмі й падабаліся. У школе мяне не навучылі зарабляць грошы — але я ня ведаю, ці мусілі. Было б няблага арыентавацца ў тым, як прыкладаць веды са школьнай праграмы на практыцы, як яны спатрэбяцца, дапамогуць жыць. Але, як на маю думку, наша школьная адукацыя вельмі адарваная ад рэчаіснасьці. Можа, таму й не было цікава вучыцца тым, хто проста ня ўмеў сябе прымусіць. А яшчэ я думаю, што гэта памылка — скарачаць урокі літаратуры і сусьветнай мастацкай культуры. Мне яны вельмі падабаліся і дагэтуль дапамагаюць падбіраць і разумець вобразы, якія робяць жыцьцё не такім змрочным і пустым.

Крысьціна Вітушка

магістар бізнэс-адміністраваньня, скончыла школу ў 1995 годзе:

Крысьціна Вітушка

Крысьціна Вітушка

Школа павінна даваць сыстэмныя веды і навыкі. Выхоўваць дзяцей школа ня мае маральнага права

— Я вучылася ў трох школах, скончыла спэцшколу з паглыбленым вывучэньнем матэматыкі з залатым мэдалём. Менавіта школа дала мне ўсе тыя веды, якія дазволілі чагосьці дасягнуць у жыцьці. Там быў закладзены самы важны падмурак. Ня ўсё гэта выкладалі на ўроках ці пісалі ў падручніках. Але ў школе навучылі шмат працаваць, здабываць вялікія аб’ёмы інфармацыі.

У маёй школе гэта цанілася, недастаткова было рабіць тое, што ўсе, на ўроку. Настаўнікі бачылі, што ў мяне ёсьць зацікаўленьні і здольнасьці, і са мной усе займаліся па індывідуальнай праграме. Таму ва ўнівэрсытэце па першым часе мне было страшна сумна. І адным унівэрсытэтам я абмежавацца не змагла, таму што кожная з навучальных установаў падавалася мне недастаткова «высокай», каб я адчувала сябе чалавекам з вышэйшай адукацыяй.

Было яшчэ выхаваньне і ідэалягічны аспэкт. Я пайшла ў школу ў 1985 годзе, яшчэ ў савецкія часы. Але на гады школы прыйшоўся распад СССР, і мы, школьнікі, сваім рашэньнем адмянілі піянэрскую арганізацыю, адмянілі дзёньнікі для вучняў сярэдніх і старэйшых клясаў. Гэта было ў постсавецкай Латвіі. А калі я прыехала ў Беларусь у сярэдзіне 1990-х, для мяне было вельмі дзіўна даведацца, што тут вучні дагэтуль ходзяць у школьнай форме. Мне гэта ўсё здавалася ўчорашнім днём.

Дзёньнік я ўсё ж такі мусіла завесьці, ну, а школьную форму не лічыла патрэбным насіць. І ніхто ня мог мяне прымусіць, бо я была выдатніцай, пераможцай алімпіядаў, мела магчымасьці абіраць, як сябе паводзіць. Таму мне дзіўна, што цяпер тое самае навязваюць нашым дзецям.

Мае аднаклясьнікі з Латвіі разьехаліся калі не па ўсім сьвеце, дык па ўсёй Эўразіі. Збольшага той, хто працаваў у школьны час, не абавязкова быў выдатнікам, а проста шмат працаваў і меў нейкую мэту, ён свайго дасягнуў. А тыя, хто амаль заўсёды рухаўся па плыні, зайздросьцяць і лічаць, што астатнім пашанцавала больш, чым ім. Ніхто не бярэ да ўвагі, колькі працы было ўкладзена ў гэты посьпех.

У сучаснай школе і ў той школе, у якой мне давялося павучыцца, я б цалкам адмяніла выхаваўчы элемэнт. Яшчэ Леў Талстой у сваіх яснапалянскіх сшытках пісаў, што права на выхаваньне мае толькі сям’я і царква, калі сям’я лічыць патрэбным даць царкве такое права. Школа павінна даваць сыстэмныя веды і навыкі. Выхаваньне — гэта тое, да чаго школа ня мае ніякага дачыненьня, ня мае маральнага права ўвогуле да гэтага дакранацца. Хаця б таму, што выхоўваць дзяцей спрабуюць таксама дзеці — 20-гадовыя, якія скончылі ВНУ з найменшым прахадным балам, якія выпраўляюць дзецям у сшытках слова «опасность» на «опастность», якія працуюць у беларускай школе і пры гэтым могуць ня ведаць беларускай мовы.

Што датычыць адукацыі ў сучаснай школе, я лічу, што патрэбная татальная пераатэстацыя ўсіх настаўнікаў, бо адукацыйны ўзровень неверагодна нізкі. Яны ня ў стане нават базавую праграму даць дзецям на належным узроўні, ня кажучы пра тое, што яны ня ў стане, не матываваныя, ня хочуць займацца індывідуальна зь дзецьмі, якія адрозьніваюцца. Гэта тычыцца і здольных дзяцей, і дзяцей, якія маюць асаблівасьці ў разьвіцьці і ім патрэбны адмысловы падыход.

У сучаснай школьнай сыстэме ў мяне глыбокае расчараваньне. Яе не пераробіш паступовымі кропкавымі зьменамі. На жаль, тут патрэбны бальшавіцкі прынцып — «до основанья», бо нічога добрага ў сучаснай сыстэме так званай адукацыі не засталося.

Ільля Аксёнаў

стваральнік брэнду беларускай вопраткі LSTR, скончыў школу ў 2003 годзе:

Ільля Аксёнаў

Ільля Аксёнаў

У школе патрэбны беларусацэнтрычны падыход і ў выкладаньні гісторыі, і літаратуры

​— З аднаклясьнікамі стасункаў я не падтрымліваю, і мне складана сказаць, хто зь іх чым займаецца. У любым выпадку, я лічу, што гэта правільна — добра вучыцца, быць лепшым у нейкіх ведах, чытаць шмат кніг. Я б не сказаў, што гэта няправільны савецкі падыход.

Сам я быў такім «паўбатаном», заўсёды добра вучыўся. У мяне няма мэдалёў, але я быў на добрым рахунку. Быў прызёрам алімпіяд па геаграфіі, а таму паступіў у ВНУ без іспытаў. Як на мяне, дык школьная адукацыя ў Беларусі не такая дрэнная. Сапраўдныя праблемы — з вышэйшай адукацыяй, якая ў нас на ўзроўні афрыканскіх краінаў.

Правільна зроблена на Захадзе: калі ты атрымліваеш вышэйшую адукацыю, ты, адпаведна, атрымліваеш добрую працу. У нас гэта ня так. Вышэйшую адукацыю можа атрымаць любы чалавек, нягледзячы на ягоныя інтэлектуальныя здольнасьці.

А школа, як мне падаецца, не дае і ня мусіць даваць прафэсійных ведаў, якія дапамагаюць уладкавацца на працу, пабудаваць кар’еру. Усё, што мы вучым у школе — альгебра, літаратура, біялёгія, — гэта проста наша інтэлектуальнае і культурнае разьвіцьцё, трэнінг для розуму.

Так і павінна быць. У агульным падыходзе да выхаваньня дзяцей не павінна быць значных рэформаў. Гэта я кажу не як спэцыяліст, а як чалавек, які скончыў беларускую школу — я вучыўся з 1991 па 2003 гг.

У чым бы я падкарэктаваў нашу школу — гэта ў культурным выхаваньні. Нам патрэбны беларусацэнтрычны падыход у выкладаньні і гісторыі, і літаратуры. Мне здаецца, правільна, каб беларусы не вывучалі расейскую літаратуру ў такім вялікім аб’ёме, як сёньня. Вось ва Ўкраіне ёсьць замежная літаратура, і ў яе рамках вывучацца літаратура Расеі. Тое самае і з гісторыяй.

Таксама я б, можа, зрабіў менш фізычнай культуры. Таксама ў школе часта забываюцца пра важнасьць харчаваньня. Дзяцей трэба добра карміць. З гэтым у нас вялікія праблемы: ежа ня тое што ня вельмі смачная — яна ня вельмі якасная. А гэта ж так важна, бо дзеці растуць і патрэбныя ўсе мікраэлемэнты ў правільных аб’ёмах. Вось за гэтым неабходна строга сачыць дзяржорганам.

Але ўсё гэта тэхнічныя моманты, якія можна падкарэктаваць. Беларускую школьную адукацыю я характарызую як адукацыю нармальнага ўзроўню, у якой нічога супэрдрэннага ня бачу. Прынамсі, у час, калі я вучыўся, з 1991 па 2003 год, — у школе тады было ўсё нармальна. Напрыклад, калі хтосьці хоча атрымліваць большыя веды, чым у школе, ён мае магчымасьць паступіць у гімназію, ліцэй. Нават дысцыпліны, я лічу, не было зашмат — трэба ж дзяцей неяк выхоўваць. Неверагодна дэмакратычны падыход, як у Фінляндыі, мне здаецца, ня вельмі правільны.

Ганна Трубачова

заснавальніца журналісцкага агенцтва «Таранціны і сыны», скончыла школу ў 1998 годзе:

Ганна Трубачова

Ганна Трубачова

Там, дзе адносіны пабудаваныя на страху, маніпуляцыі і аўтарытарнай сыстэме, рэдка атрымліваецца ўзаемная любоў. Хацелася б бачыць нашу сыстэму адукацыі больш гуманнай

— Вучылася ў школе я няважна, часта прапускала заняткі. Тое, што зь мяне ня выйдзе чалавек, які захапляецца дакладнымі навукамі, было відавочна. У мяне нават вымалёўвалася двойка па матэматыцы ў атэстаце. Але на пэдагагічнай радзе вырашылі не псаваць мне жыцьцё. Аднак калі б у 1998-м не адмянілі экспэрымэнтальна на адзін год конкурс атэстатаў пры паступленьні ў ВНУ, наўрад ці я б куды прайшла, таму што, акрамя гэтай «нацягнутай тройкі», у атэстаце я мела некаторыя іншыя «нацягнутыя» адзнакі.

Я паступіла на журфак, дзе таксама дрэнна вучылася. Ужо зь першага ці другога курсу я працавала ў штаце, атрымлівала заробак. Нашмат больш мяне цікавіла набываньне практычных навыкаў сваёй прафэсіі, чым праседжваньне штаноў і праслухоўваньне сумных і, хутчэй за ўсё, непатрэбных лекцыяў.

Маё жыцьцё склалася менавіта так (я даволі пасьпяховы спэцыяліст у сваёй прафэсіі), таму што я разумела, чым хачу займацца, яшчэ зь дзяцінства. Нягледзячы на ціск грамадзтва, не зусім карэктныя матывацыі, пабудаваныя на падаўленьні і запалохваньні, я ведала свае сапраўдныя інтарэсы — заўжды вельмі шмат чытала, у юнацтве захаплялася драматургіяй і пісала нейкія нататкі ў газэты яшчэ да паступленьня. Я дагэтуль люблю літаратуру, маю дачыненьне да яе і да публіцыстыкі, займаюся сваёй любімай справай.

Матывацыя да вучобы была самая звычайныя, як у савецкай школе, і, напэўна, засталася такой і сёньня. Гэта была матывацыя адзнакамі, параўнаньнем зь іншымі вучнямі, пагрозамі не перавесьці ў наступную клясу, страшылкамі з сэрыі «будзеш дрэнна вучыцца — пойдзеш працаваць дворнікам».

Я б адназначна зьмяніла адзнакавую сыстэму. Калі паглядзець на досьвед высокаразьвітых краінаў, асабліва тых, якія шмат увагі аддаюць інавацыйным падыходам у адукацыі, там сёньня адмяняюцца адзнакавыя сыстэмы, бо яны не нясуць нічога карыснага. Нічога, акрамя закамплексаванасьці, траўмаваньня, фармаваньня ацэнкавага падыходу да жыцьця, такая сыстэма не нясе.

Таксама было б добра зьмяніць матывацыйную сыстэму. Прымушаць дзіця вучыцца сілай, пагрозамі і прыніжэньнем — ня выйсьце. Хацелася б, каб пэдагогі сапраўды любілі сваю справу, каб дзеці на ўроках адкладалі ўсе пазашкольныя справы і з захапленьнем слухалі настаўніка. І я ня думаю, што справа ў заробку. Безумоўна, у пэдагога вельмі складаная праца. Але яны абцяжарваюць сваю працу, калі ціснуць на вучняў страхам і аўтарытэтам. Там, дзе адносіны пабудаваныя на страху, маніпуляцыі і аўтарытарнай сыстэме — там рэдка атрымліваецца ўзаемная любоў. Хацелася б бачыць нашу сыстэму адукацыі больш гуманнай.

Андрэй Макоўскі

сузаснавальнік і кіраўнік Zrobym Architechts, скончыў школу ў 2008 годзе:

Андрэй Макоўскі

Андрэй Макоўскі

Кепскія настаўнікі кепска вучаць дзяцей, якія пасьля нікуды ня могуць паступіць і ідуць вучыцца на настаўнікаў

— Я вучыўся ў школе з архітэктурна-мастацкім ухілам, апошнія дзьве клясы — у гімназіі мастацтваў на Камуністычнай (вельмі добрая навучальная ўстанова, усім раю). Гэтыя дзьве школы сфармавалі мяне як творчую асобу, заклалі падмурак для майго наступнага разьвіцьця. Я вельмі ўдзячны сваім настаўнікам.

У гімназіі мастацтваў была добрая творчая атмасфэра, мы па жаданьні заставаліся пасьля заняткаў, каб памаляваць, або ў актавай залі рэпетавалі песьні на школьныя канцэрты. Было клёва. Гэтую магчымасьць самому творча расьці й разьвівацца я лічу вельмі важным у навучаньні.

Я ведаў, куды хачу паступіць, ужо зь сёмай клясы і мэтанакіравана рыхтаваўся. Часта заставаўся ў школе да вечара, каб падрыхтаваць добрыя працы да прагляду (калі творчыя працы выстаўляюцца для настаўнікаў). Школьныя, а пасьля ўнівэраўскія прагляды былі важнай часткай майго жыцьця. Я й цяпер так жыву — прэзэнтую працы маім замоўцам. Навучыўся гэта рабіць яшчэ ў школе.

Я добра вучыў толькі тыя прадметы, якія лічыў патрэбнымі. Хімію, напрыклад, я ведаю на 2-3. А па маляваньні і, у старэйшых клясах, па матэматыцы ў мяне былі высокія адзнакі. Але добрыя адзнакі па ўсіх прадметах, я лічу, — гэта ня толькі веды, але й дысцыпліна. «Батаны» маюць большую адказнасьць, лепш могуць самаматываваць сябе, пасьпяваюць усё ў тэрмін. Гэта важныя якасьці, якія дазваляюць дасягнуць посьпеху ў любой справе. «Таленавітыя разьдзяўбаі», бывае, ня могуць дасягнуць нічога, бо ня маюць дысцыпліны.

У школе я б дадаў больш магчымасьці да самаразьвіцьця, магчымасьці арганізоўваць і весьці свае праекты, самарэалізоўвацца. Адмяніў бы школьную форму, абсалютна ня бачу ў ёй сэнсу. Яшчэ параіў бы зьмяніць праграму па беларускай літаратуры, бо там усё збольшага пра сялян і калгасы. Памятаю, мне нецікава было гэта чытаць.

І яшчэ ёсьць кадравая праблема. Большасьць настаўнікаў (асабліва ў звычайных сярэдніх школах) трапілі на свае пасады выпадкова. На настаўніцкі факультэт нізкія прахадныя балы, па разьмеркаваньні людзі трапляюць у школу, а вучыць дзяцей у іх няма ніякага жаданьня. Да таго ж у настаўнікаў нізкі заробак. Таму яны даюць дрэнную адукацыю дзецям, палова зь якіх пасьля ня можа паступіць, куды хацелі, і ідуць вучыцца на настаўніка, каб атрымаць хоць якую вышэйшую адукацыю. І зноў усё паўтараецца.

Каб вырашыць гэтую праблему, праца настаўніка павінна стаць элітнай, з добрым заробкам і вялікай канкурэнцыяй за працоўнае месца. Тады вучыць маладое пакаленьне будуць толькі лепшыя прафэсіяналы. А добра адукаваныя маладыя спэцыялісты прынясуць больш грошай у бюджэт, чым той жа падатак на дармаедзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG