Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маккейн папрасіў ФІФА абраць прэзыдэнта, які забароніць чэмпіянат сьвету ў Расеі


Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн і дэмакрат Робэрт Мэнэндэс зьвярнуліся з адкрытым лістом да кангрэсу ФІФА з заклікам не падтрымліваць кандыдатуру дзейнага прэзыдэнта арганізацыі Зэпа Блятэра на будучых выбарах кіраўніка арганізацыі за яго пазsцыю па правядзенні чэмпіянату сьвету па футболе 2018 году ў Расеі.

«Улічваючы падтрымку прэзыдэнтам Блятэрам правядзеньня чэмпіянату сьвету па футболе 2018 году ў Расеі, нягледзячы на пастаянныя парушэньні з боку Расеі тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і іншыя пагрозы зь яе боку для архітэктуры бясьпекі, усталяванай пасьля Другой сусьветнай вайны, мы просім вас перагледзець падтрымку кандыдатуры прэзыдэнта Блятэра ачоліць ФІФА на пяты тэрмін» — Голас Амэрыкі цытуе ліст амэрыканскіх заканадаўцаў.

Мэнэндэс і Маккейн ў лісьце нагадалі пра ўзброеную агрэсію Расеі супраць Украіны, парушэньні ёю менскіх пагадненьняў, небясьпечныя манэўры расейскіх самалётаў поблізу паветранай прасторы НАТО, выхад Расеі з Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.

«Мы лічым, што дазвол на правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Расеі паслужыць падтрымцы пуцінскага рэжыму ў час, калі яго неабходна асуджаць» — гаворыцца ў лісьце.

Заканадаўцы таксама зьвярнулі ўвагу, што 40 краін-сябраў ФІФА ўжо наклалі на Расею санкцыі з мэтай паўплываць на яе паводзіны ва Ўкраіне.

«Наступны прэзыдэнт ФІФА нясе адказнасьць за тое, каб ня толькі гарантаваць бясьпечнае і пасьпяховае правядзеньне ЧС-2018, але і вернасьць місіі ФІФА, якая мае „папулярызаваць футбол у сьвятле адукацыйных культурных і гуманітарных каштоўнасьцяў, якія аб’ядноўваюць“. Мы настойліва заклікаем вас абраць прэзыдэнта, які будзе прытрымлівацца гэтых каштоўнасьцяў і працаваць над тым, каб адмовіць рэжыму Пуціна ў прывілеі правесьці ЧС-2018» — гаворыцца ў лісьце.

Прадстаўнікі ФІФА зьбіраюцца ў Цюрыху на штогадовы кангрэс, на якім 29 траўня заплянаваныя выбары новага прэзыдэнта футбольнай асацыяцыі.

Кангрэс пройдзе на тле арышту ў Цюрыху шасьці вядучых чыноўнікаў ФІФА для экстрадыцыі іх у ЗША, дзе ім выстаўляць абвінавачваньні ў карупцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG