Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) кандыдата на прэзыдэнта Беларусі ў 2010 годзе, а цяпер палітвязьня Міколы Статкевіча на пачатку чэрвеня распачнуць кампанію па вылучэньні яго кандыдатам і на новыя выбары.

Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з кіраўнікоў партыі Сяргей Скрабец. Ён сказаў, што да кампаніі далучыцца шэраг вядомых у Беларусі асобаў, такіх, як, напрыклад, Станіслаў Шушкевіч, Павал Севярынец ды іншыя.

БСДП (Народная грамада) вырашыла стварыць ініцыятыўную групу па вылучэньні свайго лідэра кандыдатам на прэзыдэнта, — кажа Сяргей Скрабец:

«Мы хочам зрабіць агульнанацыянальную кампанію. У рэгіёнах да яе падключацца ня толькі нашы партыйцы, але і людзі зь іншых партыяў. Але мы больш разьлічваем на асобаў. Пра сваю падтрымку гэтай ідэі ўжо заявілі Севярынец, Дашкевіч, Навасяд, Сіўчык, Шушкевіч, Саньнікаў...»

Ідэя вылучыць палітвязьня Статкевіча кандыдатам на прэзыдэнта ўпершыню прагучала яшчэ мінулай восеньню. Тады многія партыі і грамадзкія рухі давалі зразумець, што жадаюць да яе далучыцца. Аднак затым шмат хто — напрыклад, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду» ды іншыя — заявілі: паколькі Міколу Статкевіча з прычыны судзімасьці Цэнтарвыбаркам не зарэгіструе кандыдатам, то няма сэнсу і ладзіць фэйкавую выбарчую кампанію.

Сяргей Скрабец лічыць: кааліцыі ў падтрымку палітвязьня не атрымалася таму, што ідэя вылучэньня Статкевіча перашкодзіла б асабістым плянам некаторых іншых патэнцыйных кандыдатаў:

«Кожны хоча на гэтых выбарах вырашыць сваю задачу. Тыя ж Калякін, Лябедзька. Я ведаю, што тры жанчыны будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Але ніхто зь іх ня верыць ні ў сваю перамогу, ні ў перамогу адзінага кандыдата (нават калі б ён быў), ні ў нашу кампанію. У кагосьці гэта апошні шанец удзельнічаць у выбарах, а ў кагосьці, наадварот, першы шанец заявіць пра сябе як палітыка. Таму так і атрымліваецца».

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд пацьвердзіў Свабодзе свой удзел у кампаніі Міколы Статкевіча. Экс-парлямэнтар разумее — улада, спасылаючыся на заканадаўства, не зарэгіструе палітвязьня кандыдатам на прэзыдэнта:

«Але мы разглядаем гэтую кампанію ў падтрымку Мікалая больш як мэдыйную. Каб ён мог хутчэй выйсьці з-за кратаў і мог жыць паўнавартасным грамадзянінам на сваёй зямлі. Болей, на жаль, цяпер зрабіць нельга. Ён асуджаны, ёсьць крымінальны артыкул, кандыдатам зарэгістраваны ня будзе.

Гэта падтрымка Мікалая падчас гэтай выбарчай кампаніі. І яна будзе больш мэдыйная. Вось у гэтым мы будзем удзельнічаць. А юрыдычна што тут можна зрабіць? Нічога».

Тым часам БСДП (Народная Грамада) ужо распрацавала 17 тэзісаў партыйнай праграмы па вылучэньні свайго лідэра кандыдатам на прэзыдэнта. Прапануецца абмежаваць знаходжаньне на пасадзе прэзыдэнта Беларусі двума тэрмінамі, узаконіць абраньне губэрнатараў і мэраў насельніцтвам, правесьці незалежнае расьсьледаваньне дзейнасьці Лукашэнкі і яго сяброў на прадмет карупцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG