Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія палітолягі — Эўразьвязу: Не прымайце Беларусь такой, якая яна ёсьць


Калі Эўразьвяз пойдзе на саступкі Беларусі без рэформаў зь яе боку, дык толькі падтрымае недэмакратычны рэжым Лукашэнкі, не атрымаўшы нічога наўзамен, пішуць аналітыкі базаванага ў Варшаве Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Войцех Кананчук і Рафал Садоўскі.

Прапануем вашай увазе іх артыкул «Чытаючы Лукашэнкаву Беларусь без ілюзій» на сайце фундацыі Carnegie Europe.

«Агрэсія Расеі ў адносінах да Ўкраіны паставіла беларускае кіраўніцтва ў цяжкае становішча і падштурхнула спробы Менску палепшыць адносіны з Захадам.

ЭЗ нядаўна пачаў дыскусіі аб тым, як рэагаваць на беларускую прапанову. Аднак гэтае абмеркаваньне павінна быць рэалістычным: рэжым беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ня ў стане зрабіць нічога з крокаў да палітычнай лібэралізацыі і эканамічных рэформаў, ў якіх ягоная краіна мае патрэбу больш, чым калі-небудзь. ЭЗ можа дапамагчы аблегчыць сур’ёзныя праблемы беларускага рэжыму — але вызначаць пытаньні на парадку дня павінен Брусэль, а ня Менск.

Вызначаць пытаньні на парадку дня павінен Брусэль, а ня Менск.

Наведваньне Беларусі нават пасьля адносна кароткага перапынку дае некаторыя дзіўныя ўражаньні. Сёньняшні наведнік Менску можа ўбачыць грамадзкую кампанію прасоўваньня беларускай мовы на вулічных рэклямных шчытах, кнігі раней забароненых апазыцыйных пісьменьнікаў у вітрыне кнігарні побач з штаб-кватэрай Камітэту дзяржаўнай бясьпекі і рэканструкцыю шэрагу гістарычных будынкаў у цэнтры гораду.

Усё гэта — заўважныя прыкметы зьмяненьняў у афіцыйнай палітыцы ў падтрымку ідэнтычнасьці і памяці. Улады відавочна хочуць прадэманстраваць незалежнасьць беларускай дзяржавы. Кантэкст гэтага яшчэ даволі абмежаванага зруху — агрэсіўная палітыка Расіі, якая моцна ўплывае на адчуваньне бясьпекі беларускага рэжыму.

Мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай, накіраваныя на спыненьне канфлікту ва ўсходняй Украіне былі двойчы праведзены ў Менску. Гэта прыцягнула трохі больш увагі міжнароднай грамадзкасьці да Беларусі, чые адносіны з Захадам замарожаныя. Беларускае кіраўніцтва спрабуе выкарыстоўваць ролю гаспадара перамоваў, як магчымасьць вырвацца зь міжнароднай ізаляцыі і размарозіць стасункі з Захадам.

Хоць геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне рэзка зьмянілася, беларускі рэжым застаўся цалкам нязьменны.

Хоць геапалітычная сытуацыя ў рэгіёне рэзка зьмянілася, беларускі рэжым застаўся цалкам нязьменны. Пяць гадоў таму Лукашэнка прынамсі імітаваў жаданьне рэформаў. Цяпер ён думае, што зьмены міжнароднага кантэксту дастаткова для адкрыцьця новай старонкі ў адносінах яго краіны з Захадам. Паведамленьне Беларусі для Эўразьвязу варта чытаць наступным чынам: «Не турбаваць нас заклікамі да дэмакратызацыі і рынкавай трансфармацыі, але прыняць нас такімі, як мы ёсьць.»

Ня толькі няма ніякіх прыкмет лібэралізацыі ўнутранай палітыкі ў Беларусі, а наадварот, рэжым надалей скарачае (ужо вельмі вузкую) прастору свабоды. Вось два прыклады: У сьнежні 2014 году урад прыняў папраўкі да закону аб СМІ, якія ўдараць па інтэрнэт-рэсурсах апазыцыі. А ў сярэдзіне красавіка 2015 году, суд вынес далейшыя пакараньні Міколу Статкевічу, былому кандыдату на прэзыдэнта, зьняволенаму пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Такія дадатковыя абмежаваньні ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і праціўнікаў рэжыму зьяўляюцца часткай падрыхтоўкі ўраду да прэзыдэнцкіх выбараў у гэтым годзе, які маюць адбыцца да 20 лістапада. Парадаксальна, што антыдэмакратычныя намаганьні рэжыму суправаджаюцца беспрэцэдэнтнай слабасьцю сярод моцна падзеленай беларускай апазыцыі і дрэнна арганізаванымі палітычнымі мерапрыемствамі сярод шырокай грамадзкасьці.

Адказ Расеі на антыўрадавыя мітынгі эўрамайдану ва Украіне робіць маштабныя акцыі пратэсту ў Менску неўяўляльнымі. Такім чынам рэжым Лукашэнкі застаецца без адказу.

Беларускае кіраўніцтва спрабуе выкарыстаць крызіс у Украіне для дасягненьня сваіх уласных палітычных мэтаў. Беларусь імкнецца атрымаць канкрэтныя саступкі з боку ЭЗ і спыніць сваю міжнародную ізаляцыю. Менск таксама спадзяецца на эканамічную падтрымку і на доступ да вонкавых крыніц фінансаваньня, у якіх Беларусь мае патрэбу з-за сур’ёзнага эканамічнага крызісу.

Зьніжэньне ВУП у год выбараў гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя за два дзесяцігодзьдзі доўгага кіраваньня Лукашэнкі.

Міжнародны валютны фонд (МВФ) прагназуе, што ВУП Беларусі скароціцца на 2,3 працэнта ў 2015 годзе. Зьніжэньне ВУП у год выбараў гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя за два дзесяцігодзьдзі доўгага кіраваньня Лукашэнкі.

Улічваючы высокую палітычную, эканамічную і ваенную залежнасьць Беларусі ад Расіі, спроба Менску (прынамсі, часткова) нармалізаваць свае адносіны з Захадам таксама зьяўляецца часткай стратэгіі краіны, каб збалянсаваць сваю вельмі арыентаваную на Расею зьнешнюю палітыку. Эўразьвяз мог бы тут адыграць ключавую ролю. Аднак Лукашэнка спрабуе выкарыстаць ЭЗ толькі як інструмэнт, разьлічваючы на яго наіўнасьць.

Лукашэнка спрабуе выкарыстаць ЭЗ толькі як інструмэнт, разьлічваючы на яго наіўнасьць.

Менск хоча ад Захаду чатыры рэчы: зьняцьце санкцый ЭЗ і ЗША, грошы, інвэстыцыі і тэхналёгіі. Але ў той жа час няма ніякіх канкрэтных прапановаў, што Лукашэнкава Беларусь можа даць Эўразьвязу ў адказ. Менск не зацікаўлены ні ў эканамічнай інтэграцыі, ні ў большай частцы парадку дня Усходняга партнэрства ЭЗ.

Беларусь не зацікаўленая ў лібэралізацыі візавага рэжыму.

Акрамя таго, ЭЗ яшчэ трэба зразумець, што Беларусь таксама не зацікаўленая ў лібэралізацыі візавага рэжыму. Цьвёрдае «не» ад Менску на прапанову аб рэжыме мясцовага прыгранічнага руху з Літвой і Польшчай — схемы, што дазваляе жыхарам памежных раёнаў перасекчы мяжу без візы — зьяўляецца найлепшым прыкладам гэтага нэгатыўнага падыходу. Ад дэмантажу візавых абмежаваньняў выйграе беларускае грамадзтва і, як наступства, гэта надалей падарве бясьпеку рэжыму.

Ключавой задачай цяперашняга рэжыму ў Менску зьяўляецца захаваньне сваёй ўлады любой цаной.

Пры разглядзе адказу на беларускую прапанову Эўразьвяз павінен мець на ўвазе, што ключавой задачай цяперашняга рэжыму ў Менску зьяўляецца захаваньне сваёй ўлады любой цаной. Лукашэнка ніколі ня зможа ініцыяваць беларускі варыянт перабудовы, як зрабіў былы савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў. Беларускі прэзыдэнт ніколі ня будзе рэфарматарам, але застаецца абаронцам статус-кво. Яго нібыта роля ў стварэньні беларускай дзяржавы таксама павінна быць ацэненая ў будучыні.

Лукашэнка не стварыў моцных дзяржаўных інстытутаў, якія гарантавалі б незалежнасьць Беларусі.

Досьвед дваццаці аднаго году Лукашэнкі ва ўладзе бясспрэчна паказвае, што ён не стварыў моцных дзяржаўных інстытутаў, якія гарантавалі б незалежнасьць Беларусі. Наадварот, беларуская дзяржава крохкая і небясьпечна залежыць ад усходняга суседа, у той час як яе эканоміка па-ранейшаму мае патрэбу ў мадэрнізацыі. Іншая сур’ёзная праблема для будучыні Беларусі — пераемнасьць, пасьля таго як надзвычай пэрсаніфікаваная мадэль Лукашэнкавай улады скончыцца.

У дыскусіях пра тое, як жыць з Лукашэнкавай Беларусьсю, члены ЭЗ занадта часта пачынаюць біць сябе ў грудзі. Эўрапейская палітыка ў адносінах да Беларусі сапраўды не дасягнула сваіх амбітных мэтаў. Але чаму Эўразьвяз павінен вінаваціць толькі сябе? У спробах знайсьці вінаватага кожны павінен памятаць якасьць партнэра ў Менску, зь якім ЭЗ мае справу.

ЭЗ можа (і павінен) быць важным гульцом у аказаньні дапамогі, каб вырашыць шматлікія праблемы Беларусі. У адрозьненьне ад Расеі, ЭЗ не ўяўляе небясьпекі для беларускай ідэнтычнасьці і ня мае скрытага парадку дня. Але ЭЗ павінен зрабіць гэта на сваіх умовах, а не на Лукашэнкавых.

Недэмакратычная Беларусь ня зможа даць таго, што чакае ЭЗ.

Абавязковая умова для эфэктыўнасьці Эўоазьвязу ў тым, каб заставацца пасьлядоўным. Калі ЭЗ адступіць у сваіх патрабаваньнях наконт павагі правоў чалавека і рынкавых рэформаў у Беларусі, гэта супярэчыла б усяму мэханізму палітыкі абумоўленасьці, якая зьяўляецца часткай падыходу ЭЗ да ўсіх сваіх суседзяў. Недэмакратычная Беларусь ня зможа даць таго, што чакае ЭЗ, а менавіта палітычнай стабільнасьці на аснове адкрытай і плюралістычнай палітычнай сыстэмы і пашыраных магчымасьцяў для эканамічнага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва, заснаванага на правілах свабоднага рынку.

Калі ЭЗ пойдзе на саступкі Беларусі бяз гэтых рэформаў, дык толькі падтрымае недэмакратычны рэжым Лукашэнкі, не атрымаўшы нічога наўзамен. Не прымайце Беларусь такой, якая яна ёсьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG