Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея, сьледам за Беларусьсю, можа ўвесьці падатак на дармаедаў


Расейскае міністэрства працы прапануе спаганяць так званы «падатак на дармаедзтва» з усіх грамадзян, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, за выключэньнем афіцыйна працаўладкаваных, зарэгістраваных беспрацоўных, студэнтаў, пэнсіянэраў і іншых ільготных катэгорый.

Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка ведамства Міхаіл Іванкоў. Паводле яго, такі плацёж мае перашкаджаць нелегальнай занятасьці.

Акрамя гэтай меры Іванкоў прапанаваў правяраць фактычныя даходы грамадзян пры аплаце імі пэўных відаў паслуг і супастаўляць іх з памерамі ўнёску ў Пэнсійны фонд Расеі.

Міністэрства заключыла дамовы з большасьцю рэгіянальных адміністрацый, па ўзгадненьні зь якімі ўжо да канца году плянуецца легалізаваць больш за 4 мільёны работнікаў. Па зьвестках ведамства, ценявы сэктар рынку працы Расеі можа дасягаць 15 мільёнаў чалавек.

«Падатак на дармаедзтва» ўжо ўведзены ў Беларусі, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка сёлета падпісаў адпаведны дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».

Паводле ацэнак беларускіх экспэртаў, пад дзеяньне гэтага дэкрэту могуць патрапіць да паўмільёна грамадзян Беларусі, пры гэтым ўласна ценявы рынак працы краіны вымяраецца лічбай прыкладна 200 тысяч чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG