Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД падасьць заяўкі ў Кнігу рэкордаў Гінэса і ў Мін’юст


Аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» плянуе падаць заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса ў катэгорыі «Самая вялікая колькасьць адмоваў у рэгістрацыі партыі».

І гэта ня жарт, падкрэсьліў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі ў размове з Радыё Свабода.

«Мы сапраўды маем такія пляны, таму што пры тым маразьме, які адбываецца ў гэтай краіне, мы разумеем, што адмовы ў рэгістрацыі з надуманых прычын будуць бясконцыя, у якой бы форме мы ні падавалі заяўкі — як палітычная партыя ці як грамадзкае аб’яднаньне. Зрэшты, некалі Аляксандар Лукашэнка таксама выказваўся, што хрысьціянскія дэмакраты ня будуць зарэгістраваныя. (У 2011 годзе ў інтэрвію Washington Post Лукашэнка заявіў, што хрысьціянскія дэмакраты, імаверна, ніколі ня будуць зарэгістраваныя», бо яны «бандыты» і «ўдзельнічалі ў беспарадках». — РС). Таму сапраўды заяўка ў Кнігу рэкордаў Гінэса будзе пададзена, яна будзе рэальная абсалютна. І робіцца гэта дзеля таго, каб яшчэ раз паказаць усяму сьвету той маразм, які творыцца ў гэтай краіне«, — заявіў палітык.

Рымашэўскі таксама назваў «клаўнадай» тое, што партыі БХД раз за разам адмаўляюцца выдзеліць памяшканьне для ўстаноўчага зьезду, правядзеньне якога заплянаванае на 13 чэрвеня.

«Яны наўпрост ня могуць адмовіць у памяшканьні, але кожны раз выдумляюць прычыны: напрыклад, ДК МТЗ ня можа даць памяшканьне ў сувязі з магчымым правядзеньнем падрыхтоўкі да плянаванага рамонту. У прынцыпе, гэта сутнасьць беларускай сыстэмы. І для таго, каб яе яшчэ раз высьмеяць перад усім сьветам, мы падаем заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса», — кажа ён.

Што тычыцца зьезду, то, паводле слоў Рымашэўскага, ён будзе праведзены ў любым выпадку. Тым больш хрысьціянскія дэмакраты спадзяюцца, што памяшканьне ўсё ж такі атрымаць удасца: з ранейшага досьведу вядома, што звычайна ўлады давалі памяшканьне за некалькі дзён да зьезду, каб максымальна ўскладніць яго арганізацыю.

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Пасьля зьезду, адзначыў Рымашэўскі, зноў будзе падавацца заяўка ў Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю партыі:

«Безумоўна, мы будзем падаваць заяўку на рэгістрацыю і адначасова заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінэса па колькасьці адмоў у рэгістрацыі палітычнай партыі».

На дадзены момант БХД ужо атрымала чатыры адмовы ў рэгістрацыі партыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG