Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскага расейца на радзіме лічаць бандэраўцам


Сяргей Мурзін
Сяргей Мурзін
  • «Крызіс адчуваецца паўсюль. Я заходзіў у Маскве ў гандлёвыя цэнтры — яны пустыя. Хадзіў па базарах ва Ўдмуртыі — таксама яны пустыя».
  • «Пакуль беларусы нібыта ў кустах сядзяць. Але гэта ня факт, што яны ў кустах сядзяць на баку Расеі».
  • «Расейцы пакуль не раскусілі, з кім беларусы», — пераканаўся магілёўскі расеец Сяргей Мурзін пасьля наведваньня сваёй радзімы.

«У расейцаў яшчэ наперадзе асэнсаваньне таго, да чаго прывяло іх умяшаньне ва ўкраінскія падзеі. Пакуль жа яны жывуць думкай, што неяк выблытаюцца з той сытуацыі, у якую яны трапілі празь мілітарысцкую палітыку Пуціна». Гэтак лічыць беларускі расеец Сяргей Мурзін. Для сваіх родзічаў у Расеі ён стаў «бандэраўцам». Беларускі расеец апавёў Свабодзе, якой стала ягоная радзіма, прыросшы Крымам.

58-гадовы магілёвец, былы міліцыянт, а цяпер ахоўнік Сяргей Мурзін наведвае сваю гістарычную радзіму штогод. У расейскай глыбінцы, ва Ўдмуртыі, жыве амаль уся ягоная радзіна. Апошнія два гады, зазначае Сяргей, яму дужа цяжка даюцца адведзіны родных. Праз сваё стаўленьне да падзеяў ва Ўкраіне радня яго ўважае за бандэраўца. Спрэчкі са сваякамі ды сябрамі на тэму ўкраінскіх падзеяў паўплывалі на ягонае стаўленьне да сваіх суродзічаў-расейцаў.

«Нават у параўнаньні з украінцамі я стаў больш агрэсіўны да расейцаў, хоць я сам родам з Расеі. У мяне там маці, бацька, сёстры ды браты. Летась у сакавіку я там, бадай што, быў адзіны, хто рваў на сабе валасы, бачачы, што твораць расейцы ў Крыме. Відавочна быў захоп тэрыторыі пад выглядам народнага волевыяўленьня.

А там, у Расеі, расейцамі з тэлевізараў адразу ўсё перасоўвалася ў галаву без асаблівага асэнсаваньня. Я адразу стаў для іх «бандэраўцам». Пачулі, што я на баку Ўкраіны, і адразу стаў «бандэраўцам». Маці і тая сур’ёзна запытала: «А ці езьдзіў ты ваяваць на Данбас?»

Карэспандэнт: «А чаму маці гэтак запытала?»

Сяргей Мурзін
Сяргей Мурзін

Мурзін: «Відаць, з-за таго, што я ня ставіўся цярпліва да таго, што паказвалі там па тэлевізары. Я наагул ня мог яго глядзець. Сыходзіў з пакоя адразу. А пагатоў я яшчэ ў Кіеў езьдзіў летась. І яна па-свойму зьвязвала, што я быў у Кіеве, ва Ўкраіне, і мог там ваяваць. Выходзіла, што я паводзіў сябе ў іхных вачах як сапраўдны бандэравец».

Карэспандэнт: «А як яны наагул успрынялі навіну пра тое, што вы былі ў Кіеве? Ці распытвалі, што там адбывалася? Чаму людзі выйшлі на майдан?»

Мурзін: «Яны нічога не пыталіся. Адзінае, што сказалі: „На якое ліха ты туды папёрся?“ Калі такое пытаньне табе задаюць, то, відавочна, іх наагул не цікавіць, што там было і ёсьць».

Карэспандэнт: «Цяпер Расея пад санкцыямі. Ці іхнае жыцьцё пагоршылася, а мо палепшылася?»

Крызіс адчуваецца паўсюль. Я заходзіў у Маскве ў гандлёвыя цэнтры — яны пустыя. Хадзіў па базарах ва Ўдмуртыі — таксама яны пустыя. Адчуваньне пустаты, дзе раней таўкатня была.

Мурзін: «Крызіс адчуваецца паўсюль. Я заходзіў у Маскве ў гандлёвыя цэнтры — яны пустыя. Хадзіў па базарах ва Ўдмуртыі — таксама яны пустыя. Адчуваньне пустаты, дзе раней таўкатня была.

Мой брат на лесавозе робіць. Цяпер у яго няма працы, бо ў гаспадара няма грошай. Даходы мізэрныя. Выручка харчовай крамы, дзе загадчыцай жонка майго брата, упала зь пяці мільёнаў да трох. Амаль у два разы.

І тут навідавоку нагода зьвязаць дзьве рэчы: падзеі ў Данбасе і пагаршэньне жыцьця. Але ў адносінах да ўлады я ня ўбачыў агрэсіі. А вось у адносінах да мяне — то я агрэсію адчуваў, бо я адкрыта выказваў сваю нязгоду з палітыкай Пуціна. Расейцы стараюцца вінаваціць усіх, але толькі не сябе».

У іх няма ўсьведамленьня, што самі вінаватыя ўва ўсім. Гэта яшчэ, відаць, у іх наперадзе, таму цяпер ім дужа прыдаецца тэлевізар. Ён усё ім тлумачыць у выгадным для іх сьвятле.

Але я ня бачыў, што яны гатовыя ваяваць. Узяць хаця б тое, што цяпер у іх шмат уцекачоў з Украіны і расейцы дужа кепска да іх ставяцца. Кажуць, што праз уцекачоў у іх працу адбіраюць, даюць уцекачам грошы ды жыльлё, а іх, нібыта, гэтага ўсяго пазбаўляюць. Яны ня хочуць, каб у іх болела ўцекачоў, таму і няма жаданьня ваяваць.

Ведаеце, мяне леташні сакавік забіў, калі я стаў там «бандэраўцам». Я ім казаў: «Вам што, Чачні было мала? Ці адказваеце вы за свае дзеяньні?» А яны сваё: «Крым наш, Крым наш». Гэтым разам я ехаў туды з думкай — хутчэй адтуль зьехаць назад. Ехаў толькі, каб маці пабачыць. Летась я быў там тры тыдні, а сёлета ледзь два прабыў. Можна казаць, што я ўцёк адтуль«.

Карэспандэнт: «Расейцы працягваюць лічыць беларусаў сваімі сябрамі, братамі? Ці ўсё ж насьцярожана да нас ставяцца?»

Мурзін: «Яны яшчэ беларусаў не раскусілі. Яшчэ думаюць, што беларусы да іх бліжэй. Але тыя ад іх далей, чым ім думаецца. Хоць нейкая частка беларусаў лічыць сябе расейцамі. Ім дай сёньня магчымасьць далучыцца да Расеі, і яны тое зробяць. Іншая справа, што тут працэнт людзей, якія думаюць, большы, чым там. Там, мне падалося, людзі наагул адвучаныя думаць.

Нават пазыцыя Лукашэнкі, яго хітрыкі ў адносінах да Ўкраіны — гэта ўсё адно працуе на тых беларусаў, якія думаюць. Таму я лічу, што беларусы і расейцы — гэта ўжо не адно і тое ж. Пакуль беларусы нібыта ў кустах сядзяць. Але гэта ня факт, што яны ў кустах сядзяць на баку Расеі».

Карэспандэнт: «А хто для расейцаў цяпер свае, сябры? Ці яны засталіся адны і гэта прымаюць, ім гэта ў радасьць?»

Мне падалося, што там, у расейскай глыбінцы, стараюцца наагул ні пра што ня думаць такое, а пагатоў кагосьці за мяжой шукаць у сябры.

Мурзін: «Мне падалося, што там, у расейскай глыбінцы, стараюцца наагул ні пра што ня думаць такое, а пагатоў кагосьці за мяжой шукаць у сябры. У іх пераважае цяпер псыхалёгія замкнёнай прасторы — маўляў, да нас ня лезь, а тое, што нам узбрыдзе ў галаву, адзінае слушнае. А калі нехта прыйдзе чужы і скажа нешта — гэта ўсё няпраўда.

Той ранейшай Расеі ўжо ня будзе. Будзе іншая. Яна будзе альбо яшчэ больш ваяўнічая, узброеная ды азлобленая, альбо знойдзецца нейкая сіла для зьменаў. Цяпер у Расеі пэрыяд памутненьня розуму ў асноўнай масы насельніцтва. Яны пакуль звыкаюцца з тым становішчам, у якім апынуліся — маўляў, жылі лепш, цяпер горш, але неяк выблытаемся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG