Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца і час пахаваньня маці Лукашэнкі пакуль невядомыя


Пра гэта Радыё Свабода заявіла прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант, адказваючы на пытаньне, калі і дзе адбудзецца пахаваньне.

«Пакуль няма інфармацыі. Падрабязнасьці дадуць пазьней. Гэта глыбока асабістая справа, вы ж разумееце», — сказала яна.

Пра сьмерць маці Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўныя СМІ паведамілі сёньня раніцай, адзначыўшы, што ў сувязі з гэтым візыт кіраўніка дзяржавы ў Пакістан пераносіцца на два дні.

Кацярына Трафімаўна была чалавекам непублічным. На афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі, у разьдзеле «біяграфія прэзыдэнта», маці кіраўніка дзяржавы нават ня ўзгадваецца.

Валер Карбалевіч у кнізе «Аляксандар Лукашэнка. Палітычны партрэт» падае пра яе наступную інфармацыю:

«Кацярына Трафімаўна Лукашэнка нарадзілася ў 1924 годзе на адным з хутароў Шклоўшчыны ў шматдзетнай сям’і (шасьцёра дзяцей). Перад вайной у ходзе кампаніі па ліквідацыі хутароў за 12 кілямэтраў ад Шклова была створана вёска Александрыя. Дакладней, гэта былі дзьве вёскі (Александрыя 1 і Александрыя 2) на адлегласьці 300 мэтраў адна ад аднае. Туды, у Александрыю 2, і перасялілася сям’я. Галава роду Трафім Лукашэнка памёр у 1939 годзе.

Кацярына скончыла чатыры клясы Александрыйскай школы. У канцы вайны яна вырашыла зьехаць зь вёскі ад цяжкога калгаснага жыцьця, працавала пуцявым абходчыкам на чыгунцы, затым на будоўлі, на Аршанскім ільнозаводзе (стужачніцай)».

У кнігі Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай «Выпадковы прэзыдэнт» прыводзіцца біяграфія Кацярыны Трафімаўны Лукашэнкі, якую можна знайсьці ў мясцовым музэі:

«Лукашэнка Кацярына Трафімаўна нарадзілася ў 1924 г., вырасла ў шматдзетнай сям’і (6 дзяцей) бяз бацькі на хутары. Скончыла чатыры клясы Александрыйскай школы. Рана пачала працаваць. На чыгунцы працавала з 1944-га да 1949 г., затым працавала на будоўлі, на льнозаводзе ў горадзе Ворша. У 1957 годзе вярнулася ў Александрыю, дзе працавала да 1979-га даяркай. Пасьля сыходу на пэнсію працягвала працаваць да 1983 г. За працоўную дзейнасьць узнагароджана граматамі і дыплёмамі. Зьяўляецца вэтэранам працы».

Пасьля абраньня яе сына на пасаду прэзыдэнта жыла ў Менску — спачатку ў асабняку на праспэкце Пераможцаў, які лічыўся на балянсе Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, а з 2001 году ў рэзыдэнцыі «Дразды».

Пісьменьнік і публіцыст Міхаіл Шэлехаў у сваім нарысе 2004 году «Я зьмяню сьвет» цытуе суседку і сяброўку маці Лукашэнкі Ядвігу Ягораўну Рыбакову, якая казала, што Кацярына Трафімаўна Лукашэнка — вельмі праваслаўны чалавек: «Ікона ў іх была ў доме заўсёды — і не адна. І дзіцёнак пры абразах вырас. Бацюшка да яе з Копысі, з царквы сюды часта прыходзіў... Чытала яна царкоўныя кніжкі, чытала...».

Яшчэ адна суседка маці Лукашэнкі, Зінаіда Рыбакова, распавядала карэспандэнту TUT.by у 2013 годзе, што Кацярына Трафімаўна разышлася з мужам, «таму што не любіла п’янкі»: «Сына нарадзіла — ну што, гадаваць ён не хацеў дапамагаць, так яна яго адна і выгадавала».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG