Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Хайсах пад Віцебскам безыменных расстраляных вырашылі яшчэ раз закапаць


Парэшткі непахаваных людзей ляжаць у лесе дагэтуль
Парэшткі непахаваных людзей ляжаць у лесе дагэтуль

Аддзел Сьледчага камітэту па Віцебскім раёне даслаў адказ актывістам, якія знайшлі масавае пахаваньне ў лесе каля вёскі Хайсы.

Актывістаў уразіла, што ў лесе адкрыта ляжаць чалавечыя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі ў патыліцы. Мясцовыя старажылы распавялі, што ў гэтым лесе ў 1937-38 гадах расстрэльвалі ахвяраў сталінскага тэрору.

Аднак, у лісьце за подпісам Аляксея Ларкіна, начальніка Віцебскага раённага аддзела Сьледчага камітэту, гаворыцца, што экспэртыза здолела вызначыць толькі адно: што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. А прычыну і даўніну сьмерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі, якія пабылі на экспэртызе спачатку ў Віцебску, а потым у Менску, будуць проста перададзеныя службам ЖКГ для пахаваньня.

Косткі ў лесе
Косткі ў лесе

Месца пахаваньня не паведамляецца. І гэткае стаўленьне да праблемы падаецца актывістам проста абуральным. Як можна напісаць «прычыну сьмерці вызначыць нельга» і не заўважыць дзіркі ў чарапах? Як можна спакойна закопваць парэшткі людзей, якія сканалі нібыта зь невядомай прычыны, і ня высьветліць, ці не была гэтай прычынай, прыкладам, небясьпечная хвароба або нават эпідэмія? Урэшце рэшт, ці ня варта праверыць вэрсію, выказаную старшынём Мазалаўскага сельсавету Леанідам Дубінам, — пра тое, што тут могуць быць пахаваныя ахвяры фашысцкіх канцлягераў, калі ўжо так недаспадобы згадкі пра сталінскія расстрэлы, абураецца сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

Ён першым вырашыў распавесьці пра страшныя лясныя знаходкі праваахоўным органам і цяпер проста шакаваны атрыманым вынікам:

«Я атрымаў адказ са Сьледчага камітэту, дзе яны пішуць, што праверка завешаная, і быў вельмі абураны. Гэта ж якая непавага да людзей, якія там ляжаць, якія былі забітыя, прынялі пакутніцкую сьмерць! Пішуць, што парэшткам больш за 50 гадоў... Ды ім усе 80! І вызначыць гэта пры дапамозе сучасных тэхналёгіяў можна без праблем! Гэта робіцца, каб усё прыхаваць, каб не «ўскалыхваць грамадзкую думку», як кажуць улады, каб ня згадваць пра расстрэлы і ня згадваць пра камуністычныя ўлады, якія аддавалі загады зьнішчаць людзей, — каб тыя выглядалі «мяккімі і пухнатымі».

Адказ са Сьледчага камітэту пра тое, што парэшткі невядомых людзей будуць перапахаваныя зноў невядома дзе, прыйшоў на самы першы зварот актывістаў. Яго даслалі ў пракуратуру, міліцыю і Сьледчы камітэт у лістападзе 2014 году, як толькі знайшлі парэшткі.

Адказ са Сьледчага камітэту
Адказ са Сьледчага камітэту

Раённы Сьледчы камітэт хацеў адразу закрыць гэтую справу, але пасьля скаргі Яна Дзяржаўцава абласному начальству сьледчыя былі вымушаныя праводзіць дадатковую праверку. Частку парэшткаў забралі зь лесу і не хацелі паведамляць заяўнікам пра далейшы лёс знойдзеных чалавечых костак. Зноў-такі пасьля скаргі абласному кіраўніцтву актывістам створанай ініцыятывы «Хайсы» паабяцалі, што азнаёмяць з вынікамі экспэртызы. Але вынікаў як такіх Ян Дзяржаўцаў не ўбачыў — толькі некалькі радкоў у лісьце са Сьледчага камітэту. Актывіст хоча абскардзіць гэты адказ і не дапусьціць яшчэ аднаго зьдзеку над невядомымі ахвярамі.

Адказу ад сьледчых ён чакае і на свой другі зварот, складзены ў красавіку. Тады актывісты знайшлі яшчэ большую колькасьць чалавечых парэшткаў у лесе каля вёскі Хайсы. З раённага Сьледчага камітэту адказалі толькі, што распачалі новую праверку.

Апошні адказ са Сьледчага камітэту пра знойдзеныя парэшткі
Апошні адказ са Сьледчага камітэту пра знойдзеныя парэшткі

Парэшткі бачыў і старшыня сельсавету Леанід Дубіна. Ён заявіў, што зьвярнуўся ў ваенкамат, каб у Хайсы даслалі адмысловы батальён, што займаецца эксгумацыяй парэшткаў. Калі прыедуць вайскоўцы — невядома. Але нехта цікавіцца парэшткамі і цяпер: 24 траўня каля ямін з косткамі былі заўважаныя кінутыя кімсьці гумовыя пальчаткі. А таксама сьвежыя раскопы, якія, верагодна, зрабілі «чорныя капальнікі».

Нехта нешта рабіў тут у гумавых пальчатках
Нехта нешта рабіў тут у гумавых пальчатках

Пару тыдняў таму парэшткі бачыў і сьвятар бліжэйшай, лужасьнянскай царквы айцец Міхаіл. Убачыўшы косткі ў лесе, сьвятар прапанаваў правесьці тут хросны ход напрыканцы траўня. Аднак калі Ян Дзяржаўцаў патэлефанаваў сьвятару, той адмовіўся ад сваёй прапановы:

«Я спытаў, ці будзе хросны ход? Кажу: „Вы ж, айцец Міхаіл, бачылі парэшткі, нават адслужылі набажэнства па загінулых і паабяцалі правесьці тут хросны ход?“ Ён адказаў, што ня будзе тут ніякага хроснага ходу, пакуль не прыедзе пошукавы батальён і ня будзе высьветлена, што за людзі тут ляжаць. Я спытаўся, як гэта можна вызначыць: батальён знойдзе проста косткі. Яны ж не падпісаныя! Па іх ня вызначыш, ці быў чалавек праваслаўны, ці быў мусульманін... Тады сьвятар сказаў, што ён чалавек маленькі, што ў яго таксама ёсьць начальства, і яму трэба падпарадкоўвацца».

Ні Ян Дзяржаўцаў, ні ягоныя аднадумцы не сумняюцца: вызначыць час сьмерці невядомых асобаў пры сучасным разьвіцьці тэхналёгіяў і мэдыцыны цалкам магчыма, было б жаданьне. А яго, па ўсім відавочна, няма. Інакш як зразумець, што сьледчыя забралі на экспэртызу косткі, але пакінулі ў лесе фрагмэнты абутку, дзе на падэшвах засталіся праштампаваныя даты вырабу — не пазьней за 1937 год.

Фрагмэнты абутку з указаньнем даты вырабу сьледчых чамусьці не зацікавілі
Фрагмэнты абутку з указаньнем даты вырабу сьледчых чамусьці не зацікавілі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG