Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кнігі году паводле пісьменьнікаў: Гапеева, Рублеўская, Рудак, Бахарэвіч


Названыя ляўрэаты першага конкурсу «Кніга году», арганізаванага беларускім ПЭН-Цэнтрам. Ляўрэатаў абіралі самі пісьменьнікі.

Кніга году ў намінацыі «Проза»: Альгерд Бахарэвіч «Дзеці Аліндаркі»

Альгерд Бахарэвіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды вынікі прэміі «Кніга году» і сваю перамогу:

— Сёньня перад уручэньнем гэтай прэміі ў сядзібе беларускага ПЭН-цэнтру адбылася дыскусія пра тое, ці патрэбная такая прэмія, ці існуе ў Беларусі пісьменьніцкая супольнасьць і наколькі для аўтараў важна быць прызнаным пісьменьніцкай супольнасьцю. Натуральна, я магу сказаць, што мне вельмі прыемна яе атрымаць, таму што калі паверыць у тое, што гэтая прэмія «Кніга году» адлюстроўвае сярэдні зрэз пісьменьніцкага густу, уяўленьняў пісьменьнікаў пра літаратуру, то можна сказаць, што я прызнаны беларускай пісьменьніцкай супольнасьцю. То бок гэтая прэмія — адзнака прызнаньня калегаў. Але для любога аўтара важней быць прызнаным усё-ткі чытачамі, а не калегамі ці крытыкамі, літаратуразнаўцамі. То бок у гэтым сэнсе мне здаецца, што ўсё-ткі прэмія Ежы Гедройця, уручэньне якой адбудзецца ў наступны панядзелак, мае большую вагу, і літаратары больш чакаюць яе. Прэмія «Кніга году» — гэта хутчэй магчымасьць заняць сваё месца ў беларускай літаратурнай герархіі. Хоць я сам герархіяў не люблю, я лічу, што іх не павінна існаваць, але ў Беларусі яны ёсьць. Гэтая прэмія — чыста прэмія нейкага прэстыжу.

— У «Кнізе году» маглі браць удзел і аўтары, якія пішуць на іншых мовах, у тым ліку на расейскай, але перамаглі толькі беларускамоўныя...

— Я асабіста нічога супраць расейскамоўных беларускіх пісьменьнікаў ня маю. Мне здаецца, гэта вельмі добра, што яны ўдзельнічалі нароўні з намі ў гэтай прэміі. Але ня буду хаваць, я рады, што ўсе беларускамоўныя кнігі перамаглі. Напэўна, гэта кажа пра тое, што ўсё-ткі сярод беларускіх пісьменьнікаў беларускамоўныя маюць большую вагу і беларускамоўная літаратура ў нас мацнейшая за расейскамоўную, больш разьвітая, што мы не павінны лічыць сябе ў Беларусі нейкімі маргіналамі.

Фота: Юлія Цімафеева

Пераможца ў намінацыі «Паэзія» Антон Рудак сказаў карэспандэнту Свабоды, што такая ацэнка калегаў па цэху вельмі прыемная і ўсьцешная:

Антон Рудак

Антон Рудак

«Як вядома, гэтая прэмія вызначалася такім парадкам, што называлася ня толькі першае месца на прэмію, але другое і трэцяе.То бок па агульнай суме, можа, нехта ставіў маю кнігу і не на першае месца. Таму мне падаецца, што гэта было больш-менш шчыра, адэкватна і дае ўяўленьне пра тое, якія кнігі былі вартымі, якія кнігі запомніліся сёлета.

Я сябе занадта ня цешу нейкімі амбіцыямі, бо, вядома, гэта справа толькі аднаго году. Для мяне гэта вялікі стымул, каб працягваць далей пісаць, выдаваць, публікаваць і чытаць перад нашай шаноўнай публікай.

Такую прэмію наагул варта мець. Вельмі важна, каб была такая цэхавая наша пісьменьніцкая салідарнасьць і каб мы маглі пачуць голас адзін аднаго.

Я не рабіў бы акцэнту на мове кнігі. У мяне ёсьць рускамоўныя вершы, якія я палічыў нявартым уключаць менавіта ў гэтую кнігу. Магчыма, я калі-небудзь таксама апублікую свае рускамоўныя тэксты».

Кніга году ў намінацыі «Паэзія»: Антон Рудак «Верхні горад»

Кніга году ў намінацыі «Паэзія»: Антон Рудак «Верхні горад»

Кнігі году ў намінацыі «Дзіцячая літаратура»: Вольга Гапеева «Сумны суп» і Людміла Рублеўская «Авантуры студыёзуса Вырвіча».

Вольга Гапеева расказала карэспандэнту Свабоды, што сёньня ў пэн-цэнтры была вельмі цікавая і плённая размова:

Вольга Гапеева

Вольга Гапеева

«Мы абмяняліся думкамі і адносна гэтай прэміі, і адносна пісьменьніцкай супольнасьці як такой: ці ёсьць яна ў Беларусі, ці яе няма, ці патрэбная гэта прэмія, ці не. Гэта было выклікана жаданьнем палепшыць прэмію, калі будзе вырашана ў наступным годзе яе працягнуць. Дыскусія ладзілася да таго, як абвясьцілі пераможцаў.

Я, канечне, рада, што мая кніга апынулася сярод пераможцаў, хаця любая прэмія — гэта заўсёды суб’ектыўнасьць, гэта пытаньне густу.

Магчыма, у журы прынялі ўдзел людзі, якім падабаецца тое, што я раблю ў дзіцячай літаратуры. Можа, калі б удзельнічалі іншыя пісьменьнікі, выбар аказаўся іншы. Але ён аказаўся такім, і мне прыемна. Гэта прэмія гэтага году. Відаць, кніжкі, выдадзеныя на беларускай мове, аказаліся больш моцнымі».

Першы намесьнік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Павал Анціпаў, камэнтуючы вынікі прэміі «Кніга году», апавёў карэспандэнту Свабоды, што неўзабаве можна будзе пазнаёміцца з падрабязнасьцямі галасаваньня:

— Мы плянуем вывесіць такі рэйтынг з кніжак у наступным месяцы, бо мы ня хочам, каб гэта накладалася на прэмію Гедройца і каб гэта паўплывала на журы прэміі Гедройца. Таксама мы вывесім матэрыял дыскусіі, якая была на пэн-цэнтры сярод пісьменьнікаў, якія былі ў журы. Мы размаўлялі зь імі пра гэтую прэмію: што добра, што хацелася б зьмяніць.

— Цікава, які рэйтынг быў у кнігі Сьвятланы Алексіевіч?

— Сьвятлану Алексіевіч, канечне, згадвалі. Працэдура была такая, што кожны пісьменьнік прапануе свой рэйтынг з трох кніжак. Потым гэтыя рэйтынгі сумуюцца, і найлепшая кніга, якая набірае большую колькасьць балаў і стаіць у гэтых рэйтынгах вышэй за ўсіх, лічыцца «Кнігай году». Адпаведна ў намінацыі «Проза» Алексіевіч не набрала колькасьці галасоў, якая дазволіла б ёй прэтэндаваць на першае месца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG