Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт літоўскага журы Эўравізіі: Хопіць баяцца Расеі!


Паліна Гагарына

Паліна Гагарына

Прадстаўніцы Расеі Паліне Гагарынай, якая заняла ў конкурсе Эўравізіі другое месца, Літва не дала ніводнага пункту, бо занадта нізкімі баламі яе песьню ацаніла камісія экспэртаў. Літоўскае журы далі Расеі 20-е месца з 26-ці, тым часам як літоўскія гледачы — 3-е. У выніку ў літоўскім сьпісе Расея заняла адзінаццатае месца і не атрымала ніводнага пункту.

Двое членаў камісіі паставілі Расею на апошняе месца — прадзюсэр і музычны мэнэджэр Лаўрас Лучунас і аўтарка тэкстаў Юрга Чэкатаўскайце. На дзевятнаццатае месца паставіў расейскую выканаўцу сьпявак Юргіс Брузга, на трынаццатае — кіраўніца дзіцячага хору «Liepaitės» Ёліта Вайткявічэне, на дзясятае — сьпявачка Расіта Чывіліце.

Член камісіі Лаўрас Лучунас расказаў парталу 15min.lt, што менавіта паўплывала на такое ягонае рашэньне:

«Ненавіджу перабольшаныя эмоцыі, фальшывую тэатральнасьць, калі выканаўца абліваецца сьлязьмі то радасьці, то болю... Не разумею, нашто сьпяваць пра мір і дабро, выяўляць такія эмоцыі, калі рэальная сытуацыя зусім іншая?.. Для мяне такая штучнасьць непрымальная, гэта я й выявіў у галасаваньні. І мне не падабаецца такая сытуацыя, калі мы абавязаныя апраўдвацца, чаму мы некаму далі нізкае месца — хай яны самі тлумачаць, чаму не далі балаў Літве? Маё пажаданьне — раз і назаўсёды перастаць баяцца большых памерам краінаў, асабліва Расеі», — заявіў Л. Лучунас.

Паводле яго, ня трэба дагаджаць і апраўдвацца, чаму «адным далі болей, а іншым меней»: «Я шмат кантактую з расейскімі музыкантамі, мэнэджэрамі, арганізатарамі канцэртаў і думаю, што бальшыня зь іх падтрымала б маё меркаваньне».

Для параўнаньня: два зь пяці членаў расейскага журы Эўравізіі далі Літве 12-е месца, адзін — 14-е, яшчэ адзін — 20-е, і пяты — 24-е.

Паводле інфармацыі eurovision.tv, калі ўлічыць толькі галасаваньне нацыянальных экспэртных камісіяў, прадстаўніца Расеі заняла б 5-6-е месца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG