Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год Парашэнкі: барацьба з агрэсарам і прывідная эўраінтэграцыя


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка дасягнуў прагрэсу ў барацьбе з агрэсіяй Расеі. Але гэта толькі першы крок, і поўнае выкананьне Менскіх пагадненьняў, а таксама вяртаньне акупаваных тэрыторый Данбасу і анэксаванага Крыму застаюцца нявыкананымі першачарговымі задачамі для кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

Гэтак палітыкі і палітолягі ацэньваюць першы год Пятра Парашэнкі пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Экспэрты таксама адзначаюць, што прэзыдэнт як дасьведчаны дыплямат змог трохі наблізіць Украіну да Эўропы. Бязьвізавага рэжыму з ЭЗ няма, але ёсьць выразныя сыгналы, што ў пэрспэктыве яго ўвядзеньне рэальнае.

Пятро Парашэнка пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах прадэманстраваў свае арганізатарскія здольнасьці і талент дыплямата, лічыць дэпутат Аляксей Ганчарэнка.

Аляксей Ганчарэнка

Аляксей Ганчарэнка

«Я ў гэтым пытаньні суб’ектыўны, таму што я зьяўляюся намесьнікам старшыні фракцыі Блёк Пятра Парашэнкі. Прэзыдэнт даказаў, што ён можа абараніць дзяржаву як галоўнакамандуючы, можа гарантаваць асноўныя правы і свабоды людзей. Ва ўмовах парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі адказнасьць прэзыдэнта — гэта, у першую чаргу, бясьпека і зьнешняя палітыка. Я ня ведаю, хто сёньня зьяўляецца большым спэцыялістам па пытаньнях зьнешняй палітыкі і лепшым дыпляматам ва Ўкраіне, чым Пятро Парашэнка», — кажа Ганчарэнка.

У сфэры бясьпекі і міжнароднай палітыкі галоўным дасягненьнем прэзыдэнта Парашэнкі зьяўляецца яго мірны плян і Менскія пагадненьні. Але падпісаньне пагадненьняў — гэта толькі першы этап выкананьня задачы, якая стаіць перад кіраўніком дзяржавы, заўважае намесьнік старшыні фракцыі «Бацькаўшчына» Сяргей Собалеў.

Сяргей Собалеў

Сяргей Собалеў

«Сам факт падпісаньня Менскіх пагадненьняў — гэта велізарны посьпех. Але цяпер найважнейшае пытаньне — выкананьне гэтых пагадненьняў. Менскія пагадненьні загналі ў тупік Пуціна. Калі б Менскія пагадненьні выконваліся далей, апошнім пунктам павінна быць устанаўленьне мяжы паміж Украінай і Расіяй, якая кантралявалася б не баевікамі, а расейскімі і ўкраінскімі памежнікамі. Цяпер Менскія пагадненьні не выконваюцца ні бокам баевікоў, ні расейскімі войскамі», — заяўляе Собалеў.

У той самы час Менскія дамоўленасьці і актыўныя перамовы з амэрыканскімі і эўрапейскімі партнэрамі дазволілі націснуць на Расею і прымусілі яе зьнізіць сваю актыўнасьць на Данбасе, адзначае экспэрт па міжнароднай палітыцы Максім Разумны. Паводле яго, менавіта гэтыя фактары спынілі контранаступ сэпаратыстаў летась увосень і прадухілілі эскаляцыю агрэсіі з боку Расеі вясной.

Максім Разумны

Максім Разумны

«Пагроза незалежнасьці на большай частцы краіны ўсё ж была зьнятая. Ці можна было разьлічваць за гэты час цалкам вызваліць тэрыторыю і цалкам зьняць праблемы сэпаратызму і расейскай агрэсіі? Гэта ня вельмі рэалістычнае ўяўленьне», — лічыць экспэрт.

Значна меншага прагрэсу прэзыдэнту Парашэнку ўдалося дасягнуць на шляху эўраінтэграцыі, заўважае Разумны. На яго думку, працэс на працягу году не прасунуўся істотна далей за падпісаньне Пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ.

«Пагадненьне аб асацыяцыі — гэта тое, што эўрапейцы прыдумалі даць Украіне замест сяброўства, на якое Ўкраіна не магла і ня можа разьлічваць. Эўропа ня мае перад намі вялікіх абавязаньняў, але абяцае дапамагаць». — лічыць Разумны.

Акрамя таго, Украіна, хоць і не атрымала выразнай даты ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму з Эўразьвязам, што было сярод перадвыбарных абяцаньняў Пятра Парашэнкі, але на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе атрымала сыгналы, што рашэньне, такое або іншае, напрыканцы году ўсё ж будзе, нагадвае палітоляг Аляксей Галабуцкі.

Аляксей Галабуцкі

Аляксей Галабуцкі

«Нам хацелася б большага, але мы зыходзім з рэалій, што на дадзены момант дасягнуты магчымы максымум. Толькі самыя вялікія аптымісты, адарваныя ад рэальнасьці, маглі спадзявацца на тое, што Ўкраіне ўжо ў гэтым годзе скажуць, што яна мае пэрспэктывы ўступленьня ў НАТО або ЭЗ», — адзначае экспэрт.

Між тым Менскія дамоўленасьці застаюцца міжнародным палітычным інструмэнтам барацьбы з агрэсіяй Расеі, дадае Галабуцкі.

«Гэта найлепшае, на што мы маглі спадзявацца ў той сытуацыі, у якой мы тады знаходзіліся. Апошнія падзеі пацьвярджаюць, што ўсё было правільна. Санкцыі будуць працягнутыя, Амэрыка займае ўсё больш актыўную пазыцыю ў гэтых справах. Сытуацыя грае супраць Расеі», — кажа палітоляг.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG