Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямля зь віцебскіх Курапатаў стала сымбалічнай магілай рэпрэсаванага


Валянціна Дробышава

Валянціна Дробышава

Улады ня хочуць прызнаваць лес каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, дзе нядаўна знайшлі людзкія парэшткі, месцам сталінскіх расстрэлаў. Сваякі рэпрэсаваных самі ўшаноўваюць памяць сваіх забітых.

У жыхаркі прыгарада Віцебску Валянціны Дробышавай не засталося ніводнага фатаздымка бацькі. Усё зьнішчыла вайна, пакуль маці, старэйшыя сястра і брат і сама спадарыня Валянціна былі ў канцлягеры — за шмат кілямэтраў ад роднага пасёлку Лужасна, што ў Віцебскім раёне.

Усё, што памятае пра бацьку 87-гадовая спадарыня, малалетні вязень фашызму, — гэта апошні дзень, калі яго забіралі ў турму як «замежнага шпіёна».

Пасьведчаньне аб сьмерці бацькі

Пасьведчаньне аб сьмерці бацькі

«Я ўжо вучылася ў 2-й клясе і памятаю нават дзень — 7 сьнежня 1937 году. Было каля поўначы, калі да нас пастукаліся, зайшлі двое незнаёмых людзей і сказалі, што будуць у нас шукаць зброю. З мэблі ў нас амаль нічога не было — ложкі, стол, шафа... Дык яны адразу палезьлі ў шафу. Але нічога не знайшлі, ніякай зброі. Тады кажуць тату: «Зьбірайцеся, пойдзем. Паперы падпісаць трэба». Маці кажа: «Якія паперы? Вы яго забіраеце, значыць, ён больш сюды ня вернецца!»

Паведамленьне пра рэабілітацыю

Паведамленьне пра рэабілітацыю

Маці мела рацыю. Бацька пайшоў з хаты назаўжды. Спадарыня Валянціна памятае: потым маці даведалася, што бацьку пасадзілі ў віцебскую турму НКВД. Ягоная «віна» была хіба ў тым, што ён меў літоўскае прозьвішча Шпеліс, і ў тую самую ноч НКВДшнікі арыштавалі яшчэ некалькі мясцовых жыхароў з польскімі або літоўскімі прозьвішчамі. Усе яны трапілі пад хвалю «змаганьня з замежнымі шпіёнамі», сталі «ворагамі народу» па палітычных матывах. А для сям’і пачаліся бясконцыя зьдзекі, працягвае спадарыня Валянціна:

Адзінае фота маці спадарыні Валянціны, якая так і не дачакалася бацькавай рэабілітацыі

Адзінае фота маці спадарыні Валянціны, якая так і не дачакалася бацькавай рэабілітацыі

«Забралі ўсіх „замежнікаў“. А я памятаю, што бацька нават расьпісацца ня ўмеў — крыжык ставіў, прачытаць нічога ня мог! Які зь яго шпіён? Сястра была камсамолка — яе выключылі з камсамолу, брат быў піянэр — і яго выключылі зь піянэраў. Ад нас трымаліся далей, бо мы былі дзеці ворага народу, так лічылася.... Маці кудысьці хадзіла, пыталася пра бацьку, і ёй сказалі, што ён у турме. Мама пачала насіць туды перадачы. Прымалі сала ў турме і споднюю бялізну. І маці так перадачы насіла са сьнежня цягам паўгода. А бацька ў студзені ўжо быў расстраляны. Мне потым дакумэнты далі, калі расстралялі, у каторы дзень. Толькі сказалі, што не пакажуць месца, дзе ён расстраляны і пахаваны».

Чалавечыя парэшткі, што дагэтуль ляжаць у лесе пад Хайсамі

Чалавечыя парэшткі, што дагэтуль ляжаць у лесе пад Хайсамі

Спадарыня Валянціна мае пасьведчаньне, у якім прычынай сьмерці бацькі названы расстрэл. І мае пасьведчаньне пра ягоную рэабілітацыю. Цяпер у яе зьявілася мара, каб зрабіць хаця б сымбалічную магілу, куды можна было б прыйсьці і памянуць тату.

Чалавечыя парэшткі, што дагэтуль ляжаць у лесе пад Хайсамі

Чалавечыя парэшткі, што дагэтуль ляжаць у лесе пад Хайсамі

А потым лёс зьвёў сям’ю спадарыні Валянціны зь віцебскім сябрам КХП БНФ Янам Дзяржаўцавым. Спадар Ян займаецца дасьледаваньнем невядомага масавага пахаваньня каля вёскі Хайсы, што паблізу ад Лужасна. У тамтэйшым лесе грыбнікі знаходзяць чалавечыя парэшткі, сустракаецца і абутак з прамысловымі штампамі, выраблены ў 1936–37 гадах... Старажылы кажуць, што ў гэтым лесе перад вайной расстрэльвалі людзей. Іх прывозілі аднекуль на машынах, і па начах чуліся стрэлы. Сярод чалавечых парэшткаў дагэтуль знаходзяць чарапы з кулявымі адтулінамі.

Цяпер тут будзе сымбалічная магіла Антона Шпеліса

Цяпер тут будзе сымбалічная магіла Антона Шпеліса

Але звароты да ўладаў і ў Сьледчы камітэт пакуль не далі аніякага плёну: гэтае месца афіцыйна не прызнана пахаваньнем ахвяраў сталінскага тэрору. Тым ня менш Валянціна Антонаўна вырашыла: раз падобная сьмерць напаткала і ейнага бацьку, менавіта ў гэтым месцы варта ўзяць зямлі для сымбалічнага пахаваньня.

Пляменніца Ірына каля магіл сваякоў

Пляменніца Ірына каля магіл сваякоў

Ідэю ўзяліся ажыцьцявіць бліжэйшыя сваякі спадарыні Валянціны, якая ўжо ня мае здароўя далёка адыходзіць ад дому. У лес, дзе дагэтуль ляжаць непахаваныя чалавечыя парэшткі, паехала пляменьніца Ірына з сынам, нявесткай і малым унукам. Яны набралі зямлі з тых мясьцін, дзе знайшлі свой апошні спачын дзясяткі, а то і сотні бязьвінна забітых.

Завезьлі зямлю на могілкі і высыпалі побач з магілай маці Валянціны Дробышавай, якая страціла мужа ў гады сталінскага ліхалецьця. Для ўсёй сям’і гэта важна — каб было месца, дзе можна пакланіцца памяці блізкага сваяка, страчанага ў дзяцінстве бацькі, пасьля якога засталося адно толькі казённае пасьведчаньне аб сьмерці — з прочыркам у графе «месца пахаваньня».

XS
SM
MD
LG