Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія выбары: «прэзыдэнт за 300 мільярдаў»


Анджэй Дуда

Анджэй Дуда

У дэмакратычнай краіне выбары — заўсёды сьвята. Нават калі радуецца толькі палова выбаршчыкаў, а другая палова — смуткуе.

Дакладна так здарылася ва ўчорашніх прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы, якія выйграў Анджэй Дуда, кандыдат ад апазыцыйнай партыі Права і справядлівасьць. Паводле ўдакладненага экзыт-полу, Дуда набраў 52% галасоў, а ягоны супернік — дзейны прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі — 48%. Дакладныя падлікі могуць крыху мадыфікаваць гэтыя лічбы, але не настолькі, каб супернікі памяняліся месцамі.

Ніхто ў Польшчы не сумняваецца, што гэты вынік адлюстроўвае сапраўдны палітычны выбар польскага народу. І гэта першая прычына, каб сьвяткаваць.

Абодва супернікі добра ўсьведамляюць сабе, што, нягледзячы на жорсткасьць палітычнага змаганьня, прэзыдэнт усё ж выбіраецца як прадстаўнік усіх палякаў, і так менавіта трэба на гэта глядзець, адкінуўшы асабістыя амбіцыі ці асабістую крыўду.

«Я віншую спадара Анджэя Дуду з вынікам і жадаю яму пасьпяховага прэзыдэнцтва. Я жадаю яму пасьпяховага прэзыдэнцтва, бо жадаю дабра для Польшчы», — сказаў Браніслаў Камароўскі адразу пасьля таго, як СМІ агучылі вынік экзыт-полу зь ягоным пройгрышам.

«Я дзякую спадару прэзыдэнту Браніславу Камароўскаму за суперніцтва ў гэтай выбарчай кампаніі і за віншаваньні, якія ён мне выказаў», — сказаў Дуда на пачатку сваёй прамовы.

Гэта было нешта новае ў звычаях палітычнай эліты ў Польшчы. Раней пазыцыі прэзыдэнцкіх супернікаў былі настолькі непрымірымымі, што ў пасьлявыбарчы вечар не было месца на такія віншаваньні і рэфлексіі. Гэта другая прычына, каб палякі сьвяткавалі. Палітычная рыторыка прэзыдэнцкай кампаніі нарэшце эўрапеізавалася або, яшчэ лепш сказаць, амэрыканізавалася. Новаабраны прэзыдэнт абяцае, што пастараецца «загаіць» той палітычны падзел краіны, які выклікала палітычная кампанія, а папярэдні прэзыдэнт зычыць яму посьпеху на гэтым шляху...

Безумоўна, выбар Анджэя Дуды прэзыдэнтам — вялікая неспадзяванка. Паўгода таму палякі мала што чулі пра яго. Нават у сваёй партыі — Права і справядлівасьць — Дуда быў палітыкам «з другога шэрагу». І яшчэ ня болей чым два месяцы перад выбарамі апытаньні паказвалі, што Браніслава Камароўскага лёгка пераабяруць на другі тэрмін зь ня менш чым 60-адсоткавай падтрымкай.

Амаль усе польскія камэнтатары падкрэсьліваюць, што 42-гадовы Анджэй Дуда здолеў перахіліць шалі сымпатыі выбаршчыкаў у свой бок вельмі дынамічнай выбарчай кампаніяй. У гэтай кампаніі выбарчаму штабу Дуды ўдалося пасьпяхова «прапіярыць» 63-гадовага Камароўскага як старасьвецкага палітыка, які зьяўляецца запрудай на шляху да палітычных зьменаў. Калі штаб Камароўскага спахапіўся, што справы дрэнь і што трэба контратакаваць, было запозна. Камароўскі — у ацэнцы большасьці камэнтатараў — быў лепшы ў двух тэлевізійных дэбатах з Дудам, але гэтыя дэбаты не дапамаглі яму поўнасьцю нэўтралізаваць шкоды, прычыненыя нэгатыўным піярам суперніка.

Варта таксама, разважаючы аб нечаканай перамозе Дуды, мець на ўвазе ягоныя вельмі папулісцкія выбарчыя абяцаньні. Новаабраны прэзыдэнт Польшчы паабяцаў шэраг сацыяльных і эканамічных рэформаў, у прыватнасьці — зьніжэньне пэнсійнага ўзросту, дзяржаўную падтрымку атрымальнікам валютных гіпатэчных крэдытаў, даплаты сем’ям на выхаваньне дзяцей, бясплатныя дзіцячыя садкі. Эканамісты хутка падлічылі, што каб рэалізаваць гэтыя абяцаньні, спатрэбілася б сума 300 мільярдаў злотых (80 мільярдаў даляраў), то бок, грошы роўныя гадавым даходам бюджэту краіны...

Камароўскі абапёр сваю выбарчую кампанію на прапагандзе эканамічных посьпехаў краіны падчас ягонага прэзыдэнцтва і, шырэй, падчас сямігадовага пэрыяду кіраваньня Грамадзянскай плятформы. Калі глянуць на голую статыстыку, было чым хваліцца — за гэты пэрыяд валавы ўнутраны прадукт на душу аднаго паляка ўзрос на 40%, а беспрацоўе панізілася з 15% да 10%. Але ў грамадзкім адчуваньні гэтыя макраэканамічныя посьпехі не далі выразнага паляпшэньня жыцьця. У малых гарадах і на вёсцы моладзь мае вялікія праблемы, каб знайсьці працу, і найчасьцей выбірае эміграцыю. Варта тут адзначыць, што за Дуду прагаласавалі 60% выбаршчыкаў ва ўзросьце да 30 гадоў.

На выбар Анджэя Дуды можна таксама паглядзець як на вельмі яскравы пачатак радыкальнай зьмены цяперашніх палітычных элітаў у Польшчы. Браніслаў Камароўскі, Дональд Туск, браты Качынскія — гэта людзі мінулай эпохі, змагары з камуністычным рэжымам і будаўнікі новай Польшчы. Дуда, народжаны ў 1972 годзе, не пасьпеў пазмагацца з камуністамі. Ён будаваў сваю палітычную пазыцыю ўжо ў абставінах дэмакратычнай Польшчы — значыць, не на заслугах змагара-вэтэрана, а фактычна з нуля, сваёй цягавітасьцю і нуднай партыйнай працай. Магчыма, якраз такія палітыкі патрэбныя Польшчы на сёньняшні дзень.

Дарэчы будзе заўважыць на заканчэньне, што Анджэй Дуда — першы прэзыдэнт у Эўразьвязе, народжаны ў 1970-х. Магчыма, што ён першы такі і ў цэлай Эўропе, але я тут ужо дакладна не правяраў.

XS
SM
MD
LG