Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія казіно працуюць паводле сыстэмы all-inclusive — грошы, дзяўчаткі, алькаголь


Колькасьць гульнявых установаў у Беларусі пастаянна павялічваецца пасьля таго, як у суседняй Расеі ў 2009 годзе была накладзена забарона на працу казіно па-за спэцыяльнымі зонамі.

Рэпартаж Анастасіі Нянашавай («Настоящее время»).

Беларускія казіно неафіцыйна называюць забаўляльнымі комплексамі, якія працуюць паводле сыстэмы all-inclusive — грошы, дзяўчаткі, алькаголь.

Аляксандра каля года працавала ў адным зь менскіх казіно касірам:

«У казіно вельмі шмат дзяўчат, якія шукаюць сабе багатага татачку. І нават у клюбе, які побач, там у асноўным толькі маладзенькія дзяўчаткі і вялікія туркі», — распавядае яна.

Вялікай папулярнасьцю карыстаюцца спэцыяльныя гейм-туры, арганізаваныя для замежнікаў:

«Шмат расейцаў, вельмі шмат туркаў, шмат студэнтаў з Туркменістану, нават індусы прыяжджаюць. Беларусы ёсьць, але іх ня так шмат», — кажа Аляксандра.

Колькасьць гульнявых установаў у Беларусі пастаянна павялічваецца пасьля таго, як у суседняй Расеі ў 2009 годзе была накладзена забарона на працу казіно па-за спэцыяльнымі зонамі.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што казіно нэгатыўна ўплывае на статус і рэпутацыю Беларусі:

«Калі казіно плаціць падаткі ў бюджэт, калі чыноўнікі там прыладжаны, то ў іх схільнасьць да сапраўдных рэформаў для стварэньня вытворчага бізнэсу, прадпрымальніцтва паралізаваная або адсутнічае», — кажа ён.

Менск сёньня куды больш прывабны для расейцаў, чым, напрыклад, Монтэ-Карла, распавядае Аляксандар, які гуляе ў казіно больш за 10 гадоў. Свой твар просіць не паказваць:

«Нашмат прыемней прыляцець у Менск. Гадзінны пералёт — і яны ў недарагім прыгожым горадзе, дзе шмат казіно і прыгожых дзяўчат. Усё прыгожа, усё прыемна, казіно шыкоўныя».

Нягледзячы на неадназначнае стаўленьне беларусаў да казіно, яны забясьпечваюць пастаянны прыток замежных турыстаў, усё большыя даходы ў бюджэт і працоўныя месцы падчас эканамічнага крызісу.

XS
SM
MD
LG