Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Шагал – наш


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

У мяне ёсьць прыяцель – аўтамэханік Сярога. Дзеліцца навіной, маўляў, зазірні ў абноўленую пасьля рамонту «Чабурэчную»: «Тую самую, ну ты ведаеш, у тым доме, дзе абвясьцілі Беларускую Народную Рэспубліку». А пасьля са скрухай дадае: «Як мне не хапае ведаў пра Беларусь, пра беларушчыну, дзе б пачытаць, каб усё разам, сьцісла?».

Сын Дамінік – другаклясьнік, прыносіць са школы веду пра паходжаньне назвы Беларусь. Гляджу, амаль як у маім другім клясе ў 1982 годзе: Белая – значыць вольная, якая «ня трапіла пад татара-мангольскае іга». А з Русьсю ўжо нюансы. Аніякіх згадак пра «адзіную старажытнарускую Кіеўскую дзяржаву». Наша Русь – Полацкае княства.

«Севярын, ты не навукова падыходзіш да пытаньня гісторыі, а яшчэ на гістфаку вучыўся!» – папікаюць мяне ў дыскусіі пра падачу гісторыі. – У Сярэднявеччы не было паняткаў нацыянальнасьці, этнічных межаў, нельга сучасныя ўяўленьні ўжываць да тых часоў». Гэта да пытаньня гісторыі беларускай дзяржаўнасьці.

Я парырую – дайце адзін абзац для малодшых школьнікаў. Адзін кароткі абзац. Дыскусія завісае.

Вось школа дала сваю вэрсію. А цяпер уявіце, што малых пачалі б грузіць рознымі «Русямі», варыянтамі ўзьнікненьня слова, і ягонымі трансфармацыямі ў прасторы і часе – каша ў галаве малога.

Што прапанаваць прыяцелю Сярогу я таксама ня ведаю. Не дзіцячую, дарослую, але простую вэрсію – для пачаткоўцаў. Зрэшты, пачаткоўцамі застаецца большасьць людзей. Да «гістарычнай ісьціны» дакопваюцца спэцыялісты, гэта іх работа.

У іншай дыскусіі – даўні беларускі плач пра тое, што «суседзі скралі нашу гісторыю».

Міхаіл Лысевіч:

– «У нас амаль усё (з нашай маўклівай згоды) скралі і "прысабечылі" – і годнасьць, і гісторыю, і славу, і імёны, і нацыянальную памяць».

Напрыклад, літоўцы сваю вэрсію ўласнай гісторыі пачалі складаць гадоў дзьвесьце таму. Ці далёка б яны заехалі ў сваім нацыянальным разьвіцьці, калі б адно шукалі гістарычную ісьціну, ды яшчэ чакалі, пакуль беларусы зьбяруцца заняцца сваёй нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй, каб параіцца – ці не пакрыўдзім мы вас?

А ў Беларусі я і цяпер рэгулярна сустракаю сумневы кшталту развагаў беларуса пра Ігнація Дамейку, нацыянальнага героя Чылі:

– «Пра Дамейку там ведаюць, а пра Беларусь ніхто й ня чуў. Можа, і ня варта «цягнуць» гэтага чалавека да сябе толькі дзеля пустой ганарлівасьці. Якое дачыненьне да яго маюць сучасныя беларусы? Амаль ніякага».

Па такой лёгіцы сучасныя беларусы маюць дачыненьне да сваёй гісторыі толькі праз сваіх родзічаў, дый тое толькі праз тых, каго ведалі ў жыцьці.

Выглядае, што такая сабе радавая плямённасьць сапраўды сядзіць у многіх галовах. Яскравы прыклад – спрэчкі вакол асобы Марка Шагала.

«Нарадзіўся ён у Расейскай Імпэрыі, зьехаў з РСФСР, памёр у Францыі, па нацыянальнасьці быў габрэй – якое вы, беларусы, маеце права называць яго сваім? Толькі таму, што цяпер Віцебск частка Рэспублікі Беларусь?» – тыповыя аргумэнты шагалаўскіх «беларусаскептыкаў».

Беларусы чэшуць рэпу, і няўпэўнена падтакваюць: ага, праўда, які ж Шагал беларускі.

Hleb Rubanau пра слова «беларускі»:

– «Гэта слова, якое абазначае этнiчную, а не грамадзянскую прыналежнасьць. Таму зьмены назвы краiны яго ня тычацца».

Вось так – этнічную. Сто вякоў гісторыі – міма. Што ж тады Рэч Паспалітая звалася краінай «Абодвух Народаў», а не дзесяці народаў, напрыклад? Не гаворачы пра сучаснасьць, дзе ўсе мы – беларусы як палітычная нацыя, а пасьля ўжо кожны, як лічыць патрэбным, вызнае сваё этнічнае паходжаньне.

Дамейка, Міцкевіч, іншыя польскамоўныя дзеячы зь лёгкасьцю аддаюцца палякам. Да габрэяў дык увогуле дыскрымінацыя – адразу «ня нашы», калі тварылі не ў БССР.

Адначасова вядуцца дыскусіі: ці прадстаўляюць беларускую культуру расейскамоўныя беларускія пісьменьнікі? То бок, польскамоўныя адразу – не, а наконт расейскамоўных – дыскусія. З кім штосьці ня так? Зь пісьменьнікамі, мовамі ці інтэрпрэтатарамі?

Шагал – наш, як наша ўсё, што было і ёсьць на нашай зямлі ў прасторы і часе. І добрае, і дрэннае, шматмоўнае, шматрэлігійнае, шматэтнічнае.

Проста трэба выкінуць з галавы погляд сябе чужымі вачыма. Тады панятак «наш», дакладней, «беларускі» станецца лёгкім і празрыстым.

Тады беларусацэнтрычныя людзі змогуць дапамагчы тым, хто толькі пачынае адкрываць для сябе беларускую нацыянальную ідэю.

І кніжкі па гісторыі будуць лёгкімі і празрыстымі для розных узростаў і ўзроўняў чытачоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG