Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы Беларусі і ЭЗ па спрашчэньні візавага рэжыму падыходзяць да завяршэньня


Засталося ўзгадніць толькі некаторыя тэхнічныя моманты па спрашчэньні візавых працэдураў.

Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага консульскага ўпраўленьня Міністэрства замежных спраў Беларусі Ігар Фісенка падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце БЕЛТА.

«Перамовы падыходзяць да завяршэньня, але застаўся шэраг тэхнічных момантаў, якія маюць патрэбу ва ўзгадненьні. Пакуль ніякіх часавых рамак я б не вызначаў. Праца працягваецца», — заявіў ён.

Фісенка растлумачыў, што спрашчэньне візавага рэжыму прадугледжвае «невялікае зьніжэньне візавага збору, упарадкаваньне колькасьці дакумэнтаў, неабходных для атрыманьня візы».

Таксама, паводле ягоных слоў, прадугледжана ўзаемная дамоўленасьць, што пэўная колькасьць візаў для ўдзельнікаў розных абменаў, гуманітарных кантактаў і гэтак далей будзе выдавацца бясплатна.

Ён адзначае, што зь лістапада 2014 году паміж Беларусьсю і ЭЗ адбыліся тры раўнды кансультацыяў па праектах пагадненьняў аб спрашчэньні візавых фармальнасьцяў і аб рэадмісіі. Бакі таксама правялі працу па ўзгадненьні дэклярацыі «Партнэрства дзеля мабільнасьці», накіраванай на ўмацаваньне ўзаемадзеяньня ў міграцыйнай сфэры.

XS
SM
MD
LG