Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анджэй Дуда, польскі прэзыдэнт, які ня хоча сустракацца з Пуціным


Анджэй Дуда

Анджэй Дуда

У другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы, паводле зьвестак экзыт-пола, перамог Анджэй Дуда. Ён набраў 53% галасоў.

Дзейны прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ўжо прызнаў перамогу свайго канкурэнта.

Перамога 43-гадовага Дуды — першы за амаль 10 гадоў вялікі выбарчы посьпех апазыцыйнай партыі «Права і справядлівасьць», блізкай да каталіцкага касьцёлу.

Анджэй Дуда — юрыст і палітык. Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту з 2014 году. У 1996 годзе скончыў факультэт права і адміністрацыі Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве. У студзені 2005 году атрымаў ступень доктара права. З 2006 па 2007 год быў намесьнікам дзяржсакратара ў Міністэрстве юстыцыі. Былы статс-сакратар у канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага (2008–2010), дэпутат Сэйму Польшчы (2011–2014).

У сусьветных СМІ Дуду называюць ультракаталіком, нацыяналістам і духоўным спадкаемцам Леха Качыньскага.

У студзені 2015 году Анджэй Дуда выказаўся за тое, каб Польшча аказала вайсковую падтрымку ўкраінскай арміі ў Данбасе. Падчас перадвыбарчай кампаніі Аджэй Дуда падкрэсьліваў, што аб’яднаная Эўропа павінна прыкласьці ўсе намаганьні, каб Расея пакінула захопленыя ўкраінскія тэрыторыі ўключна з Крымам.

Анджэй Дуда пра Расею

«Мне здаецца, што сёньняшняя Расея з дэмакратыяй ня мае нічога агульнага. Гэтаму сьведчаньне — штодзённыя парушэньні расейскай Канстытуцыі. Але гэта праблема дзеяньняў Расеі ня толькі ва ўнутранай сфэры, але і ў зьнешняй палітыцы. Гэта першая эўрапейская дзяржава, якая ўчыніла ваеннае ўмяшаньне ў справы іншай незалежнай эўрапейскай дзяржавы, адабраўшы частку яе тэрыторыі».

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Анджэй Дуда імкнуўся пазьбегнуць тэмы смаленскай катастрофы, але раней ня раз казаў, што гэта быў замах на эліту полькай палітыкі з боку Расеі.

Анджэй Дуда пра Пуціна

Тэлеканал tvn24 запытаў Анджэя Дуду, ці захоча той у выпадку перамогі на выбарах сустрэцца з расейскім прэзыдэнтам. «На дадзены момант вельмі неахвотна. Я ня быў бы зацікаўлены, пакуль сытуацыя ва Ўкраіне не стабілізуецца», — адказаў Дуда.

Анджэй Дуда пра расейска-ўкраінскі канфлікт

«Зь велізарным непакоем я ўспрымаю меркаваньне, што з Расеяй варта дамаўляцца любой цаной. Я падкрэсьліваю — няма такіх эканамічных інтарэсаў, якія б паслужылі прычынай таго, што мы, сумленныя людзі, прадамо Ўкраіну».

«Перамовы з РФ, якія тычацца Ўкраіны, у якіх удзельнічае ня ўвесь Эўразьвяз, а толькі Францыя і Нямеччына, нагадваюць мне не „нармандзкі“, а „ялцінскі“ фармат».

«Цяпер нельга пагаджацца з тым, каб Расея праглынула Ўкраіну па кавалачках. Мы нясем адказнасьць за інтэграцыю эўрапейскіх дзяржаў і цэласнасьць межаў. Спыненьне гэтага працэсу стане посьпехам Эўропы. Згода на гнілы кампраміс будзе яе паразай».

Анджэй Дуда і Беларусь

Новы прэзыдэнт Польшчы пакуль не рабіў гучных заяваў пра стаўленьне да Беларусі ці беларускага кіраўніцтва. Таму, прагназуючы ягоныя будучыя стасункі зь Беларусьсю, палітыкі і экспэрты спасылаюцца на папярэдніка Анджэя Дуды — Леха Качыньскага.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч прызнаўся Радыё Свабода, што Дуда — першы польскі прэзыдэнт, якога ён ня ведае асабіста. Разам з тым Станіслаў Шушкевіч перакананы — гэта сумленны і варты чалавек, які ведае палітычную сытуацыю ў Беларусі:

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

«Прыемна, што побач з намі дэмакратычная краіна, якая сапраўдным народным галасаваньнем выбірае прэзыдэнта. І няма ніякага падазрэньня, што нехта нешта сфальсыфікаваў. Я абсалютна не баюся, што пагоршацца адносіны паміж Польшчай і Беларусьсю. Я добра ведаў правага папярэдніка Анджэя Дуды — Леха Качыньскага, які загінуў пад Смаленскам. Я быў вельмі добра зь ім знаёмы. І я ведаю, што зьнешняя палітыка Польшчы адносна Беларусі ня зьменіцца. Лех Качынські вельмі добра ставіўся да Беларусі, выдатна разумеў сытуацыю з палітвязьнямі і агулам з палітычным становішчам у Беларусі. Я думаю, што Анджэй Дуда гэта пяройме і ўсьвядоміць. У мяне няма ніякага сумневу ў тым, што гэта сумленны і варты чалавек».

Дырэктар Лібэральнага клюбу, магістар эўрапейскай палітыкі Яўген Прэйгерман кажа, што на ўзроўні заяваў беларускія ўлады могуць чакаць крытыкі ад Анджэя Дуды, але гэта не паўплывае на дыпляматычны працэс — там будзе і далей назірацца прагрэс.

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«У польскай палітыцы вядучую ролю адыгрывае ўрад, які пакуль застаецца тым, які быў сфармаваны „Грамадзянскай плятформай“. Але ў сфэры зьнешняй палітыкі і абароны паўнамоцтвы прэзыдэнта досыць адчувальныя. Тым ня менш у сытуацыі, калі паўнамоцтвы падзеленыя паміж дзьвюма партыямі, іх вядучым палітыкам давядзецца балянсаваць. Адна справа — заявы падчас выбарчай кампаніі, другая — рэальная палітыка, якой трэба займацца ў прэзыдэнцкім крэсьле. Пазыцыя Дуды нашмат больш антырасейская, чым пазыцыя „Грамадзянскай плятформы“. Таму трэба чакаць, што на ўзроўні заяваў Анджэй Дуда і далей будзе яе агучваць. Тым больш што наперадзе парлямэнцкія выбары, падчас якіх ён будзе імкнуцца сфармаваць парлямэнт. Разам з тым у Польшчы абсалютная большасьць грамадзтва вельмі крытычна настроеная ў дачыненьні да Расеі, таму ў гэтым пляне прэзыдэнцтва Дуды не прынясе радыкальнай рэвалюцыі. Да таго ж Польшча ёсьць і застаецца часткай Эўразьвязу і НАТО, у межах якіх яна нейкую асобную антырасейскую палітыку весьці ня можа. А ў Эўразьвязе сёньня, хутчэй, шукаюць шляхі для таго, каб не працягваць эскаляцыю ў рэгіёне і выйсьці на канструктыўны перамоўны працэс. Таму ў Польшчы ня будзе магчымасьці пайсьці на нейкія радыкальныя захады супраць Расеі, нават калі такое жаданьне ў яе кіраўніка будзе».

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў кажа, што стаўленьне Польшчы да Беларусі будзе вызначацца не асобай прэзыдэнта, а пазыцыяй, якую Беларусь займае ў дачыненьні да расейска-ўкраінскага канфлікту:

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

«Ня трэба перабольшваць уплывовасьць прэзыдэнта ў Польшчы, бо там дэцэнтралізацыя ўлады нашмат большая, чым у Беларусі. Таму правыя ва ўладзе будуць кампэнсавацца ўплывам парлямэнту, мэдыяў, грамадзкай сьвядомасьцю. Таму цяперашняе рэчышча польскай зьнешняй палітыкі ня зьменіцца. І тут вельмі важна ўлічваць кантэкст украінскага крызісу ў адносінах паміж Расеяй і Захадам, які дыктуе пэўную лінію паводзінаў. І тут адносіны Польшчы да Беларусі будуць падначаленыя таму стаўленьню, якое Польшча заняла ў канфлікце. У якасьці пацьверджаньня можна прывесьці словы Дональда Туска, якія той сказаў падчас рыскага саміту. Сэнс іх у тым, што яго стаўленьне да Беларусі зьмянілася, дзякуючы той пазыцыі, якую Беларусь заняла адносна крызісу ва Ўкраіне. Таму ёсьць усе падставы гаварыць пра тое, што зьнешняя палітыка Польшчы будзе разьвівацца ў тым рэчышчы, якое разгортвалася падчас украінскага крызісу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG