Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы ўсё ведаюць пра сваіх вайскоўцаў у Данбасе, але маўчаць


Расейскія салдаты сфатаграфаваліся каля ўкраінскай вёскі

Расейскія салдаты сфатаграфаваліся каля ўкраінскай вёскі

Тысячы расейцаў ваююць на ўсходзе Ўкраіны, мільёны іх блізкіх ведаюць пра гэта, але аддаюць перавагу хаваньню праўды.

Пра тое, што на тэрыторыі Ўкраіны знаходзяцца расейскія вайскоўцы, вядома ня толькі з заяваў чыноўнікаў і прадстаўнікоў спэцслужбаў, але і дзякуючы дасьледчыкам-непрафэсіяналам, якія шукаюць інфармацыю ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках і нярэдка знаходзяць сьведчаньні ў блогах салдат, якія наўпрост ці ўскосна паведамляюць пра рухі сваіх частак.

Адзін з такіх дасьледчыкаў, украінскі блогер Антон Паўлушка, зрабіў свой унёсак і ў расьсьледаваньне гісторыі пра спэцназаўцаў ГРУ з Тальяці, якія трапілі ў палон у Луганскай вобласьці.

Антон Паўлушка распавёў Радыё Свабода пра тое, як працуе супольнасьць блогераў, якія па крупінках зьбіраюць сьведчаньні пра ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

— Гэта займальная справа, але няпростая. Адымае, відаць, нямала часу. Як вы зьбіраеце інфармацыю?

— Справа насамрэч адымае шмат часу. Часам даводзіцца гадзінамі праглядаць некаторыя профілі, месяцамі высочваць таго ці іншага салдата, сачыць за яго актыўнасьцю, сачыць за актыўнасьцю групы салдат, каб зразумець, дзе яны. Але ў прынцыпе яно таго варта. Бо афіцыйная пазыцыя расейцаў — нас там няма, але мы пераможам. Задача ўкраінскіх блогераў — даказаць, што расейцы тут ёсьць. Наша супольнасьць праглядае профілі расейскіх салдат, аналізуе відэа, якое выкладваюць і апалчэнцы, і ўкраінскія салдаты, аналізуе фатаграфіі, запісы на сьценах у «Укантакце», запісы ў камэнтарах, у «Аднаклясьніках». Гэта значыць, у прынцыпе ўсю інфармацыю, якая так ці інакш выкладваецца онлайн. Мы на добраахвотных асновах займаемся тым, чым па сутнасьці павінна была б займацца ўкраінская ўлада, — гэта значыць, даказваць, што расейцы тут ёсьць. Але ўкраінская ўлада займаецца гэтым неяк дзіўна, і мы вырашылі ўзяць справу ў свае рукі. Самая важная наша задача — гэта знаходзіць нумары частак, вызначаць тэхніку, на якой ваююць расейцы, вызначаць салдат, якія знаходзяцца ва Ўкраіне. Вельмі часта салдаты выкладваюць фатаграфіі і нейкую інфармацыю, зь якой адразу становіцца зразумела, што яны — кадравыя расейскія вайскоўцы і знаходзяцца ва Ўкраіне. Усё, больш нам нічога ня трэба. Усе гэтыя расейскія адгаворкі, што так, яны звольніліся з войска, узялі адпачынак ці яшчэ штосьці — гэта проста глупства. Мы бярэм кадравага расейскага вайскоўца, вывучаем яго гісторыю ў арміі, потым бачым яго на Данбасе і потым бачым яго зноў у расейскай арміі. Гэта значыць расейская армія там ёсьць.

20-гадовы салдат з Саранску Дзмітры Шараў пазіруе з таблічкай памежных войскаў Украіны, ўзятай у якасьці "трафея"

20-гадовы салдат з Саранску Дзмітры Шараў пазіруе з таблічкай памежных войскаў Украіны, ўзятай у якасьці "трафея"

Зараз усе абмяркоўваюць двух палонных расейскіх ГРУ-шнікаў. Для расейцаў гэта гісторыя нечаканая: як так, спэцназаўцы ГРУ раптам трапляюць у палон жывымі, пачынаюць нешта распавядаць? Але для ўкраінскай часткі блогасфэры гэта не навіна, таму што мы ўжо цэлы год сочым за палоннымі расейскімі салдатамі. У нас за год ужо набралася відэа з нумарамі частак некалькі дзясяткаў расейскіх ваеннапалонных. Першы расейскі салдат быў узяты ў палон яшчэ 15-16 ліпеня 2014 году. Гэта быў 19-гадовы Андрэй Балабанаў. Ад яго спрабавалі спачатку неяк адмовіцца, сказаць, што ён быццам бы зьбег з часткі, нейкія такія дурныя агаворкі.

Потым пра яго пачала пісаць яго родная омская прэса. Артыкул «Ратуйце радавога Балабанова» зьявіўся на сайце, правісеў некаторы час, потым яго прыбралі, потым ён зноў зьявіўся. Нейкія дзіцячыя гульні. Што зь ім потым здарылася — вярнуўся ён у Расею ці застаўся ва Ўкраіне — незразумела. Але першыя палонныя расейцы зьявіліся яшчэ ў сярэдзіне лета 2014 году. Потым зьяўляюцца наступныя палонныя — гэта Хахлоў і Гарафіеў, таксама дзіўная гісторыя. Потым была знакамітая гісторыя зь дзесяцьцю палоннымі пскоўскімі дэсантнікамі, там неяк на дыпляматычным узроўні паспрабавалі разруліць, і іх вярнулі.

Але чамусьці забываюць гісторыю двух палонных — Руслана Ахметава і Арсенія Ільмітава, якія таксама трапілі ў палон ля Ілавайску. Трапілі, прычым, так няўдала ў палон да тых вайскоўцаў, зь якімі быў украінскі журналіст. Ён запісаў зь імі відэа, яны на відэа далі паказаньні. Адразу ж украінскія карыстальнікі знайшлі профілі гэтых салдат — там, вядома ж, стаялі фатаграфіі зь іх ваеннай часткі. Клясычны салдацкі набор: вось я стаю з маім танкам, а вось я стаю ў маёй частцы, вось яшчэ штосьці. Потым яны спрабавалі выйсьці разам з украінскай калёнай з Ілавайскага катла, калёна была абстраляная. Далейшы іх лёс быў няясны. «Новая газета» напісала артыкул, што на Данбасе былі ўзятыя ў палон два расейскія салдаты; далейшы лёс невядомы, але, мабыць, яны забітыя.

І тут Lifenews робіць зь імі рэпартаж: вось, глядзіце, «Новая газета» хлусіць, таму што салдаты Ахметаў і Ільмітаў жывыя і да гэтага часу праходзяць ваенную службу ў гэтай частцы. Гэта значыць, атрымліваецца, два расейскія кантрактнікі служылі ў арміі, потым нейкім чынам трапляюць у палон ва Ўкраіне, потым празь некаторы час зноў працягваюць служыць у расейскай вайсковай частцы. Бачыце, нават стандартны набор адгаворак, як у выпадку з ГРУ-шнікамі, — ну так, яны служылі да сьнежня, потым звольніліся, цяпер яны там як добраахвотнікі, — тут не праходзіць, таму што людзі былі ў арміі, апынуліся ва ўкраінскім палоне і потым працягвалі быць у арміі. Так што Lifenews нам вельмі дапамог: яны самі паказалі, што гэтыя салдаты — дзейныя расейскія вайскоўцы і працягваюць служыць у расейскай арміі. І такіх эпізодаў за цэлы год украінска-расейскай вайны мноства.

Расейскі салдат ва ўкраінскім горадзе, фота з сацыяльных сетак

Расейскі салдат ва ўкраінскім горадзе, фота з сацыяльных сетак

У расейскай прэсе часта пішуць, што гэта грамадзянская вайна ва Ўкраіне. Але для грамадзянскай вайны неабходныя два бакі. Адзін бок мы прыкладна бачым — гэта Ўзброеныя сілы Ўкраіны, украінцы, а хто па той бок? Я так жартую, што ў грамадзянскай вайне ва Ўкраіне гіне занадта шмат грамадзян Расеі.

Нядаўна СБУ выкладвае відэа, на якім адлюстраваныя чацьвёра расейскіх салдат, якія былі ўзятыя ў палон. Гэта запісвалася дзесьці ў раёне Ілавайску, называюцца прозьвішчы, называюцца гарады. Першая рэакцыя расейцаў: я магу такое відэа запісаць на кухні — гэта ня доказ, гэтых людзей няма, гэта ўсё пастановачныя здымкі, гэтага быць ня можа. Мы пачынаем шукаць гэтых людзей, дастаткова хутка знаходзім, бачым іх сьвежыя ваенныя фатаграфіі, глядзім іх сяброў, разумеем, што маем справу з кадравымі расейскімі вайскоўцамі. Як кадравыя расейскія вайскоўцы змаглі апынуцца ва ўкраінскім палоне? Вось гэтыя пытаньні мы ставім перад расейскай грамадзкасьцю.

— А што вам удалося раскапаць у гэтай апошняй нашумелай справе з расейскімі спэцназаўцамі Ерафеевым і Аляксандравым?

— Па-першае, трэба разумець, як гэтая гісторыя стала вядомая і чаму адразу пачала зьяўляцца ў прэсе. Тут вельмі апэратыўна спрацавала зьвязка ўкраінскіх блогераў, валянтэраў і вайскоўцаў, якія пачалі пісаць, што там адбыўся бой, былі ўзятыя двое расейцаў, гэта нейкія «крутыя» расейцы, напішыце пра гэта, каб пра гэта не змаўчалі, каб паціху не памянялі.

Адразу гэтая інфармацыя пачала прасочвацца праз наш рэсурс Informnapalm ў іншыя мэдыі. Пра гэта пачалі пісаць. У выніку празь дзень давялося сказаць: так, гэта двое расейцаў, яны з Тальяці. Потым зьявіліся першыя відэа допытаў і фатаграфіі. Адразу па фатаграфіях мы пачалі іх шукаць, знайшлі падобныя анкеты. Потым выклалі інфармацыю пра іх камандзіра, камандзір знайшоўся адразу, ён літаральна вывальваўся на першай жа старонцы пошуку: дзе ён служыў, у якім вучылішчы атрымліваў вайсковую адукацыю, там супадалі ўзрост, горад і ўсе дэталі. Потым мы пачалі з дакумэнтаў СБУ пошук па іншых прозьвішчах. Знайшлі падобныя анкеты. Там у прынцыпе па фатаграфіях зразумела, што гэта расейскія вайскоўцы. Калі чалавек спрабуе схавацца і зрабіць выгляд, што ён цывільны, а потым то тут, то там выкладвае сваю зусім вайсковую фатаграфію — гэта пра нешта кажа.

Расейскія салдаты ва Ўкраіне

Расейскія салдаты ва Ўкраіне

— А агульная карціна прысутнасьці расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне за апошні год і іх колькасьць зразумелая для вас?

— У нас афіцыйна статус удзельніка АТА атрымалі каля 50 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Пра расейскі бок я думаю, што там таксама дзясяткі тысяч. Можна, вядома, узяць апалчэнца, можна паказаць прыкладна, як функцыянуе аўтамат, як страляць адзінкавымі, як страляць чэргамі, прыкладна яму расказаць, што такое мінамёт і чым ён можа страляць. Але ці зможа чалавек з такімі атрыманымі сьпехам ведамі потым весьці нейкія наступальныя апэрацыі? Для ўсіх гэтых апэрацыяў, для прарываў, для ваеннай выведкі патрэбныя прафэсійныя вайскоўцы. Патрэбныя 15 брыгада, 23 брыгада, 18 брыгада, 19 брыгада, 205-я, усе гэтыя расейскія часткі, якія маюць баявы досьвед і якія могуць у нейкі момант на фронце ўступіць у бой і зрабіць пералом у той ці іншай бітве. У прынцыпе гэта адбываецца цэлы год, і вялікая колькасьць расейскіх вайскоўцаў прайшла праз усю гэтую мясарубку.

Цалкам матэрыял чытайце на сайце расейскай службы Свабоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG