Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новы рух Някляева зьбіраецца супрацьстаяць расейскай экспансіі і не выключае ўдзелу ў выбарах


Уладзімер Някляеў правёў устаноўчы сход ініцыятыўнай групы па правядзеньні зьезду грамадзкага руху «За незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі».

Удзел у сходзе прынялі прадстаўнікі з розных гарадоў і рэгіёнаў Беларусі, а таксама вядомыя палітычныя і творчыя дзеячы, грамадзкія атывісты.

Сярод іншых, удзел бралі навуковец і грамадзкі дзяяч Лявон Баршчэўскі, мастакі Алесь Шатэрнік, Аляксей Марачкін, Язэп Янушкевіч, Валеры Мазынскі і іншыя.

Сход прайшоў у нефармальных умовах у ваколіцах Менску. Напачатку ўдзельнікі прасьпявалі беларускі нацыянальны гімн «Магутны Божа», а таксама на знак салідарнасьці — гімн Украіны.

Перад тым, як зьвярнуцца да прысутных з уступным словам, Уладзімер Някляеў прачытаў свой верш. А затым нагадаў, што небясьпека для незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі як ніколі вялікая. І толькі нацыянальна-арыентаваная грамадзкасьць здолее абараніць гэтыя нацыянальныя каштоўнасьці, а таксама стаць сапраўдным гарантам дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі.

Паводле яго, галоўны сэнс стварэньня руху — гэта «супрацьстаяньне расейскай экспансіі». Адказваючы на пытаньні прысутных адносна неабходнасьці стварэньня такога руху і магчымасьці ягонай працы, Уладзімер Някляеў падкрэсьліў, што нельга заставацца ў бязьдзейнасьці, каб неўзабаве не апынуцца ў складзе Расейскай Фэдэрацыі.

Затым прысутныя прагаласавалі за стварэньне руху «За незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі».

Адзін з прысутных на сходзе Лявон Баршчэўскі гэтак пракамэнтаваў новы крок у стварэньні руху:

«Сярод людзей, якія разумеюць важнасьць беларускага Адраджэньня, як асновы для існаваньня нават не палітычнага, але грамадзкага руху, то Уладзімер Някляеў мае давер і сёньня на сходзе гэты давер быў пацьверджаны. Гэта ня стоадноткава палітычны рух, гэта рух сьветапоглядны і таму ён мае шанец на шырокую гарамдзкую падтрымку.

Я падтрмыліваю ідэю Уладзімера Някляева аб стварэньні гэтага руху, бо Беларусь мае мець суб’ектнасьць у пэўных праграмах і пэўных асобах. І ў гэтым сэнсе я, як беларус, падтрымліваю выдатную асобу Уладзімера Някляева. На жаль, тыя асобы і структуры, якія сёньня маюць афіцыйны статус, не зьяўляюцца выразьнікамі інтарэсаў прыхільнікаў беларускай дзяржаўнасьці, незалежнасьці, носьбітаў беларускай мовы і культуры. І ў гэтым сэнсе асоба Уладзімера Някляева можа быць вельмі важнай і значнай, хаця гэта ня простая задача».

Алесь Мех

Алесь Мех

Намесьнікам старшыні Уладзімера Някляева ў стварэньні руху стаў вядомы грамадзкі актывіст з Кобрына Аляксандар Мех.

Як паведаміў Аляксандар Мех, акрамя яго намесьнікам Уладзімера Някляева ў руху будуць прадстаўнікі з кожнай вобласьці Беларусі.

Усе яны прысутнічалі на сходзе, аднак імёны гэтых людзей пакуль не агучваюцца, каб пазьбегнуць магчымага перасьледу ўладаў. Бо некаторыя зь іх працуюць у тым ліку ў дзяржаўных арганізацыях.

Пра далейшыя крокі ў стварэньні руху Аляксандар Мех паведаміў:

«Створаная канцэпцыя дзейнасьці руху — захаваньне незалежнасьці, нацыянальна-культурных каштоўнасьцяў і грамадзка-палітычная праца з насельніцтвам».

Паводле Аляксандра Меха, існуе таксама канцэпцыя дзейнасьці руху на выпадак удзелу ягонага прадстаўніка ў такой палітычнай кампаніі, як прэзыдэнцкія выбары.

Гэтае пытаньне ўдзелу альбо ня ўдзелу ў выбарах будзе вырашацца падчас паседжаньняў ініцыятыўнай групы бліжэйшым часам. Ужо падрыхтаваная перадвыбарчая праграма для кандыдата ад руху, "аднак імя Уладзімера Някляева, як адзінай асобы на ўдзел, не называлася", —падкрэсьліў Аляксандар Мех.

Пра магчымую супрацу з палітычнымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі Аляксандар Мех сказаў наступнае:

«Сёньня ў краіне няма палітытчных партый і грамадзкіх арганізацый — у краіне з дыктатарскім рэжымам такое існаваньне немагчымае. За дваццаць апошніх гадоў структурная апазыцыя ў краіне разбураная».

На завяршэньне сходу сьпявачка Тацьцяна Матафонава выканала «Палянэз» Міхала Клеафаса Агінскага з нагоды 250-годзьдзя кампазытара, а таксама ўдзельнікі прасьпявалі беларускія патрыятычныя сьпевы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG