Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава» забілі ў Пальміры сотні мірных жыхароў


Каля 400 мірных жыхароў сталі ахвярамі расправы, якую ўчынілі баевікі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» ў сырыйскім горадзе Тадмор, дзе знаходзіцца сусьветна вядомы горад-помнік Пальміра.

Гэтак перадае Reuters са спасылкай на сырыйскае тэлебачаньне і паведамленьні актывістаў сырыйскай апазыцыі ў сацыяльных сетках.

Паводле паведамленьняў на вуліцах гораду ляжаць сотні трупаў людзей, якіх баевікі забілі «за сувязі з сырыйскімі ўладамі». Сярод забітых шмат жанчын і дзяцей, паведамляе Reuters.

Тадмор быў захоплены баевікамі «Ісламскай дзяржавы» у мінулую сераду пасьля сыходу з гораду ўрадавых войскаў. У сьвеце занепакоеныя, што пасьля захопу горада баевікі зьнішчаць рэшткі Пальміры, якая была абвешчаная ЮНЭСКА помнікам сусьветнай спадчыны.

Пакуль зьвестак пра разбурэньне Пальміры не было, між тым на тэрыторыі Сырыі і Іраку, якая захопленая «Ісламскай дзяржавай» ужо зьнішчаныя дзясяткі гістарычных помнікаў.

XS
SM
MD
LG