Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: Расейскі закон аб міжнародных арганізацыях ізалюе расейцаў ад сьвету


Джон Кэры

Джон Кэры

Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што прыняцьце ў Расеі закону «Аб непажаданых замежных альбо міжнародных арганізацыях» абмяжоўвае дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці ў Расеі і ёсьць сьведчаньнем мэтанакіраванай ізаляцыі грамадзян Расеі ад астатняга сьвету.

Дзярждэпартамэнт заклікаў урад Расеі выконваць свае міжнародныя абавязаньні, а таксама паважаць свабоду выяўленьня меркаваньняў, мірных сходаў і вершэнства закону.

23 траўня быў апублікаваны тэкст закону «Аб непажаданых замежных альбо міжнародных арганізацыях», які напярэдадні падпісаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Паводле закону, непажаданай могуць прызнаць няўрадавую замежную альбо міжнародную арганізацыю, якая «ўяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу, абароназдольнасьці і бясьпецы дзяржавы». Адпаведнае рашэньне прымае гепракурор ці ягоныя намесьнікі па узгадненьні з МЗС. За парушэньне закону прадугледжаны штраф ад 5 да 100 тысяч рублёў, за паўторнае парушэньне — пазбаўленьне волі на тэрмін да 6 год.

Якія арганізацыі ў Расеі могуць прызнаць непажаданымі?

Экспэрты мяркуюць, што сярод іншых аранізацый атрыманьне статусу «непажаданых» пагражае «Міжнароднай амністыі» і «Міжнароднай Хэльсінскай групе», якія шмат робяць для падтрымкі расейскіх палітвязьняў.

Таксама ў сьпісе можа апынуцца вядомая ў сьвеце арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», якая абаряняе правы журналістаў, а таксама экалягічная арганізацыя «Грынпіс», якая мела шмат канфліктаў з расейскім урадам, у тым ліку з-за сваёй барацьбы за экалёгію ў Паўночным акіяне.

Сярод магчымых «непажаданых» называюць і «Транспэрэнсі Інтэрнэйшэнал» — праваабарончую арганізацыю, якая засяроджана на барацьбе з карупцыяй. Як вядома, расейская апазыцыя абвінавачвае кіраўніцтва Расеі і асабіста Уладзімера Пуціна ў датычнасьці да карупцыі.

Супраць прыняцьця закону «Аб непажаданых замежных альбо міжнародных арганізацыях» ў Дзярждуме галасаваў дэпутат Дзьмітры Гудкоў. Ён адзначае, што ва ўсіх цывілізаваных краінах толькі суд можа вырашаць, ці парушыў той ці іншы чалавек альбо арганізацыя закон.

XS
SM
MD
LG