Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто атрымаў што на рыскім саміце «Ўсходняга партнэрства»


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Рыскі саміт «Усходняга партнэрства» — правал ці посьпех? Што набыла і што згубіла Беларусь на саміце? Расея пасьля саміту Партнэрства — трэці лішні ці трэці, які радуецца?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў, дырэктар Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі і палітычны аглядальнік парталу TUT. BY Арцём Шрайбман.

Цалкам перадачу вы можаце паслухаць тут:

Наўпроставы лінк

Наўпроставы лінк

Прапануем таксама тэкст гутаркі ў скароце:

Дракахруст: Як можна ацаніць вынікі рыскага саміту «Ўсходняга партнэрства» — гэта посьпех, рух наперад ці правал? Ці нешта іншае? Яшчэ да саміту было вядома, што Грузія і Ўкраіна на саміце не атрымаюць пагадненьня аб бязьвізавым рэжыме, а Беларусь — пагадненьня аб спрошчаным візавым рэжыме. Аднак Украіне з фондаў Эўразьвязу было выдзелена 1.8 мільярда даляраў. Дык а што ж хто атрымаў на саміце?

Гэта быў саміт усеагульнага расчараваньня

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Шрайбман: Гэта быў саміт усеагульнага расчараваньня. Гэта было відаць па адказах эўрачыноўнікаў і палітыкаў краінаў ЭЗ на пытаньні журналістаў, па пытаньнях грузінскіх і ўкраінскіх журналістаў. Грузія і Ўкраіна — найбольш незадаволеныя ўдзельнікі гэтага саміту, ім быў абяцаны бязьвізавы рэжым, але на саміце адпаведныя пагадненьні заключыць не атрымалася.

Эўрачыноўнікі былі незадаволеныя тым, што тры краіны Партнэрства выбралі ня шлях эўраінтэграцыі, а іншы.

Дракахруст: Арсені, вы згодны з Арцёмам? А мне падалося, што, скажам, Уладзімер Макей быў задаволены.

Цяпер ЭЗ пачаў працэс перагляду ўсёй эўрапейскай палітыкі суседзтва, ў тым ліку і «Ўсходняга партнэрства»

Арсені Сівіцкі
Арсені Сівіцкі

Сівіцкі: Зь Беларусьсю сапраўды прагрэс назіраецца па ўсіх кірунках адносінаў з ЭЗ. Калі 2 месяцы таму быў апублікаваны праект дэклярацыі саміту, стала зразумелым, што ніякіх прарываў на ім ня будзе.

Цяпер ЭЗ пачаў працэс перагляду ўсёй эўрапейскай палітыкі суседзтва, ў тым ліку і «Ўсходняга партнэрства». Першы вынік гэтага перагляду мы ўбачым толькі ўвосень гэтага году. Да таго часу нейкіх істотных крокаў у межах Партнэрства чакаць не варта.

Ня выключана, што такой агульнай «рамкі» для постсавецкіх краінаў наагул ня будзе, Партнэрства проста растварыцца ў агульнай эўрапейскай палітыцы суседзтва.

Пасьля анэксіі Крыму «Ўсходняе партнэрства» паказала сябе, як абсалютна недзеяздольны мэханізм

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Вусаў: Выдзяленьне Ўкраіне грошай абсалютна не залежала ад саміту. Ад пачатку Партнэрства было «паветраным» праектам. Мэтай яго не была эўраінтэграцыя, мэта была пакінуць краіны-партнэры ў буфэрнай зоне, закансэрваваць стан гэтых дзяржаваў паміж Эўразьвязам і Расеяй.

Пасьля падзеяў ва Ўкраіне, пасьля анэксіі Крыму «Ўсходняе партнэрства» паказала сябе, як абсалютна недзеяздольны мэханізм.

Дракахруст: Якое значэньне меў прарасейскі дэмарш Армэніі і Беларусі — адмова падпісваць выніковую дэклярацыю саміту са згадкай пра «незаконную анэксію Крыму»? Якія наступствы гэты канфлікт будзе мець для стасункаў Беларусі з Расеяй і з Украінай?

Паводзіны беларускай дэлегацыі на саміце мелі на мэце не пакрыўдзіць ані Расею, ані Ўкраіну

Вусаў: Для мяне не было нічога дзіўнага ў тым, што Беларусь не пагадзілася падпісаць дакумэнт з такімі фармулёўкамі. Пазыцыя Беларусі была ясная ад пачатку, ад яе галасаваньня на генасамблеі ААН.

Паводзіны беларускай дэлегацыі на рыскім саміце Партнэрства мелі на мэце не пакрыўдзіць ані Расею, ані Ўкраіну.

Расея ўспрымала гэты саміт як антырасейскае мерапрыемства, таму туды паехаў кіраўнік МЗС Беларусі, які ні на што не ўплывае. Мэта была паказаць Эўропе, што мы зь імі гатовыя размаўляць, і паказаць Маскве, што мы застаёмся яе верным саюзьнікам.

А Ўкраіна мусіла ад пачатку разумець, што Лукашэнка будзе шукаць выключна ўласную карысьць. Спадзевы Кіева, што Беларусь будзе неяк адстойваць украінскія інтарэсы, былі ілюзіяй і памылкай.

Для Кіева важней гарантыі Лукашэнкі, што з тэрыторыі Беларусі ня будзе ўдару па Ўкраіне

Сівіцкі: Даўно было вядома, што Беларусь не падтрымае гэты пункт дэклярацыі. Ня думаю, што гэтыя паводзіны Беларусі істотна паўплываюць на яе стасункі як з Расеяй, гэтак і з Украінай.

Пакуль Лукашэнка дае гарантыі таго, што з тэрыторыі Беларусі не будзе ўдару па Ўкраіне, для Ўкраіны гэта значна больш важна, чым непадпісаньне Менскам нейкіх заяваў наконт Крыму.

Расея хацела б, каб Беларусь падтрымала яе не толькі рытарычна, але ваенна-палітычнымі дзеяньнямі.

Дракахруст: Яшчэ падчас стварэньня «Ўсходняга партнэрства» некаторыя выказвалі перасьцярогу, што Беларусь будзе ў ім «траянскім канём» Масквы. Ці ня сьведчыў канфлікт вакол тэксту дэклярацыі, што так і атрымалася? Ці каб быць «траянскім канём», трэба, каб была «Троя». А ці была там «Троя»?

Менск ня быў задаволены вынікамі гэтага саміту

Шрайбман: Наіўна было б чакаць ад Менску, што ваенна-палітычны саюзьнік Расеі падпішацца пад словамі пра «незаконную анэксію Крыму». Да таго ж, як слушна заўважыў Лукашэнка, гэта б перашкодзіла Менску выконваць ролі нэўтральнай пляцоўкі для перамоваў.

Я ня згодны з меркаваньнем, што Менск быў задаволены вынікамі саміту. За месяц да саміту Менск усур’ёз разьлічваў, што ў Рызе будзе парафіраванае, а тое і падпісанае пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму.

На саміце, калі міністар Макей выйшаў да журналістаў, ён нетыпова жорстка выказаўся наконт пазыцыі ЭЗ, сказаўшы, што эўрапейскі бок вылучыў «тэхнічныя зачэпкі» ў перамовах па візавым пытаньні літаральна перад самітам. Макей ня быў задаволены на гэтым саміце.

Дракахруст: На выніковай прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск сказаў, што «пазыцыя Азэрбайджану і Беларусі — прыклад таго, што ЭЗ павінен дыфэрэнцыявана супрацоўнічаць з краінамі «Ўсходняга партнэрства». Ён таксама дадаў, што Зьвяз будзе імкнуцца да стварэньня «адносінаў з Беларусьсю ў своеасаблівым фармаце». Што ён меў на ўвазе? Пра які «своеасаблівы фармат» адносна Беларусі ішла гаворка?

Азэрбайджан ад пачатку прапаноўваў вывесьці стасункі з Эўразьвязам на двухбаковы трэк

Сівіцкі: У Партнэрстве ёсьць дзьве групы краінаў: Грузія, Малдова і Ўкраіна, які падпісалі дамовы аб асацыяцыі і вольным гандлі з ЭЗ, і Беларусь, Азэрбайджан і Армэнія, якія ня хочуць ці ня могуць падпісаць аналягічныя дамовы.

Азэрбайджан ад пачатку прапаноўваў вывесьці стасункі з Эўразьвязам на двухбаковы трэк. Цяпер ён прапанаваў ЭЗ дамову аб стратэгічным партнэрстве.

Я мяркую, што ЭЗ будзе вымушаны перайсьці да палітыкі такіх дамоваў.

Дракахруст: Чаму на саміце краіны-партнэры не атрымалі хаця б абстрактную пэрспэктыву кандыдацтва і ў будучыні сяброўства ў Эўразьвязе? Грузія і Ўкраіна вельмі настойвалі на гэтым, але адказам краінаў Зьвязу і кіраўнікоў яго інстытутаў была рашучая адмова. У рэзалюцыі пагадзіліся адно вітаць «эўрапейскія памкненьні і эўрапейскі выбар» краінаў-партнэраў. Пры гэтым бальканскія краіны атрымалі статус кандыдатаў, некаторыя ўжо вядуць перамовы аб ўступленьні. Дамовы Грузіі, Малдовы, Ўкраіны аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з ЭЗ — гэта максымум таго, што можа даць Партнэрства?

Эўропа баялася, баіцца і будзе баяцца правакаваць Расею

Вусаў: Эўропа ніколі ня ставіла на мэце нават у аддаленай пэрспэктыве інтэграваць краіны Партнэрства ў свой склад. Таму і было створанае «Ўсходняе партнэрства», як міраж інтэграцыі без інтэграцыі. Босьнія, Альбанія, Сэрбія, Чарнагорыя — на погляд Эўразьвязу гэтыя краіны больш эўрапейскія, чым Беларусь, Украіна і нават Малдова.

Але галоўнае — Эўропа баялася, баіцца і будзе баяцца правакаваць Расею, асабліва ў сёньняшняй крызіснай сытуацыі.

У сьвядомасьці многіх эўрапейскіх палітыкаў гэтыя краіны застаюцца ў сфэры ўплыву Расеі. Справа ў поглядзе, ў падыходзе. Альбанія бяднейшая за Беларусь і значна больш праблемная, Сэрбія ня больш заможная, чым Беларусь. Але яны атрымліваюць кандыдацкі статус.

Грузія, Малдова і Ўкраіна дасягнулі ў межах Партнэрства практычна ўсяго, што ён можа прапанаваць

Шрайбман: Фармат «Усходняга партнэрства» рассыпаецца. Грузія, Малдова і Ўкраіна дасягнулі ў яго межах практычна ўсяго, што ён можа прапанаваць. Засталося яшчэ Грузіі і Ўкраіне атрымаць бязьвізавы рэжым, які яны, хутчэй за ўсё, атрымаюць да канца году. І на гэтым усё. ЭЗ не гатовы прапаноўваць больш. Мне здаецца, што Партнэрства будзе трансфармавацца ў нешта кшталту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, дзе прадстаўнікі краінаў проста рэгулярна зьбіраюцца, каб абмеркаваць бягучы стан справаў. Усе рэальныя дамоўленасьці заключаюцца ў двухбаковым фармаце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG