Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cаміт Усходняга партнэрства Эўразьвязу ў Рызе агаліў лініі расколу, якія падзяляюць шэсьць «ўсходніх партнэраў» ЭЗ, піша карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Саміт Усходняга партнэрства ў Рызе, які завяршыўся 22 траўня, наўрад ці пацягне за сабой настолькі ж драматычныя падзеі як віленскі саміт 2013 году. Тады былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч сарваў падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам, што справакавала ўкраінскі крызіс.

Замест гэтага саміт у латвійскай сталіцы агаліў новы раскол у Эўропе, гэтым разам паміж самімі шасьцю так званымі «ўсходнімі партнэрамі».

Па адзін бок гэтай мяжы знаходзяцца Грузія, Малдова і Ўкраіна, якія падпісалі літаральна ўсе прапановы ЭЗ у рамках праграмы «Усходняга партнэрства». Галоўная скарга гэтых трох былых савецкіх дзяржаваў у тым, што Брусэль не жадае іх яшчэ большай інтэграцыі з Эўразьвязам.

Па іншы бок знаходзяцца Беларусь, Армэнія і Азэрбайджан, якія як пры падрыхтоўцы, так і падчас самога саміту неаднаразова выказвалі незадаволенасьць фармулёўкай фраз, што тычыліся Нагорна-Карабахскага канфлікту, а таксама незаконнай анэксіі Крыму Расеяй.

Вельмі паказальным быў момант, калі пад канец саміту кіраўнік Эўрапейскай рады Дональд Туск паспрабаваў завяршыць санлівае пленарнае пасяджэньне кіраўнікоў урадаў і прыняць сумесную выніковую дэклярацыю.

Аднак прадстаўнік Азэрбайджану без усялякіх тлумачэньняў заявіў, што Баку адмаўляецца падпісаць гэты дакумэнт.

Прадстаўнік Азэрбайджану без усялякіх тлумачэньняў заявіў, што Баку адмаўляецца падпісаць гэты дакумэнт.

Туску давялося тэлефанаваць міністру замежных спраў Азэрбайджану, які знаходзіўся ў гэты час на асобнай сустрэчы з прэзыдэнтам Латвіі, а потым прэзыдэнту Азэрбайджану Ільхаму Аліеву, які не прыехаў на саміт. З затрымкай амаль на гадзіну Баку ўрэшце пагадзіўся падпісаць дэклярацыю.

Тым часам Беларусь і Армэнія, якія падтрымліваюць цесныя сувязі з Расеяй і зьяўляюцца членамі Эўразійскага эканамічнага саюзу, у якім Расея вядзе рэй, выказалі нязгоду з фармулёўкай фраз, якія тычацца расейскай акупацыі Крыму. Большасьць краін-членаў ААН лічаць анэксію незаконнай.

У канчатковым варыянце дэклярацыі анэксію Крыма лічаць незаконнай толькі краіны Эўразьвязу, а ня ўсе ўдзельнікі саміту.

У канчатковым варыянце дэклярацыі анэксію Крыма лічаць незаконнай толькі краіны Эўразьвязу, а ня ўсе ўдзельнікі саміту. У найбліжэйшыя дні некаторыя краіны, у тым ліку Беларусь, могуць апублікаваць свае ўласныя інтэрпрэтацыі гэтага дакумэнту, нават нягледзячы на тое, што яны яго падпісалі.

У сваю чаргу Грузія, Малдова і Украіна таксама выказалі незадаволенасьць тэкстам, наракаючы на недахоп гарантый сваёй далейшай інтэграцыі з Эўразьвязам, у тым ліку і фармулёўкамі, якія тычацца бязьвізавага рэжыму з шэнгенскай зонай ў будучым годзе.

Аднак у інтэрпрэтацыі крымскіх падзей і ў іншых пытаньнях іх думкі цалкам супадалі з ЭЗ.

«Яны жадаюць быць яшчэ большымі эўрапейцамі чым самі члены Эўразьвязу», — заўважыў адзін з дыпляматаў ЭЗ.

Яны жадаюць быць яшчэ большымі эўрапейцамі чым самі члены Эўразьвязу

Зноў паўстала пытаньне аб тым, ці не было б больш плённа правесьці саміт толькі з краінамі, якія падпісалі пагадненьне аб асацыяцыі, — Грузіяй, Малдовай і Украінай.

Прадстаўнікі Эўразьвязу адпрэчваюць такую прапанову. Праграма «Усходняга партнэрства» не прадугледжвае адзіны падыход да ўсіх, а хутчэй нагадвае мэню на выбар, дзе кожны з партнэраў можа выбраць сабе адпаведны варыянт адносін з Брусэлемў.

Аднак па меры таго, як шасьцёра партнэраў ўсё больш падзяляюцца на дзьве каманды па тры, будуць павялічвацца і перадумовы да расколу.

Наступны саміт «Усходняга партнэрства» адбудзецца ў 2017 годзе, хутчэй за ўсё ў Бруселі. Да таго часу ўкраінцы і грузіны верагодна змогуць прыехаць у сталіцу Бэльгіі бязь візаў. Малдаване карыстаюцца бязьвізавым рэжымам ўжо цяпер. Рынкі гэтых краін магчыма будуць ужо інтэграваныя з рынкамі ЕС.

Астатнія трое ўсходніх партнэраў могуць толькі марыць аб такіх пэрспэктывах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG