Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадчына рэжысэра Ермаловіча: ці застанецца ў ёй месца беларушчыне?


Афіша спэктаклю цяперашняга тэатру "Валянцін"

Афіша спэктаклю цяперашняга тэатру "Валянцін"

Ужо адбыліся вечарыны да дзевяностагадовага юбілею знанага магілёўца. Цяпер зьбіраюць сродкі на памятную дошку, якую маюць усталяваць на доме, дзе жыў Валянцін Ермаловіч.

Усё сваё жыцьцё ён прысьвяціў станаўленьню і разьвіцьцю беларускага тэатру. Тэатры, у якіх Ермаловіч працаваў, былі ў беларускай глыбінцы. Бальшыня зь іх станавілася народнымі. Дагэтуль у Магілёве дзейнічае створаны ім тэатар «Валянцін». Цяпер, аднак, гэты магілёўскі калектыў паволі выракаецца беларушчыны.

Пра гэта кажа паплечнік Валянціна Ермаловіча, кіраўнік абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Яраслаў Клімуць. Калісьці ён разам зь Ермаловічам ставіў спэктаклі паводле твораў беларускіх клясыкаў ды малавядомых аўтараў з глыбінкі. Але пазьбягае наведваць пастаноўкі цяперашняга «Валянціна».

Яраслаў Клімуць

Яраслаў Клімуць

«Цяпер ён цалкам расейскамоўны», — зазначае Яраслаў Клімуць.

«Там цяпер няма беларускіх энтузіястаў, — працягвае ён. — Трэба, каб тэатар узначаліў апантаны беларушчынай чалавек. Тыя, хто быў за беларушчыну, сышлі з тэатру. Туды набралі новых. Тэатар застаецца, але ён страціў свой першапачатковы сэнс і задачы, зь якімі ствараўся».

На адной зь вечарынаў пра сэнс існаваньня тэатру «Валянцін» было сказана словамі Максіма Гарэцкага: «Хочаце паказаць жыцьцё беларуса — пакажыце яго са сцэны».

На думку колішняй акторкі тэатру Ліліі Кузьменкі, па сьмерці Валянціна Ермаловіча не было каму падхапіць ягоную справу. Паплечніца Ермаловіча адзначае: яе запэўнівалі, што тэатар «Валянцін» ня зьнікне і захавае дух беларушчыны, аднак гэтак ня сталася.

Лілія Кузьменка

Лілія Кузьменка

«Ад тэатру Валянціна Іванавіча Ермаловіча нічога ўжо не засталося. Пры Ермаловічу была такая сьвядомасьць. Такое беларускае асяродзьдзе», — згадвае Лілія Кузьменка.

«Цяпер я ня ведаю, ці ставяць яны што беларускае. У мяне ж хворыя ногі, і я туды не хаджу. Каб выправіць сытуацыю, патрэбны чалавек, які б любіў беларускую мову ды быў спэцыялістам у тэатры. Такога цяпер няма. Я б змагла, але я старая і ў мяне няма сілы працаваць».

Прызнаньні былых актораў, што тэатар «Валянцін» стаў расейскамоўным, далі нагоду, каб пагутарыць зь цяперашнім рэжысэрам тэатру, вучнем Валянціна Ермаловіча — Алегам Загароўскім.

Карэспандэнт: «Ці ня стаў народны тэатар „Валянцін“ расейскамоўным?»

Загароўскі: «Калі браць у агульным сэнсе, што раней усе спэктаклі былі беларускамоўнымі, то цяпер палова пастановак на расейскай мове, а палова на беларускай.

У свой час з Валянцінам Іванавічам мы пра многае гаварылі, дык я яму казаў, да прыкладу, што ня дужа ўяўляю эфэктыўнасьць беларускай мовы ў пастаноўках паводле твораў з расейскай літаратуры. На маю думку, глядач проста не паверыць у тое, што адбываецца на сцэне. Усе мы цудоўна разумеем, што ў 19 стагодзьдзі ў спэктаклях паводле Чэхава, да прыкладу, беларуская мова асабліва не ўжывалася.

Калі ж я стаўлю спэктаклі пра жыцьцё ў Княстве Літоўскім, то, зразумела, выкарыстоўваю толькі беларускую мову, якая там добра гучыць. Я наагул стаўлю для сябе задачу данесьці сутнасьць той п’есы, якую стаўлю».

Карэспандэнт: «Але разам з тым гэтае дзьвюхмоўе, Алег Леанідавіч, пагадзіцеся, размывае традыцыі тэатру. У Магілёве тэатар „Валянцін“ быў адзіным беларускамоўным тэатрам, няхай самадзейным, але які трымаўся беларускасьці. І тут атрымліваецца, што і гэтае адзінае зьнікае».

Загароўскі: «Магчыма, у нейкай ступені гэта так. Але вы ж зразумейце, якія цяпер часы — мы ўсе свае спэктаклі прадаём. Зь мяне патрабуе начальства, каб я прадаваў свае спэктаклі. Мне трэба прыцягваць нейкім чынам гледача. Я ж не магу для дзесяці чалавек іграць, якія, магчыма, зацікавяцца, да прыкладу, „Паўлінкай“.

Я разумею, вядома, што тыя традыцыі, пра якія вы кажаце, яны існуюць ня ў той ступені, як былі пры Валянціну Іванавічу, але гэтак складаецца цяпер сытуацыя. Так расстаўленыя акцэнты. Пры Валянціну Іванавічу быў наймацнейшы акцэнт на беларускую мову. У мяне ж акцэнт на глядацкасьць тэатру, тэатральнасьць».

Карэспандэнт: «Хацелася б усё ж, Алег Леанідавіч, каб тэатар „Валянцін“ больш хіліўся да беларушчыны, бо гэта тое, на чым ён трымаўся раней».

Загароўскі: Дзякуй за заўвагу. Я яе ўлічу і пастараюся рабіць беларускамоўныя спэктаклі. Аднак я спадзяюся, што і вы, калі ўбачыце афішы пра беларускамоўныя спэктаклі, то будзеце на іх прыходзіць. І тыя беларускамоўныя людзі, якім падабаюцца беларускамоўныя спэктаклі, таксама будуць прыходзіць.

Выбачайце, калі я раблю спэктаклі, укладаю вялікія высілкі — і ўсё граецца для 20 чалавек, тады я разумею, што гэта ў нікуды ўсё сыходзіць«.

Нядаўна цягам некалькіх дзён ля Гарадзкога дому культуры, дзе месьціцца тэатар «Валянцін», на адну зь яго пастановак гледачоў запрашалі расейскамоўнай афішай. На абвестцы назва тэатру таксама была пададзеная не па-беларуску.

Алег Загароўскі патлумачыў, што пастаноўка была расейскамоўная, таму і афішу вырабілі на расейскай мове.

Валянцін Ермаловіч, паводле сьведчаньняў ягоных паплечнікаў, першым у Магілёве, яшчэ ў савецкія часы, казаў пра рэпрэсаваную беларускую мову і важнасьць яе адраджэньня.

Валянцін Ермаловіч — брат беларускага гісторыка Міколы Ермаловіча. Нарадзіўся 17 сакавіка 1925 году. Ваяваў. Чатыры разы быў паранены. У 1944 годзе родныя атрымалі пахаронку на яго. Працаваў рэжысэрам многіх тэатральных калектываў. Заслужаны працаўнік культуры Беларусі. Памёр 22 сьнежня 2004 году. Пахаваны ў Магілёве.

XS
SM
MD
LG