Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малалетка: «Вы за сваё жыцьцё столькі грошай і ня бачылі»


Згодна зь міліцэйскімі зводкамі ды справаздачамі, якія друкуюцца афіцыйнымі СМІ, дзіцячая злачыннасьць у краіне расьце, павялічваюцца колькасна і так званыя групы рызыкі: безнаглядныя дзеці, дзеці зь няпоўных сем’яў, маленькія ўцекачы з дому. Да найбольш частых правапарушэньняў, якія зьдзяйсьняюцца малалеткамі, належаць крадзяжы, у тым ліку з дапамогай кампутарнай тэхнікі, рабункі, разбой, забойствы, згвалтаваньні, усё большыя абароты набірае незаконны наркатычны бізнэс.

Куды ізалююць самых малых правапарушальнікаў

У нашай сёньняшняй праграме мы раскажам пра месцы выпраўленьня юных парушальнікаў закону. Паводле дадзеных Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, у краіне на сёньня засталася толькі адна дзіцячая (мужчынская) пэнітэнцыярная ўстанова — выхаваўчая калёнія № 2 у Бабруйску, разьлічаная на 520 месцаў. Раней дзейнічаў яшчэ адмысловы дзявочы ўчастак пры Гомельскай жаночай ПК-4. Цяпер непаўналетніх крымінальніц тут у калёніі недзе з паўдзясятка, іх трымаюць у асобным атрадзе. Паралельна з традыцыйнымі ўстановамі пакараньня сыстэмы МУС у Беларусі пад патранатам Міністэрства адукацыі ды Міністэрства аховы здароўя існуюць адмысловыя выхаваўча-навучальныя ды лячэбна-выхаваўчыя вучэльні. Тая ж ізаляцыя, але, як кажуць, з больш вольным, чым у турмах рэжымам.

Днямі ў СМІ была апублікавана прапанова МУС адносна «новых формаў» працы з падлеткамі, якія стаяць на наркалягічным уліку. Распрацаваны і праект Закону аб прымусовым лячэньні непаўналетніх. Як патлумачылі ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, установа, якую мяркуецца дзеля гэтага стварыць, будзе мець не турэмны, а выхаваўча-лячэбны профіль — штосьці кшталту спэцПТВ з адмысловым тэрапэўтычным суправаджэньнем. Мяркуецца, што падпарадкоўвацца яна будзе Міністэрству адукацыі.

Ці вітаеце вы скарачэньне турэмных установаў для непаўналетніх? Ці дастаткова для Беларусі адной калёніі для малалетак? Ці існуюць нейкія альтэрнатыўныя формы выпраўленьня? Такія пытаньні наш карэспандэнт задаў мінакам на вуліцы Батава ў Бабруйску — той самай, дзе месьціцца адна на ўсю краіну дзіцячая выхаваўчая калёнія.

Ці вітаеце вы скарачэньне турэмных установаў для непаўналетніх?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:12 0:00
Наўпроставы лінк

ВК-2 як часовы прытулак для малалетак

Гэтая ўстанова была створаная ў 1939 годзе. У той час толькі на тэрыторыі Беларускай ССР дзейнічалі сама меней чатыры дзіцячыя калёніі, кожная зь якіх была разьлічаная на 400 і больш вязьняў. У гады незалежнай Беларусі здаралася, што ў ВК-2 утрымлівалася і болей за тысячу малых зьняволеных.

Сёньня ў бабруйскай ВК-2 утрымліваюцца маладыя людзі ва ўзросьце ад 14 гадоў, якіх суд прызнаў злачынцамі. Фармальна максымальны ўзрост у «дзіцячай» калёніі — 21 год. Але і гэтая мяжа можа быць падоўжанай — каб сярод 14-гадовых былі старэйшыя, якія б дапамагалі вырашаць пытаньні, што ўзьнікаюць паміж малымі зэкамі і супрацоўнікамі.

Прадстаўнікі «Плятформы» ня так даўно наведалі бабруйскую выхаваўчую калёнію для непаўналетніх. Паводле іхніх словаў, «яшчэ пару месяцаў таму ў калёніі ўтрымлівалася недзе да 200 чалавек. Цяпер запоўненасьць калёніі недзе на 2/3, прыкладна чалавек 400. Колькасьць насельнікаў вырасла за кошт асуджаных паводле артыкула 328–3 (распаўсюд наркотыкаў).

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч

«Галоўнае ўражаньне — вельмі дзіка бачыць дзяцей у робе зь біркамі на грудзях, — дзеліцца Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Зразумела, у калёніі можна ўбачыць і 23-гадовых, аднак шмат тут такіх, хто выглядае вельмі па-дзіцячы. Тое, што на іх роба зь біркай, гэта выклікае сапраўдны шок. Калі размаўляеш зь імі і яны расказваюць пра свае злачынствы, у асноўным зьвязаныя з наркотыкамі, проста мову аднімае. Вось дарослым, напрыклад, можа быць сорамна за тое, што яны зьдзейсьнілі, прынамсі складаецца такое вонкавае ўражаньне, а дзеці расказваюць або з бравадай, або не ўсьведамляючы, што зьдзейсьнілі злачынства, або хаваючы тое, што яны гэта ўсьвядомілі...

Аднаго арыштавалі, калі ён меў пры сабе 54 грамы хімічнага рэагенту для вырабу спайсаў. Дык ён расказваў і пра дозы, і колькі з чаго можна зрабіць для продажу, і які прыбытак можна атрымаць, і г.д. Гэта 16-гадовы хлопец! У другога, ня менш „крутога“, спыталася: навошта гэта табе? Пачула адказ: а вы за ўсё сваё жыцьцё калі-небудзь бачылі столькі грошай?»

Паводле Алёны Красоўская-Касьпяровіч, сярод малых сядзельцаў — гвалтаўнікоў, забойцаў — багата кліентаў такіх вось «крутых малалетак». Хапае тых, хто папаўся на крадзяжы толькі дзеля таго, каб набыць дозу. Крадуноў, дарэчы, вельмі шмат. Некаторыя кралі, каб купіць нешта салодкае і адзначыць дзень народзінаў. Кажуць, што калі трапляеш з падобным артыкулам у чатырнаццаць, то, найверагодней, трапіш паводле яго і пазьней.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:34 0:00
Наўпроставы лінк

«Адчуваньня, што вакол маленькія зьвяры, не было»

Красоўская-Касьпяровіч: «Зразумела, кожнаму ў вочы мы не зазірнулі, але нейкага адчуваньня, што вакол маленькія зьвяры, не было. Тым ня менш, гледзячы на напружаньне выхавальнікаў, мы разумелі, што гэтыя малыя могуць быць небясьпечныя».

«Свабода ў турмах»: «Ад палітвязьняў, якія сядзелі ў 2000-я, — а тады на тэрыторыі некаторых дарослых калёніяў разьмяшчаліся і атрады непаўналетніх, — можна пачуць, што „малалетка“ на той час выглядала сапраўдным пеклам. Уначы з тых баракаў даносіліся крыкі — дзеці жорстка зьбівалі адзін аднаго, нават гвалцілі... За гэты час нейкія станоўчыя зьмены адбыліся?»

Красоўская-Касьпяровіч: «Сапраўды, на той час так было...Цяпер, як бачыла, у тых памяшканьнях, дзе падлеткі начуюць, у іх два шэрагі вокнаў — на вуліцу і ў калідор, там дзе сядзяць кантралёры. Яны ўсю ноч сочаць за тым, што адбываецца ў спальных памяшканьнях. І таму мне падаецца, што з гвалтам цяпер вельмі складана, бо кантроль вельмі ўзмоцнены. Таксама ў тыя ж 1990-2000-я дзецям было цяжка з-за таго, што яны працавалі ў тры зьмены. Цяпер іншы падыход. На промцы засталіся старэйшыя і іх, дарэчы, вельмі мала. Гэта або тыя, хто скончыў ПТВ ці не захацеў у ім вучыцца. Асноўная ж маса вучыцца ў сярэдняй школе, заканчвае яе ў калёніі, а таксама вучыцца ў ПТВ. Прычым старшаклясьнікі могуць з раніцы наведваць заняткі ў школе, а потым у другой палове дня набываць прафэсійныя веды».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:26 0:00
Наўпроставы лінк

Кіраўніца «Плятформы» называе вельмі станоўчым тое, што выхаванцы калёніі настолькі занятыя. Па-першае, у іх няма часу вызначаць, хто зь іх больш круты. А па-другое, чалавек, атрымаўшы спэцыяльнасьць, на волі заўсёды мае больш шанцаў жыць нармальным жыцьцём. Пасьля ўмоўна-датэрміновага, калі спэцыяльнасьць, як кажуць, «амаль у кішэні» і застаецца толькі крыху давучыцца ў вольным ПТВ, многія, на жаль, навучаньне кідаюць.

Russia/Belarus - Prison for teenagers, young people, Youtube
Russia/Belarus - Prison for teenagers, young people, Youtube

«Што тычыцца разумовага ўзроўню, — працягвае Алёна Красоўская-Касьпяровіч, — то ён самы розны. Ёсьць цэлая кляса, недзе чалавек 25, дзе вучацца дзеці з запаволеным псыхічным разьвіцьцём. Пры гэтым зьдзейсьненыя імі злачынствы могуць быць вельмі жорсткімі. Паводле дырэктара школы, такія займаюцца па асобнай вучэбнай праграме, але, на жаль, усё выглядае вельмі безнадзейным. І адначасна ёсьць вельмі таленавітыя дзеці, якія выйграюць на міжшкольных алімпіядах і паказваюць веды, ня горшыя чым у „вольных школьнікаў“. Пішуць рэфэраты па рэлігіі, філязофіі, дэманструюць іншыя таленты — пішуць вершы, прозу, ствараюць музычныя гурты. Аднак у далейшым жыцьці рэалізуюць сябе далёка ня ўсе. Многія вяртаюцца, толькі ўжо ў дарослыя ўстановы...»

Спэцвучэльні як альтэрнатыва турме?

Спэцыяльныя выхаваўчыя вучэбныя ды лячэбныя ўстановы для непаўналетніх — рэч ня менш закрытая для грамадзкага кантролю, чым установы пэнітэнцыярныя. Нават у дзяржаўных СМІ рэдка калі знойдзеш які рэпартаж з падобнай вучэльні. Паводле юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, такіх устаноў у краіне — чатыры. Гэта спэцыяльная школа закрытага тыпу і спэцыяльная закрытага тыпу прафэсійна-тэхнічная вучэльня дрэваапрацоўкі ў Магілёве. Такое ж вучылішча, але лёгкай прамысловасьці, у Петрыкаве — для дзяўчат. Існуе таксама спэцвучэльня ў Крывічах Мядзельскага раёну. Падлеткі пражываюць у вучэльнях пастаянна, пакідаць іх самастойна ня маюць права. Выезд за тэрыторыю — фактычна форма заахвочваньня.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Сапелка: «Калі гаварыць пра лічбу непаўналетніх у месцах пазбаўленьня волі, у калёніі, то яна на ўзроўні эўрапейскіх дзяржаваў. Як правіла, толькі палове сядзельцаў, а то яшчэ і менш, няма васемнаццаці. Астатнія за час сваёй адседкі вырасьлі ды сталі паўналетнімі. У спэцвучэльнях падлеткаў істотна больш. Недзе больш за трыста».

На пытаньне, якія падставы для таго, каб зьмяшчаць падлеткаў менавіта сюды, Павал Сапелка адказвае:

«Першае: зьдзяйсьненьне дзеяньняў, якія маюць прыкметы злачынства, з боку асобы, якая не дасягнула ўзросту, пры якім прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці. Другое: калі зьдзейсьнена злачынства, за якое прызначаецца пакараньне ў выглядзе мераў выхаваўчага характару. Трэцяе: калі непаўналетні неаднаразова зьдзяйсьняе некаторыя віды адміністрацыйных правапарушэньняў — хуліганства, дробныя крадзяжы, знаходзіцца ў нецьвярозым стане».

Праваабаронца зазначае: калі тыя падлеткі, якія трапляюць у закрытыя ўстановы за злачынствы, праходзяць праз крымінальны працэс (у тым ліку з удзелам адваката і прадстаўніка органа апекі), іншыя накіроўваюцца ў спэцвучэльні ў парадку грамадзянскага судовага працэсу, тобок без захаваньня прававых гарантыяў на ўдзел абаронцы, законных прадстаўнікоў:

«А ўмовы ўтрыманьня ў гэтых установах уяўляюць сабой форму пазбаўленьня волі. Хоць там няма строгай сыстэмы аховы, але тым ня менш падлеткі пастаянна пад кантролем, ходзяць шыхтом, носяць форму. Да іх могуць ужывацца, па сутнасьці, меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня. І фактычна зьмяшчэньне ў ізалятар, хоць гэта называецца пакоем рэадаптацыі, неяк так».

«Гэтыя ўстановы нельга ставіць у адзін шэраг з калёніямі»

Тым часам прадстаўнік дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня «Сьвет бязь межаў» Аляксей Ананенка, чыя арганізацыя ладзіла самыя розныя праекты непасрэдна ў такіх вучэльнях, мае іншую думку:

«Нельга іх ставіць у адзін шэраг з калёніямі. А калі спрабуюць прыраўнаць, то гэта напэўна няправільна. Там асобны рэжым утрыманьня, асаблівыя ўмовы выхаваньня, што прапісана ў заканадаўстве. У адрозьненьне ад турмы, гэтыя дзеці могуць у суправаджэньні дарослых хадзіць у горад, удзельнічаць у мерапрыемствах, езьдзіць на экскурсіі, што з дапамогай нашай арганізацыі робіцца досыць актыўна. Ніякіх перашкодаў няма. Мы, напрыклад, праводзім лягер, прыяжджаем з валянтэрамі. Праводзім зь дзецьмі тыдзень розныя мерапрыемствы. Адзінае, што яны ня могуць, гэта як дома ўзяць ды пайсьці ў краму альбо на прагулку. У іх вельмі дакладны расклад дня. Пасьля выхаду з гэтых установаў, якія зьяўляюцца ўстановамі адукацыі, яны не падлягаюць назіраньню, як тыя, хто выйшаў зь месцаў зьняволеньня. Яны ў прынцыпе ня лічацца асуджанымі. Ніякіх санкцыяў адносна іх, забароны выезду з краіны няма. Калі яны атрымліваюць прафэсійную адукацыю, то могуць пасьля проста ўладкоўвацца на працу», — зазначае Аляксей Ананенка.

Паводле зьвестак, які мае Аляксей Ананенка, цяпер ва ўсіх чатырох установах утрымліваецца бліжэй да 200 дзяцей, чым да 300.

«Калі казаць пра мэдычную базу лячэбна-выхаваўчых установаў, фізіятэрапэўтычнае лячэньне, то ўсё гэта вельмі неблага. Вельмі добрая ЛФК. Гэта неабходна ўсім дзецям, бо яны маюць пэўныя асаблівасьці са здароўем. Ва ўсіх вучэльнях ёсьць тыя, хто вельмі часта ўжываў алькагольныя напоі, меў досьвед ужываньня іншых псыхаактыўных рэчываў. Амаль усе курылі. Я магу так меркаваць паводле расказаў саміх дзяцей. Але я ня ведаю, ці маюць гэтыя дзеці нейкія дыягназы нарколяга. Сёньня іх зьмяшчаюць туды за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў алькагольным стане ці ў наркатычным. Прычым гэта павінна быць неаднаразова і цягам вельмі кароткага часу. І, як нам расказваюць, там ня вельмі многа такіх дзяцей. Ёсьць прэзыдэнцкі дэкрэт, дзе некалькі падставаў, паводле якіх іх могуць зьмяшчаць не ва ўстановы, што падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі, а ў тыя, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй МУС. Але больш я не магу сказаць, таму што мы не паглыбляліся ў юрыдычныя тонкасьці гэтага дэкрэту».

«Прымусова можна лячыць толькі заразныя захворваньні»

Юрыста Паўла Сапелку сама пэрспэктыва прымусовага накіраваньня непаўналетніх нарказалежных у лячэбна-выхаваўчыя ўстановы закрытага тыпу, незалежна ад таго, пад чыёй юрысдыкцыяй яны будуць, «крыху засмучае». Пры гэтым спадар Сапелка робіць агаворку, што ня любіць разважаць пра такія прапановы, пакуль яны ня сталі часткай заканадаўства.. Калі ж гаварыць пра тое, ці можа лячэньне быць адначасна ізаляцыяй, то гэта з гледзішча закону немагчыма.

Сапелка: «Рэч у тым, што ў нас ні алькагалізм, ні наркаманія не зьяўляецца згодна з законам аб ахове здароўя захворваньнем, якое можа лячыцца прымусова. Прымусова лечацца тыя захворваньні, якія могуць быць небясьпечнымі ня толькі для носьбіта, але і для людзей навокал. У сьпісе ёсьць сухоты, чума, вэнэрычныя захворваньні. А што да прымусовай дапамогі пры алькагалізьме і наркаманіі, то тут выкарыстоўваецца закон аб ЛПП. Тут у чым сэнс? Агульны падыход у тым, што прымусовая мэдычная дапамога мае права на жыцьцё тады, калі ёсьць небясьпека для навакольных. І вось у гэтым і супярэчнасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG