Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка лічыць, што адмова ад 411 артыкула прывядзе да «групавых» злачынстваў


Праваабарончы цэнтар «Вясна» атрымаў адказ на свой зварот у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адносна адмены 411-га артыкула Крымінальнага кодэксу. Гэта артыкул, які дазваляе за шэраг дысцыплінарных парушэньняў караць вязьня новым рэальным тэрмінам.

Праваабаронцы заклікалі заканатворцаў адмяніць гэты артыкул, бо, на іх думку, адміністрацыі месцаў зьняволеньня злоўжываюць гэтай нормай закону, каб расправіцца зь вязьнямі, якія ім не даспадобы, у тым ліку палітычнымі.

Аднак старшыня камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Міхалькова, паводле яе ліста ў «Вясну», гэтак ня лічыць. З доказамі адносна злачынстваў паводле 411 артыкула разьбіраецца незалежны суд, а не адміністрацыя папраўчай установы, таму прысуды па такіх справах варта лічыць законнымі, мяркуе спадарыня Міхалькова і выказваецца супроць дэкрыміналізацыі 411 артыкула.

Паводле Людмілы Міхальковай, выключэньне артыкула з Крымінальнага кодэксу «прывядзе да ...дзеяньняў, якія заключаюцца ў злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, што можа дапамагаць стварэньню ўмоваў для зьдзяйсьненьня асуджанымі асобамі другіх злачынстваў, у прыватнасьці, групавых, выклікаць іншыя нэгатыўныя тэндэнцыі, якія пагоршаць стан апэратыўнай абстаноўкі і агульнай крымінагеннай сытуацыі ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сыстэмы».

У лютым суд, які прайшоў у магілёўскай турме, асудзіў актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка яшчэ на 1 год зьняволеньня. У той момант Мікалаю Дзядку заставалася некалькі тыдняў да адбыцьця тэрміну ў 4,5 года зьняволеньня нібыта за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў.

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч расказвае, якія менавіта дысцыплінарныя парушэньні сталі падставай, каб зноў судзіць палітвязьня Мікалая Дзядка:

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

«Вось Дзядок атрымаў некалькі спагнаньняў за тое, што ня быў у камэры адзеты адпаведна форме. Бо ў камэры было настолькі горача, а вэнтыляцыя не працавала, што проста немагчыма было знаходзіцца ў той робе. І чыя ж тут віна, што зьняволены знаходзіцца ў майцы, калі неверагодная сьпякота? Зразумела, што адміністрацыі, але пра гэта ніхто ня кажа. І вось з-за такіх розных дробязяў чалавек потым атрымлівае год пазбаўленьня волі».

Людміла Міхалькова з Палаты прадстаўнікоў спасылаецца ў сваім лісьце на тое, што падобныя артыкулы ёсьць у крымінальных кодэксах іншых краін, прыкладам, Узбэкістану, Казахстану і Ўкраіны.

Валянцін Стэфановіч на гэта заўважае, што такога артыкула няма ў аніводнай эўрапейскай краіне, нават у Расейскай Фэдэрацыі ад яго пазбавіліся.

«Гэты артыкул супярэчыць прынцыпам справядлівасьці і гуманнасьці, на якіх мусіць грунтавацца ў тым ліку і Крымінальны кодэкс Беларусі», — настойвае праваабаронца.

Паводле Валянціна Стэфановіча, адносна 411 артыкула «Вясна» рыхтуе новыя звароты ў органы, якія маюць права зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд, каб распачаць працэдуру адмены пэўнай нормы закону.

Дарэчы, да змаганьня за адмену 411 артыкула прычыніўся і Мікалай Дзядок, які дасылаў з магілёўскай турмы ліст з патрабаваньнем скасаваць гэтую норму і заклікам да грамадзтва патрабаваць гэтага ад уладаў. Як справы ў палітвязьня цяпер?

Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

На пачатку траўня Мікалая Дзядка з турмы ў Магілёве перавялі ў калёнію ў Горках, дзе ён адразу трапіў у карантын, нават не пасьпеўшы напісаць ліст сваякам.

«Лістоў ад яго з Горак няма, чакаем кожны дзень, але пакуль нічога», — паведаміў карэспандэнту Свабоды бацька палітвязьня Аляксандар Дзядок.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG