Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дамовіліся пра спыньне агню ў Шырокіна


Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў

У Менску ў «Прэзыдэнт-гатэлі» 22 траўня адбылося пасяджэньне трохбаковай (Украіна — Расея — АБСЭ) кантактнай групы па Ўкраіне.

Яна падвяла вынікі працы сваіх падгрупаў па палітычных, эканамічных, гуманітарных пытаньнях і бясьпецы.

Перад пасяджэньнем трохбаковай групы прайшло закрытае пасяджэньне падгрупы па палітычных пытаньнях. Плянавалася, што яна разгледзіць сытуацыю з правядзеньнем выбараў на ўсходзе Ўкраіны.

Працоўныя групы сустрэнуцца ў Менску 2 чэрвеня, паведаміла журналістам спэцпрадстаўнік АБСЭ Гайдзі Тальявіні.

Яна сказала, што сустрэча прайшла канструктыўна, паведамляе Інтэрфакс.

«Спадзяюся, што праца чатырох працоўных групаў дазволіць выканаць Менскія дамоўленасьці», — сказала яна.

Тальявіні дадала, што кантактная група «пакуль яшчэ ў працэсе распрацоўкі ўсіх мэханізмаў працы падгрупаў».

На пасяджэньні трохбаковай кантактнай групы 6 траўня ў Менску вырашана пачаць працу чатырох падгрупаў — па эканоміцы, па гуманітарных пытаньнях, па палітычных пытаньнях і па бясьпецы. Працу кожнай падгрупы каардынуе прадстаўнік АБСЭ.

Паводле УНІАН, кантактная група дамовілася аб спыненьні агню ў раёне Шырокіна.

Пра гэта ў Facebook напісаў прадстаўнік Украіны ў падгрупе бясьпекі Яўген Марчук. Ён адзначыў, што над рашэньнем спыніць абстрэлы працавалі апошнія тры дні і апошнюю ноч.

«Калі атрымаецца і ў далейшым прытрымлівацца дамоўленасьці аб спыненьні агню ў раёне Шырокіна, пра якую мы не паведамлялі, можа зьявіцца надзея. Але пакуль прайшло вельмі мала часу. Вельмі далікатная канструкцыя», — паведаміў Марчук.

XS
SM
MD
LG