Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тату-майстар Алесь Таболіч: Цяпер замест «Пагоні» набіваюць арнамэнт


Belarus - Not So merry pictures, belarus culture, saw, tatoo, tattoo, ornament, folk, belarus tattoo fest

Belarus - Not So merry pictures, belarus culture, saw, tatoo, tattoo, ornament, folk, belarus tattoo fest

30 і 31 траўня ў Палацы мастацтва пройдзе Трэці беларускі фэстываль татуіроўкі «Tattoo Fest 2015».

Ідэйны завадатар фэсту, музыка і тату-майстар Алесь Таболіч кажа, што ўпершыню такі фэстываль арганізуецца як агульнабеларускі — гэта значыць, што ў ім будуць удзельнічаць майстры з розных рэгіёнаў краіны:

«Мы прапагандуем беларускую тату-індустрыю. З дапамогай гэтага фэстывалю хочам узьняць беларускі ўзровень тату-культуры да эўрапейскага, паказаць, што татуіроўка ёсьць значнай часткай беларускай гісторыі і мастацкай культуры, а таксама ўзмацніць сяброўскі дух сярод беларускіх тату-прафэсіяналаў. Трэба, каб людзі ведалі, што цікавыя тату-студыі ёсьць ня толькі ў Менску, але і ў многіх іншых гарадах Беларусі».

Алесь Таболіч

Алесь Таболіч

У фэсьце возьмуць удзел больш за трыццаць тату-майстроў. Яны будуць працаваць паралельна ў адмыслова падрыхтаваных боксах. У гэты час на галоўнай сцэне і ў зоне адпачынку выступяць беларускія гурты.

А на сусьветным узроўні расьце цікавасьць да беларускай татуіроўкі як да асобнага жанру ў гэтым мастацтве. Майстры з Расеі, Украіны, эўрапейскіх краінаў цікавяцца традыцыйнай беларускай арнамэнтальнай татуіроўкай

«У Беларусі цяпер вельмі папулярная нацыянальная татуіроўка — найперш арнамэнт. А на сусьветным узроўні расьце цікавасьць да беларускай татуіроўкі як да асобнага жанру ў гэтым мастацтве. Майстры з Расеі, Украіны, эўрапейскіх краінаў цікавяцца традыцыйнай беларускай арнамэнтальнай татуіроўкай», — кажа Алесь Таболіч, які лічыць сябе пачынальнікам жанру беларускай арнамэнтальнай татуіроўкі.

У 2007 годзе ён разам з будучай жонкай вырашыў набіць беларускія, але не зьвязаныя з палітыкай тату. Спыніліся на беларускім традыцыйным арнамэнце. На міжнародным конкурсе ў Кіеве, куды Алесь Таболіч паехаў неўзабаве, ён ня толькі заняў другое месца, але і выклікаў вялікую цікавасьць да новага жанру, пачынальнікам якога стаў:

«Арнамэнтальная плынь пайшла зь Беларусі. Бо тады, у 2007 годзе, мае фота з тату-арнамэнтам надрукавалі ў польскім часопісе, і шмат людзей з тату-індустрыі зьвярнулі ўвагу на арнамэнтальнае тату. Тады такога нідзе не было. А цяпер арнамэнт выкарыстоўваюць у Расеі, Украіне, Латвіі, Польшчы і іншых краінах».

Вышыванкавы трэнд, які трывае цягам апошніх году-паўтара, не абмінуў і тату-індустрыю, кажа Алесь Таболіч. Але беларускі арнамэнт — не адзіны папулярны трэнд:

«Безумоўна, цяпер моцна вырасла колькасьць замоваў зрабіць наколку ў выглядзе беларускага арнамэнту. Іншыя папулярныя сюжэты — асобы выбітных беларусаў, накшталт Максіма Багдановіча ці Кастуся Каліноўскага, беларускія цытаты і афарызмы, розныя стылізацыі літары Ў, геральдыка. Ёсьць такая зьява, што людзі дасьледуюць свой радавод і, знайшоўшы гербы сваіх продкаў, пасьля робяць татуіроўкі. Увогуле, папулярныя татуіроўкі, зьвязаныя з нацыянальным калярытам, але менш палітычныя, хутчэй культурніцкія».

Алесь Таболіч кажа, што палітычная татуіроўка, да якой ён адносіць герб «Пагоню» і бел-чырвона-белы сьцяг, саступіла ў папулярнасьці тату, якія падкрэсьліваюць нацыянальны калярыт, але ня сьведчаць пра палітычныя погляды:

Прайшоў бум на „Пагоню“ і бел-чырвона-белы сьцяг. Гадоў пяць таму гэта было вельмі распаўсюджана. Але цяпер вельмі шмат робяць татуіровак з нацыянальным калярытам — ці арнамэнт, ці жывёліна, якая асацыюецца зь Беларусьсю, ці пэрсанаж зь міталёгіі.

«Прайшоў бум на „Пагоню“ і бел-чырвона-белы сьцяг. Гадоў пяць таму гэта было вельмі распаўсюджана. Але цяпер вельмі шмат робяць татуіровак з нацыянальным калярытам — ці арнамэнт, ці жывёліна, якая асацыюецца зь Беларусьсю, ці пэрсанаж зь міталёгіі. Мне здаецца, гэта вельмі прыгожа і добра, што не зьвязана з асабістымі палітычнымі поглядамі, а з нацыянальнымі і культурнымі каранямі чалавека. Людзі хочуць пазначыць сваю прыналежнасьць да гэтай зямлі, пазначыць сябе беларусамі. У такім рэчышчы і будзе адбывацца фэстываль».

Журы фэстывалю абярэ найлепшых удзельнікаў у шэрагу намінацыяў, сярод якіх — «Традыцыйная беларуская татуіроўка», «Беларускі рэалізм» і «Арнамэнтальная татуіроўка».

XS
SM
MD
LG