Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Заяц наведвае ЗША ў межах «дыфэрэнцыяванага падыходу»


Леанід Заяц

Леанід Заяц

У ЗША з афіцыйным візытам знаходзіцца міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанід Заяц. Гэта першы за доўгі час візыт у ЗША чыноўніка зь Беларусі на ўзроўні кіраўніка міністэрства.

Гэтая асаблівасьць візыту ўжо была адзначана СМІ: дзяржаўнае агенцтва БелТА назвала сам факт паездкі «свайго кшталту прарывам», бо візытаў міністэрскага ўзроўню зь Беларусі ў ЗША не было прынамсі дзесяць гадоў.

Палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў лічыць, што, можа, «прарывам» гэты візыт назваць і нельга, але гэта, безумоўна, прыкметная падзея.

«З фармальнага пункту гледжаньня гэта, безумоўна, дасягненьне, бо насамрэч такіх візытаў не было даўно. Але наконт „прарыву“ будзе ясна па выніках. Пакуль ніякай інфармацыі на гэты конт няма, таму прагнозы даваць рана», — адзначыў ён у размове з Радыё Свабода.

На думку Фёдарава, гэты візыт, у прыватнасьці, можа сьведчыць пра тое, што Злучаныя Штаты крыху мяняюць сваю палітыку адносна Беларусі:

«Ад агульнага адмаўленьня ўсяго, што тут адбываецца, ЗША пераходзяць да больш дыфэрэнцыяванага падыходу: не адмаўляючыся ад патрабаваньняў наконт дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, яны ўсё ж нейкім чынам пераходзяць да эканамічнага ўзаемадзеяньня».

Гэтая зьмена падыходаў у палітыцы ЗША, з пункту гледжаньня Фёдарава, можа быць зьвязаная з той пазыцыяй, якую дагэтуль Беларусь займала адносна падзеяў ва Ўкраіне.

Экспэрт лічыць, што ў такім дыфэрэнцыяваным падыходзе да беларуска-амэрыканскіх адносінаў афіцыйны Менск, безумоўна, зацікаўлены:

«Я ня ведаю, колькі выгады гэта дасьць у эканамічным пляне, але гэта, хутчэй за ўсё, будзе лепей, чым той стан рэчаў, які меў месца дагэтуль, калі наш гандаль з найбуйнейшай краінай у сьвеце быў мізэрны — проста сорамна было называць гэтыя лічбы».

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, у ходзе свайго візыту, які пачаўся 18 траўня, Заяц сустрэўся ў Вашынгтоне з кіраўнікамі Міністэрства гандлю і Міністэрства сельскай гаспадаркі Злучаных Штатаў. Падчас гэтых сустрэч абмяркоўваліся пэрспэктывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краін. Таксама міністар Заяц наведаў некалькі амэрыканскіх штатаў, дзе сустрэўся з кіраўніцтвам штатаў і прадстаўнікамі дзелавых колаў.

Паводле Зайца, візыт у ЗША праходзіць «вельмі прадуктыўна», і ўрад Беларусі разьлічвае бліжэйшым часам зрабіць вялікі рывок у пастаўках беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на амэрыканскі рынак.

Нягледзячы на тое, што кіраўнікі міністэрстваў Беларусі сапраўды ўжо даўно не прыяжджалі ў ЗША, увосень мінулага году Нью-Ёрк наведваў Міхаіл Мясьніковіч — на той момант дзейны прэм’ер-міністар. Праўда, візыт Мясьніковіча адбываўся ня ў рамках двухбаковых адносінаў — прэм’ер узначальваў дэлегацыю Беларусі на сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН. Тады Мясьніковіч меў кароткую пратакольную сустрэчу з Баракам Абамам, сустракаўся з сэнатарам Хакімам Джэфрысам, а таксама ўзяў удзел у беларуска-амэрыканскім інвэстыцыйным форуме.

Трэба адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка апошнім часам у сваіх публічных выступах даволі пазытыўна ацэньваў стан адносінаў Беларусі і ЗША. У нядаўнім пасланьні Нацыянальнаму сходу і беларускаму народу ён заявіў, што ЗША нарэшце зразумелі, што шлях да нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх адносінаў «ляжыць праз раўнапраўнае канструктыўнае супрацоўніцтва», а пошук пунктаў судакрананьня са Злучанымі Штатамі Амэрыкі праз рэалізацыю праектаў у сфэры эканомікі ўжо пачаў даваць першыя вынікі.

Раней, на студзеньскай прэс-канфэрэнцыі, Лукашэнка асабліва падкрэсьліваў, што ЗША ня ціснуць на яго: «Шчыра вам кажу: на нас амэрыканцы ні ўчора, ні пазаўчора ня ціснулі. Наадварот, мы зь імі вядзем размову, мы дамовіліся: мужыкі, ну хопіць адзін аднаго паліваць у СМІ. Мы гэтага ня бачым з боку амэрыканцаў. Няма той рыторыкі, якая была».

27 лютага намесьнік памочніка Дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў Амэрыкі ў справах Эўропы і Эўразіі Эрык Рубін прыяжджаў у Менск, дзе сустракаўся з Лукашэнкам.

XS
SM
MD
LG