Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці хацелі б вы, каб Беларусь далучылася да Эўразьвязу?..» — апытаньне ў Горадні


Ці хацелі б вы, каб Беларусь у будучыні далучылася да Эўразьвязу? Што для гэтага неабходна зрабіць? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Хлопец, студэнт: «Так, канечне, хацеў бы. У Эўразьвязе ўзровень жыцьця значна вышэйшы, чым цяпер у Беларусі. Я лічу, што дзеля гэтага патрэбныя перамены ў палітычным жыцьці нашае краіны».

Мужчына пэнсійнага веку: «Адназначна — не. Я пэнсіянэр, і жыцьцё мяне задавальняе, я атрымліваю пэнсію, я забясьпечаны і я жыву добра, больш нічога не хачу».

Мужчына сярэдняга веку: «Гэта як бы цяпер модна. Але галоўнае, каб быў мір на зямлі. Бо калі паглядзіш, што адбываецца ва Ўкраіне, то хочацца, каб быў мір і каб дзеці жылі пад мірным небам. А наконт Эўразьвязу няхай прэзыдэнт вырашае, уступаць альбо не. Мы людзі простыя, сьмяротныя...»

Мужчына сярэдняга веку: «Так, канечне, хацеў бы, там жыць значна лепей, усё таньнейшае, заробкі высокія. Дзеля гэтага трэба памяняць Лукашэнку, і ўсё».

Жанчына сярэдняга веку: «Ой, напэўна, не, я ня ведаю, не магу неяк больш дакладна сказаць. Але ўсё ж здаецца, што не, бо мы ўжо прывыклі быць разам з Расеяй».

Маладая дзяўчына: «Я ня супраць, каб мы сталі сябрам Эўразьвязу. Я вось студэнтка, для мяне было б болей пэрспэктываў у пляне працы, адукацыі, павышэньня кваліфікацыі. Але для гэтага трэба вельмі-вельмі шмат зрабіць».

Жанчына перадпэнсійнага веку: «Беларусь павінна быць пасярэдзіне, і ня трэба губляць ні Захаду, ні Ўсходу. Беларусь пасярэдзіне Эўропы і шмат выйграе ад гэтага сваёй тэрыторыяй, прыродай. І калі мы ня выкарыстаем свайго становішча, калі ня выкарыстаем талерантнасьці людзей, то мы згубім нашу краіну. Няхай яна жыве і квітнее, але пры гэтым трэба, каб захавала сваю незалежнасьць і, як кажуць палякі, нацыянальную самасьвядомасьць».

Мужчына сярэдняга веку: «Мне здаецца, ня трэба нам у Эўразьвяз, вунь па суседзях ужо відаць, што творыцца ва Ўкраіне. Дый у нас усё нядрэнна».

Мужчына перадпэнсійнага веку: «А што нам ад гэтага будзе? Думаю, што лепшага нічога ня будзе, хаця і зараз у нас нічога добрага няма. Трэба будзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў неяк вызначацца. А ад таго, што мы ўвойдзем у Эўразьвяз, фабрыкі і заводы не запрацуюць. Таму трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG