Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паланёныя расейцы хочуць вярнуцца дадому


Аляксандар Аляксандраў

Аляксандар Аляксандраў

Карэспандэнт расейскага выданьня «Новая газета» Павел Каныгін ўзяў інтэрвію ў затрыманых ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгенія Ерафеева.

Публікацыю на сайце «Новай газеты» журналіст пачаў з такіх ўводзінаў:

«З затрыманымі Аляксандравым і Ерафеевым мне далі сустрэцца тэт-а-тэт. Расейцы ляжаць у суседніх аднамесных палатах, па суседзтве з параненымі вайскоўцамі Ўзброеных сілаў Украіны. Корпус, дзе ляжаць расейцы, ахоўвае з паўтара дзясятка людзей у цывільным. Абодвух ужо наведалі прадстаўнікі АБСЭ, Чырвонага Крыжа, псыхолягі і адвакат. Не прыйшлі да гэтага часу толькі афіцыйныя прадстаўнікі Расеі — паводле міжнароднага права консульскія работнікі маюць такую магчымасьць (і — неабходнасьць).

Аляксандраву дзень таму завяршылі складаную апэрацыю на назе. Пакуль ён ня можа нават прыўстаць. Але пасьля рэабілітацыі зноў будзе хадзіць, як кажуць мясцовыя лекары, якія выратавалі яму нагу. А Ерафееву апэравалі руку — на ёй цяпер амэрыканскі апарат. У абодвух выпадках пагрозы ампутацыі больш няма.

Частка нашай размовы па просьбе саміх параненых ідзе «оффзэрэкорд». Абодва распытваюць мяне аб навінах і рэакцыі ў Расеі. Хоць яны ўжо ў курсе з гутарак з СБУ-шніками аб тым, што звольненыя са службы яшчэ ў сьнежні. У курсе, што іх не прызнае Мінабароны РФ, затое называюць «народнымі міліцыянтамі» ў «ЛНР». Але да канца ня вераць у гэта. Капітан Ерафееў кажа мне, што «ўсё гэта развод гэтых у СБУ». І, здаецца, ня верыць нават мне, калі я пацьвярджаю дрэнныя навіны: не прызнаюць.

Сяржант Аляксандраў ня можа стрымаць сьлёзаў, даведаўшыся ад мяне пра сюжэт на «Расеі-24».

Пару разоў я выключаю камэру, пакідаючы толькі дыктафон, таму што ня ў стане такое здымаць. Напрыклад, калі сяржант Аляксандраў ня можа стрымаць сьлёзаў, даведаўшыся ад мяне пра сюжэт на «Расеі-24». Там яго жонка Кацярына распавядае, што Аляксандр быў звольнены з вайсковай службы яшчэ ў сьнежні 2014 году і яна ня ведала пра яго паездку на Данбас.

Аляксандраў: Скажы мне, чаму так? Я ж толькі загад, я не тэрарыст... Быў загад! Я ж прысягу даваў Радзіме! Я ж паехаў... Скажы, табе колькі вось гадоў?

Каныгін: Дваццаць восем.

Аляксандраў: Ну, равесьнікі, значыць. Ня ведаю, служыў ты, не служыў. Але ты з Расеі таксама, землякі ж мы як бы. Скажы, як такое магло наогул?.. Чаму яны адмаўляюцца ад нас?

Каныгін: Я ня ведаю, Саша.

Аляксандраў: Заданьне ж было! А сюжэт гэты, ты казаў, на тэлебачаньні, там што наогул? Жонка там ёсьць ці толькі фатаграфія яе?

Каныгін: Па-мойму, яна там пра вас расказвае.

Аляксандраў: Ну, можа гэта проста толькі фатаграфія яе?! — Аляксандраў закрывае твар ручніком. — Чаму яна такое распавядае?!

Каныгін: Саша, можа быць, гэта не зусім яна.

Аляксандраў: А хто?!

Каныгін: Я ўпэўнены, што яна вас па-ранейшаму любіць, але напэўна, казала гэта не па сваёй волі.

Аляксандраў: Ну чаму?! Я ж прысягаў!... Мы зь ёй разам, у адной частцы...

Я ня ведаю, як рэагаваць на такое. Ня ведаю, што наогул тут сказаць. У канцы інтэрвію Аляксандраў просіць яшчэ раз перадаць, што любіць Кацярыну. Я выходжу з палаты, а сяржант са сьлязамі закопваецца ў вафэльны ручнік.

Інтэрвію гэтае я запісваю зь іх згоды. Частку часу пры размове прысутнічае чалавек у цывільным, але потым гутарка ідзе сам-насам. Параненыя салдаты хочуць, каб сваякі і сябры ўбачылі іх жывымі, і ня хочуць аказацца забытымі. Хочуць вярнуцца дадому».

Каныгін: Маглі б вы прадставіцца, распавесьці крыху пра сябе. Вас завуць Аляксандраў Аляксандр?

Аляксандраў: Так, Аляксандр Анатольевіч. Нарадзіўся 7 студзеня 1987 году ў Паўднёва-Сахалінску. У цяперашні час прапісаны ў Кіраўскай вобласьці. Там пражываюць мае бацькі. Я грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. Дзейны вайсковец (узброеных сіл РФ — П. К.). Ва ўсякім выпадку быў.

Каныгін: Былі?

Аляксандраў: Ну, наколькі мне вядома, сам я не звальняўся, рапартаў ніякіх не пісаў.

Каныгін: Гэта значыць, вы [лічыце сябе] дзейным вайскоўцам расейскай арміі?

Аляксандраў: Так.

Каныгін: Як вы самі лічыце, які на дадзены момант ваш статус тут? Вы ваеннапалонны або ў нейкім іншым статусе?

Аляксандраў: Хацелася б, каб быў ваеннапалонным. Гэты статус мне, скажам так, падабаецца больш чым статус найміта або бандыта. (...)

Каныгін: Маглі б вы распавесьці, як вы апынуліся каля населенага пункту Шчасьце?

Ерафееў: Ну, я там выконваў баявое заданьне па назіраньні за бакамі, якія вялі канфлікт. Так атрымалася, што, магчыма, зьбіўся з маршруту трошкі. У ходзе перастрэлкі [з салдатамі Узброеных сілаў Украіны] атрымаў раненьне на полі бою. Украінскія вайскоўцы аказалі нам на дапамогу.

Каныгін: Вы кажаце, што вы назіралі?

Ерафееў: Ну так, не было загаду наогул, не выконваў я спэцыяльную місію нейкую па зьнішчэньні, па захопу, там. Нікога не забіваў, не было нават загаду страляць. Быў толькі загад страляць у адказ — у мэтах самаабароны.

Каныгін: СБУ кажа, што была перастрэлка паміж вамі і салдатамі Узброеных сілаў Украіны.

Ерафееў: Так, была, прычым раптоўна.

Каныгін: Скажыце, украінскія вайскоўцы былі апавешчаныя, што вы зьяўляецеся назіральнікамі і назіраеце за бакамі канфлікту?

Ерафееў: Не, мы рабілі гэта патаемна. Ну як растлумачыць? Ня ў рамках назіральнай місіі. (...)

XS
SM
MD
LG