Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сур'ёзныя i маўклівыя – дзьве прынцыповыя хібы беларусаў


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

24 траўня 1995 году адбылася першая акцыя на вуліцы, якую ня тое каб разагналі – не пасьпелі, але ўрэшце затрымалі шэраг удзельнікаў: студэнтаў БДУ і чальцоў партыі Аматараў Піва.

Дваццаць гадоў таму юнакі парвалі на кавалкі і спалілі сьцяг БССР – як адказ на дзеяньні прэзыдэнцкага заўхоза Івана Ціцянкова, які дзесяцьцю днямі раней перад камэрай парваў б-ч-б сьцяг, што лунаў над рэзыдэнцыяй прэзыдэнта.

Я быў за сымбалізм: панёс сьцяг – як на кадрах кінахронікі да маўзалею Леніна нясуць нацысцкія штандары.

Але хлопцы ўрэшце замацавалі чырвона-зялёны сярпасты-малаткасты на прыбіральні (той самай гістарычнай, каля тэатру Янкі Купалы), а пасьля падралі на кавалкі, і нават некаторыя спалілі.

«Як так – мы ж ня варвары як яны», – думаў я, але не ўтрымаўся, і апошні кавалачак аддзёр для сябе – у калекцыю.

Усе прамінулыя дваццаць гадоў людзі, якія не прынялі новую ўладу, заставаліся па-над мэтадамі хамства, якое выкарыстоўвалі супраць іх на афіцыйным узроўні.

Дэ-факта ішло і ідзе супрацьстаяньне годнасьці. Сутычкі, палкі, камяні на дэманстрацыях – гэта маленькі адсотак ад агульных мэтадаў: сьцягі, кветкі, прамовы.

Нават у тыя часы, калі міліцыя была ненавучаная, а імпэт шырокіх масаў быў агромністы.

Я б сказаў, што ў Беларусі быў балтыйскі варыянт супрацьстаяньня, але мы так і не навучыліся сьпяваць. Стаяць і сьпяваць. Мы хадзілі пад рэчоўкі: туды – сюды, туды – сюды.

Ужо Беларусь была выйшла на першае месца ў сьвеце па колькасьці людзей у пагонах на душу насельніцтва, а ніхто не ўсчыняў бунтаў і пераваротаў.

Уладам даводзілася самім прыдумляць ворага, дэманізаваць бяскрыўдныя ініцыятывы кшталту «Маладога Фронту». Каб хоць неяк апраўдаць бюджэты на «бясьпеку», якія ўсё расьлі.

Шмат сустракаў меркаваньняў беларусаў, якія енчаць, маўляў, вунь у суседзяў усё больш дынамічна, а ў нас ужо за маўклівыя воплескі на вуліцы забіраюць, а апошнія гады дык і няма каго. Людзі з суседніх краінаў пытаюцца – «як вы гэта ўсё трываеце?».

Мяне расчароўвала толькі адно – мы не навучыліся сьпяваць супольныя песьні: старыя і новаствораныя. А так – я ганаруся гэтым супрацьстаяньнем годнасьці. Колькі хамы ні спрабуюць зацягнуць на свой ніжні ўзровень, людзі не вядуцца.

Апроч песень, мы яшчэ не навучыліся сьмяяцца: як з хамаў, гэтак і з саміх сябе – сур'ёзных.

Убачыў у сеціве кніжку-фэнтэзі на тэму «ратаваньня расейскім супэр-героем Беларусі ў 2020 годзе ад заходніх ворагаў».

Згадалася, што гадоў за сем-восем перад інтэрвэнцыяй ва Ўкраіну расейцы пачалі падобныя фэнтэзі штампаваць адносна Данбасу.

Прыяцель у камэнтах задае пытаньне, маўляў, чаму б беларусам не пачаць выдаваць падобнае контрфэнтэзі? А я згадаў словы Чэрчыля: «Навошта перамога, калі ня будзе культуры?».

Самакрытычнасьць – замест самазьнішчэньня, іронія – замест пэсымізму, сарказм – замест злосьці, сьмех – замест панурасьці. І агульны сьпеў – як чын яднаньня.

Сьмех і сьпевы – вось чаго бракуе супраціву годнасьці.

XS
SM
MD
LG