Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 musts have для выпускной вечарыны


Стужка выпускніка, выпускніцы і кляснага кіраўніка

Стужка выпускніка, выпускніцы і кляснага кіраўніка

Перад традыцыйнымі школьнымі ўрачыстасьцямі Арт Сядзіба выпусьціла стужку «для сапраўднага беларускага выпускніка». І прапануе цэлую канцэпцыю правядзеньня школьных апошніх званкоў і выпускных вечарынаў.

Актывіст Арт Сядзібы Аляксей Сапрыкін кажа, што першая замова на правядзеньне беларускай выпускной вечарыны прыйшла з 23-й гімназіі гораду Менску. Для гімназістаў ужо распрацавалі сцэнар і запрасілі беларускі гурт.

Аляксей Сапрыкін назваў рэчы, неабходныя, каб зрабіць сапраўдную выпускную вечарыну.

1. Жаданьне пакінуць школу годна

Аляксей Сапрыкін

Аляксей Сапрыкін

«Ня так важна, на якім узроўні вы ведаеце мову і ці карыстаецеся ёю штодня. Калі ёсьць жаданьне адзначыць апошні званок па-беларуску, з нацыянальнай атрыбутыкай, зь беларускімі вядоўцамі, — гэта магчыма. „Пакінь школу годна!“ — лёзунг гэтай кампаніі, у межах якой мы ладзім беларускія вечарыны».

2. Стужка выпускніка, выпускніцы і кляснага кіраўніка

«Гэта тое, чым выпускнікі адрозьніваюцца ад іншых урачыста апранутых людзей. Я разумею, што ёсьць тыя, хто лічыць такую стужку недарэчнай, бо яна нагадвае сьведак ці сватоў на вясельлі. Але стужкі ўсё роўна выкарыстоўваюцца, дык лепш браць не стандартныя зь безгустоўна зробленымі надпісамі па-расейску, а стужкі-вышыванкі, на якіх напісана па-беларуску».

3. Вышыванкі, аксэсуары з нацыянальным арнамэнтам

«Цяпер ёсьць безьліч гатункаў вышыванак, стылёвых сукенак і кашуляў з нацыянальным арнамэнтам, а таксама вышыванкавыя аксэсуары: гальштукі-мятлікі, паясы, завушніцы, бранзалеты, торбачкі. Сэнс у тым, што гэта не выглядае па-сялянску, бо зроблена ў сучасным стылі, але з нацыянальным адценьнем. Добрая нагода вылучыцца, захаваць на ўсё жыцьцё арыгінальныя фатаздымкі, дзе аднаклясьнікі — у прыгожых вышыванках, а аднаклясьніцы — у прыгожых беларускіх сукенках».

4. Беларуская праграма

«Беларуская музыка, беларускамоўны вядоўца, беларускія конкурсы і цікавосткі».

5. Нацыянальнае мэню

«Патрэбны традыцыйны беларускі стол з дранікамі, верашчакай, бабкай, квасам. Гэта школьная вечарына, таму яна безалькагольная. Але ёсьць багата страваў, якія падкрэсьляць нацыянальны стыль імпрэзы і адначасова ня будуць горшымі за стандартныя бутэрброды, салаты і мясныя нарэзкі».

Бацька адной з выпускніц 23-й гімназіі Вінцук Вячорка кажа, што ў беларускай гісторыі багата прыкладаў таго, як ладзіць школьныя імпрэзы, таму ня трэба арыентавацца на савецкія ці заходнія ўзоры:

«У нас была несавецкая школьная традыцыя — гэта беларускія навучальныя ўстановы міжваеннай пары: Віленская, Наваградзкая гімназіі, Радашкаўская настаўніцкая сэмінарыя. Там на вечарынах былі канцэрты, сьпевы, былі акадэмічныя шапкі зь перакідваньнем кутасіка — можна казаць, што тут Беларусь разьдзяляла шматлікія эўрапейскія і эўраатлянтычныя традыцыі».

Вінцук Вячорка лічыць, што для беларускіх школьнікаў няма праблемы арганізаваць вечарыну ў нацыянальным стылі — абы ахвота вучняў і іхніх бацькоў:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«Я спадзяюся, што праблемаў у выглядзе касых позіркаў школьнага начальства не павінна быць. Усё ж такая вечарына здараецца раз у жыцьці, а таму выпускнікі і іх бацькі маюць права аздобіць гэтае сьвята так, як палічаць патрэбным. Што да аздабленьня і рыштунку, то сёньня не бракуе ініцыятываў і камэрцыйных структураў, якія вырабляюць вышыванкі і атрыбутыку з нацыянальнай сымболікай. Важны складнік — музычны рэпэртуар, на выпускных вечарынах павінна панаваць беларуская і ўсясьветная музыка, пад якую можна бавіцца, а падчас уручэньня атэстатаў — адпаведныя песьні не з расейска-савецкага рэпэртуару. Напрыклад, ёсьць школьныя альбомы, якія падрыхтавала Тацяна Матафонава».

На жаль, самі школы, нават беларускамоўныя паводле статуту, не прапануюць выпускным клясам такі варыянт сьвяткаваньня, кажа Вінцук Вячорка.

«Школы не задумваюцца пра гэта, таму арганізацыя беларускай вечарыны — справа саміх выпускнікоў і іх сем’яў. Але лягічна было б чакаць, што тыя 8 ці 10 школаў, якія беларускамоўныя паводле сваіх статутаў, мусілі б задумацца пра гэта».

XS
SM
MD
LG