Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня стартуе новы культурны праект «Цытуй сваё», мэта якога — актуалізаваць найлепшыя ўзоры беларускай думкі. Ініцыятары праекту — прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

У межах праекту будзе зьбірацца лепшае зь беларускай думкі розных часоў.

Анталёгія беларускай думкі будзе складацца калектыўна — усе ахвочыя могуць даслаць свае ўлюбёныя цытаты беларускіх аўтараў на электронную пошту: cytuj.svajo@gmail.com. Працэс складаньня анталёгіі будуць камэнтаваць выбітныя асобы беларускай культурнай прасторы. Праект разьлічаны на два месяцы.

Асноўнай пляцоўкай праекту «Цытуй сваё» будзе сайт кампаніі «Будзьма беларусамі». У склад аргкамітэту ініцыятывы ўвайшлі Ўлад Вялічка (Міжнародны кансорцыюм «ЭўраБеларусь»), Максім Жбанкоў (Беларускі калегіюм), Міхал Анемпадыстаў (Беларускі саюз дызайнэраў), Тацяна Вадалажская (Лятучы ўнівэрсытэт), Глеб Лабадзенка («Мова Нанова»), Лізавета Неўмяржыцкая (грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!»).

Пра дэталі новай ініцыятывы Радыё Свабода распавёў сябра аргкамітэту праекту «Цытуй сваё», філёзаф і культуроляг Максім Жбанкоў.

Максім Жбанкоў

Максім Жбанкоў

— Мэта гэтага праекту — так бы мовіць, аднавіць культурніцкую памяць у самых шырокіх колах беларусаў. Бо заўсёды мы ведаем нейкі абмежаваны сьпіс аўтараў, аўтарытэтаў, а часьцей за ўсё мы іх проста і ня ведаем, бо адукацыя наша і жыцьцёвы досьвед ня вельмі гэтаму спрыяе, шчыра кажучы. Менавіта таму гэтая ініцыятыва накіраваная на тое, каб сапраўды натхніць самыя шырокія колы, перадусім маладых беларусаў, чытаць сваё, ведаць сваё і, натуральна, цытаваць сваё. Што тычыцца пэрспэктыў праекту, то мы паглядзім, як будзе атрымлівацца, бо мы папросту хочам нагадаць, што ў нас ёсьць шыкоўная скарбонка беларускай думкі, якую сапраўды трэба ведаць і выкарыстоўваць штодзень.

— Якія будуць крытэры адбору тэкстаў?

— Дакладных крытэраў адбору няма, бо мы прынцыпова адмаўляліся ад нейкай інтэлектуальнай цэнзуры ды абмежаваньняў. Ясная справа, што гэта маюць быць яскравыя, выразныя, афарыстычныя беларускія думкі ад сур’ёзных аўтарытэтаў і проста таленавітых аўтараў. Такім чынам, як для мяне (я цяпер ад сябе кажу), калі побач будуць, напрыклад, Алесь Разанаў ды Лявон Вольскі, а да іх далучыцца Ірына Дубянецкая ды Андрэй Хадановіч, то гэта будзе шыкоўная кампанія беларускіх інтэлектуалаў. Галоўнае, каб беларускія словы, беларуская думка былі жывымі, а хто аўтар — не істотна. Галоўнае, каб быў талент і каб была беларушчына.

— Думкі павінны быць выключна на беларускай мове або дапускаецца і расейская?

— А чаму вы ўзгадалі толькі беларускую і расейскую? Ёсьць яшчэ польская, габрэйская, ёсьць шмат моў, якія зьяўляюцца часткай беларускага досьведу, беларускай культуры і, натуральна, беларускай сьвядомасьці. Таму абмежаваньняў у гэтым сэнсе ў нас няма: відавочна, што першаўзоры могуць быць на якой заўгодна мове ад тых аўтараў, ад тых мысьляроў, ад тых таленавітых інтэлектуалаў, якія жывуць у Беларусі і, як кажа спадар Уладзімер Мацкевіч, «думаюць Беларусь». Але, натуральна, у межах самога праекту гэтыя цытаты будуць перакладацца на беларускую мову і, незалежна ад іх паходжаньня, выходзіць у беларускай вэрсіі.

— А які павінен быць памер цытатаў?

— Калі мы кажам «цытата», то «цытата» ў шырока распаўсюджаным ужываньні — гэта заўсёды некалькі радкоў. Таму, натуральна, гэта ня будуць манаграфіі. Хутчэй за ўсё, гэта будзе, магчыма, пара сказаў. Як для мяне, каб выказаць думку, гэтага, у прынцыпе, хапае.

— Што вы будзеце рабіць з тым матэрыялам, які будзе сабраны па выніках праекту? Ці ёсьць пляны выпусьціць кнігу?

— Мы пакуль пра гэта ня думалі. Але мы маем пляны працягнуць гэты праект такім чынам, каб тое, што будзе адабрана, тое што трапіць у топы беларускай думкі, беларускіх цытатаў, было выкарыстана, магчыма, у межах дызайну — напрыклад, тых жа вышымаек ці чагосьці яшчэ. Але пра гэта казаць зарана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG