Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўцы хочуць бязьвізавага рэжыму з краінамі «Ўсходняга партнэрства»


У Рызе праходзіць Трэці бізнэс-форум «Усходняга партнэрства», на якім Беларусь прадстаўляе першы намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі.

На бізнэс-форум «Усходняга партнэрства» ў Рыгу зь Беларусі прыбыла вялікая дэлегацыя бізнэсоўцаў і чыноўнікаў — усяго каля сарака чалавек.

Выступаючы на форуме, афіцыйны прадстаўнік Беларусі, першы намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі выказаў пазыцыю ўраду:

«З пункту гледжаньня Беларусі, эканамічная частка супрацоўніцтва павінна быць флягманам „Усходняга партнэрства“. Мяркуем таксама, што супрацоўніцтва з асобнымі краінамі павінна быць пэрсаналізаваным... Беларусь — надзейны, прадказальны і стабільны партнэр для Эўразьвязу, і мы гатовыя пайсьці ў супрацоўніцтве з Эўрапейскім Зьвязам настолькі, наколькі ён гатовы».

Да перавагаў Беларусі ў канкурэнтнай барацьбе спадар Забароўскі аднёс добры «чалавечы капітал». Ён заявіў, што Беларусі патрэбная падтрымка Эўразьвязу ў падрыхтоўцы заканадаўства, спрыяльнага для вядзеньня бізнэсу.

Спадар Забароўскі падкрэсьліў таксама, што Беларусь — краіна, якая імкнецца да мірнай Эўропы, да ўстойлівага разьвіцьця:

«І мяркуем, што такая Эўропа павінна быць безь ярлыкоў і разьдзяляльных межаў».

Старшыня Нямецкага камітэту эканамічных сувязяў з Усходняй Эўропай (Ost-Ausschuss) Райнэр Лінднэр выказаў на форуме зацікаўленасьць эўрапейскага бізнэсу ў пашырэньні эканамічных сувязяў з шасьцю ўдзельнікамі праграмы «Ўсходняе партнэрства» і заклікаў кіраўніцтва Эўразьвязу:

«Нам патрэбны бязьвізавы рэжым з усімі краінамі „Ўсходняга партнэрства“, і Эўракамісіі варта было б гэтым заняцца ўжо бліжэйшым часам».

Эўракамісар у пытаньнях пашырэньня і палітыцы суседзтва Ёганэс Ган у адказ на гэты заклік пацьвердзіў важнасьць бязьвізавага рэжыму і заявіў, што да канца гэтага году адносна Ўкраіны і Грузіі, калі тымі будуць выкананыя апошнія фармальнасьці, Эўракамісія можа ўхваліць станоўчае рашэньне аб бязьвізавым рэжыме.

Райнэр Лінднэр таксама зазначыў, што, акрамя Беларусі, усе краіны «Ўсходняга партнэрства» сутыкаюцца з унутранымі праблемамі акупаваных тэрыторыяў, і трэба вырашаць праблемы ўнутраных камунікацыяў зь імі. Бізнэс можа ў гэтым дапамагчы, але найперш цяпер трэба спыніць вайну на Данбасе.

Беларусь і Эўразьвяз цяпер вядуць перамовы пра аблягчэньне візавага рэжыму, адпаведная дамова таксама можа быць падпісаная сёлета. Малдова ўжо падпісала дамову аб бязьвізавым рэжыме з Эўразьвязам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG