Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмовілася падпісваць заяву Рыскага саміту пра анэксію Крыму


Асноўнае паседжаньне саміту адбудзецца ў пятніцу ў Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі, пабудаванай у 2014 годзе

Асноўнае паседжаньне саміту адбудзецца ў пятніцу ў Нацыянальнай бібліятэцы Латвіі, пабудаванай у 2014 годзе

У сталіцы Латвіі, якая старшынюе ў Эўразьвязе сёньня пачынаецца двухдзённы саміт «Усходняга партнэрства», на якім лідэры Эўразьвязу сустрэнуцца з партнэрамі з шасьці краінаў-суседзяў: Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

Беларусь на саміце будзе прадстаўляць міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Украіна і Грузія спадзяваліся на гэтым саміце дамовіцца аб бязьвізавым рэжыме з Эўразьвязам, а Беларусь — пра аблягчэньне візавага рэжыму, але, як чакаецца, адпаведныя дакумэнты ў Рызе падпісаныя ня будуць.

Гэтыя тэмы, а таксама праект выніковай заявы саміту будуць абмяркоўвацца пад час перамоваў у Рызе сёньня і заўтра.

Як паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на аднаго з эўрапейскіх дыпляматаў у Брусэлі, Армэнія і Беларусь адмовіліся падпісваць які-небудзь тэкст, калі ў ім будзе казацца пра «анэксію Крыму». Паводле слоў эўрапейскага дыплямата, Эўразьвяз вымушаны распрацоўваць кампрамісны варыянт тэксту. Ён дадаў, што посьпех саміту будзе залежаць ад таго, як лідэры краін сфармулююць дэталі гэтай заявы і «як яна будзе прачытаная Масквой».

Раней МЗС Расеі выступіў з заявай, што Рыскі саміт носіць «антырасейскі характар».

У выніковым дакумэнце саміту, як чакаецца, будзе ўтрымлівацца асуджэньне Эўразьвязам далучэньня Крыму да Расеі, а таксама будзе згадвацца пазыцыя ўсіх іншых краінаў-удзельніц саміту, выказаная імі пры галасаваньні ў ААН у сакавіку 2014 году. Тады Армэнія і Беларусь падтрымалі пазыцыю Масквы, адмовіўшыся прагаласаваць за рэзалюцыю Генэральнай асамблеі ААН у падтрымку цэласнасьці Ўкраіны і асуджэньня анэксіі Расеяй Крыму.

Паралельна сёньня ў Рызе пройдзе Трэці Бізнэс-форум «Усходняга партнэрства», які будзе прысьвечаны тэме трансмежнага эканамічнага супрацоўніцтва. Удзельнікаў форуму прывітаюць прэзыдэнт Латвіі Андрыс Берзіньш, старшыня Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку Вэрнэр Гоер. Сярод выступоўцаў — першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Забароўскі.

На форум прыбывае вялікая група беларускіх бізнэсоўцаў на чале са старшынёй Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімерам Карагіным.

Цягам сёньняшняга дня ў Рыгу будуць прыбываць прэзыдэнты краін Эўразьвязу і дзяржаваў-партнэраў. Увечары ў іх будзе нефармальная сустрэча ў Доме чорнагаловых — адноўленым у 1999 годзе палацы рыскіх купцоў на Ратушнай плошчы.

У пятніцу будзе асноўны працоўны дзень саміту прэзыдэнтаў краін Эўразьвязу і краінаў-партнэраў.

Як паведамляе прэсавая служба МЗС Латвіі, саміт «Усходняга партнэрства» «прадставіць магчымасьць ацаніць прагрэс, дасягнуты ў адносінах паміж ЭЗ і ўсходнімі партнэрамі з моманту апошняга саміту ў Вільні, а таксама для выяўленьня і пачатку распрацоўкі новай стратэгіі далейшых крокаў, якія неабходна зрабіць».

«Саміт таксама будзе прысьвечаны першапачатковаму абмену думкамі па выніках прымяненьня трох пагадненьняў аб асацыяцыі з Эўразьвязам, падпісаных з Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай, адначасова ўмацоўваючы сувязі з Армэніяй, Азэрбайджанам і Беларусьсю. Новыя праекты, якія прадстаўляюць агульны інтарэс — у прыватнасьці, стварэньне адзінай эўрапейскай эканамічнай зоны — таксама можа быць тэмай для абмеркаваньня падчас сустрэчы на найвышэйшым узроўні».

Праграма «Усходняе партнэрства» — ініцыятыва, заснаваная краінамі ЭЗ у 2009 годзе. Мэта праграмы — паглыбленьне супрацоўніцтва з гэтымі краінамі ў розных сфэрах, гаворыцца таксама аб палітычнай асацыяцыі, зоне свабоднага гандлю з гэтымі краінамі, а таксама пэрспэктывах візавай лібэралізацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG