Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцыя пагражае дэфолтам у выпадку неатрыманьня грошай ад крэдытораў


Грэцыя ня зможа ажыцьцявіць будучы плацёж Міжнароднаму валютнаму фонду 5 чэрвеня, калі замежныя крэдыторы не дадуць ёй фінансавую дапамогу, заявіў у сераду прадстаўнік кіруючай партыі.

Урад прэм’ер-міністра Алексіса Цыпраса спадзяецца дасягнуць пагадненьня аб дапамозе ў абмен на рэформы ў бліжэйшыя дні, аднак Эўразьвяз і МВФ менш аптымістычныя і кажуць, што перамовы праходзяць занадта павольна для гэтага, піша агенцтва Ройтарс.

Грэцкія чыноўнікі цяпер паказваюць на тое, што набліжаецца тэрмін новых плацяжоў МВФ на агульную суму каля 1,5 мільярда эўра ($ 1,7 мільярда), і хочуць заключыць пагадненьне да 5 чэрвеня, калі будзе неабходна зрабіць першы транш Фонду памерам 300 мільёнаў эўра.

«Наступіў момант, калі перамовы набліжаюцца да крытычнага пункту. Наступіў момант ісьціны, 5 чэрвеня, — сказаў Нікас Філіс, прадстаўнік партыі СІРЫЗА, тэлеканалу ANT1. — Калі да гэтага дня ня будзе зьдзелкі, якая вырашыць цяперашнюю фінансавую праблему, яны не атрымаюць ніякіх грошай».

Перамовы паміж Грэцыяй і яе крэдыторамі зайшлі ў тупік праз патрабаваньні Атэн адмяніць працоўную і пэнсійную рэформы, а таксама зьнізіць бюджэтныя арыенціры, устаноўленыя ў рамках яе праграмы дапамогі.

У ліку саступак, на якія ідуць Атэны — увядзеньне спэцыяльнага падатку на банкаўскія трансакцыі, аднак яго абмеркаваньне толькі пачалося, паведамілі дзьве крыніцы, блізкія да перамоваў.

Урад Цыпраса даў зразумець, што, калі перамовы праваляцца, ён у першую чаргу заплаціць пэнсіянэрам і дзяржаўным службоўцам, перш чым абслугоўваць доўг.

Аналітыкі кажуць, што недахоп грошай у краіне ўзмацняецца і рана ці позна ёй спатрэбіцца новая фінансавая дапамога, каб пазьбегнуць банкруцтва. Рэйтынгавае агенцтва Moody’s паведаміла, што вялікая верагоднасьць ўвядзеньня кантролю за капіталам і замарожваньня дэпазытаў у краіне, паколькі ўкладчыкі выводзяць грошы з банкаў, баючыся нацыянальнага банкруцтва і выхаду Грэцыі з эўразоны.

XS
SM
MD
LG