Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салодкае жыцьцё галоўнага даішніка Ўкраіны


Начальнік украінскай ДАІ сышоў у адстаўку пасьля публікацыі расьсьледаваньня ўкраінскай службы Радыё Свабода і праграмы «Схемы» Першага грамадзкага тэлеканалу аб раскошным ладзе жыцьця яго сям’і.

Міністар унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў задаволіў рапарт аб адстаўцы выканаўцы абавязкаў начальніка ДАІ краіны Аляксандра Яршова. Аб гэтым кіраўнік МУС напісаў на сваёй старонцы ў Facebook увечары 19 траўня.

Аляксандр Яршоў раней засакрэціў дэклярацыі аб маёмасьці і прыбытках усяго кіроўнага складу ДАІ, адмовіўшыся прадставіць іх на запыт Радыё Свабода, што зьяўляецца парушэньнем Закону Ўкраіны «Аб доступе да публічнай інфармацыі».

Аднак журналісты здолелі даведацца пра тое, як жыве сям’я Аляксандра Яршова. Прапануем вашай увазе вынікі дасьледаваньня.

***

Падчас дасьледаваньня высьветлілася, што блізкія сваякі галоўнага даішніка краіны езьдзяць на дарагіх элітных аўтамабілях коштам каля 100 000 даляраў кожны. Пры гэтым дзяржаўныя нумарныя знакі «тасуюцца» паміж аўто, а элітны матацыкл, на якім езьдзіць сам Яршоў, у базе ДАІ значыцца як КАМАЗ.

На старэйшую дачку Насту Яршову, уладальніцу брэнду адзеньня Atelier HandMade, зарэгістраваныя два аўто — LEXUS RX 350, на якім езьдзіць Аксана Яршова, жонка начальніка ДАІ і маці Анастасіі, а таксама белы Porsche Cayenne, на якім езьдзіць сама Анастасія Яршова.

Фота з публічнага акаўнту Instagram Анастасіі Яршовай
Фота з публічнага акаўнту Instagram Анастасіі Яршовай

Малодшая дачка Дарына Яршова (1994 года нараджэньня) езьдзіць на аўтамабілі Range Rover спартыўнай камплектацыі. У яе запісе ў сетцы Instagram ёсьць фатаграфія двухгадовай даўніны — гэты аўтамабіль у выглядзе падарунку стаіць у гаражы на адрасе, дзе пражывае сям’я Яршовых.

Фота з публічнага акаўнту Instagram Дарыны Яршовай
Фота з публічнага акаўнту Instagram Дарыны Яршовай

Фота з старонкі «Вконтакте» Дарыны Яршовай
Фота з старонкі «Вконтакте» Дарыны Яршовай
Фота аўтараў
Фота аўтараў

Пры гэтым у рэестры ДАІ пад гэтымі нумарнымі знакамі праходзіць зусім іншае аўто — SsangYong 2008 года выпуску, запісанае на грамадзяніна Латвіі Дзьмітрыя Махліна.

На самога кіраўніка ДАІ Аляксандра Яршова зарэгістраваны аўтамабіль Toyota Land Cruiser, адзіны афіцыйна названы ў яго дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.

Акрамя таго, яшчэ некалькі адзінак элітнага аўтатранспарту зарэгістраваныя на імя бліжэйшых сваякоў жонкі кіраўніка ДАІ. Напрыклад, на маці і брата зарэгістраваныя па пазадарожніку Land Cruiser.

Увесь сьвет на далоні

Дочкі галоўнага даішніка Ўкраіны Анастасія і Дар’я Яршовы ў сваіх публічных акаўнтах ў сацыяльных сетках разьмяшчаюць фатаграфіі з раскошнымі аўтамабілямі і справаздачамі з далёкіх падарожжаў, у якія лётаюць бізнэс-клясай і спыняюцца ў пяцізоркавых гатэлях.

Фота з старонкі Вконтакте Дарыны Яршовай
Фота з старонкі Вконтакте Дарыны Яршовай

Фота з публічнага акаўнту Instagram Анастасіі Яршовай
Фота з публічнага акаўнту Instagram Анастасіі Яршовай

Кідаецца ў вочы колькасьць і частата падарожжаў на дарагія сусьветныя курорты. Толькі за апошнія паўгода Анастасія наведала прынамсі 9 краінаў у розных частках плянэты — Францыю (Каны, Сан-Трапэ), Манака (Монтэ-Карла), ЗША (Маямі), Чэхію, Арабскія Эміраты, Тайлянд, Сынгапур, Італію, Мэксіку.

Фота з публічнага акаўнту Instagram Анастасіі Яршовай
Фота з публічнага акаўнту Instagram Анастасіі Яршовай

Нядаўна Анастасія Яршова была ў Канах, адкуль апублікавала фатаграфію зь вечарыны з Пэрыс Хілтан.

Фота з публічнага акаўнту Instagram Анастасіі Яршовай
Фота з публічнага акаўнту Instagram Анастасіі Яршовай

Тлумачэньні Яршова

Сам Аляксандр Яршоў ня надта імкнецца растлумачыць раскошнае жыцьцё сваёй сям’і або паказаць усе яго рухомыя і нерухомыя атрыбуты. У тэлефоннай размове з карэспандэнтам Радыё Свабода ён заявіў: «Мае дочкі вядуць уласнае жыцьцё. Гэта іх бізнэс — я ня ўмешваюся».

Раней журналісты праграмы «Схемы» высьветлілі, што выканаўца абавязкаў кіраўніка ДАІ Украіны Аляксандр Яршоў схаваў ад грамадзкасьці рэальную інфармацыю аб сваіх даходах. Сям’я галоўнага даішніка краіны не задэкляравала трохпавярховы дом у Кіеве ў дэклярацыі за папярэдні 2013 год.

Аляксандар Яршоў пацьвердзіў Радыё Свабода, што не задэкляраваў зямельны ўчастак і дом у Кіеве, якія належаць яго сям’і, і паспрабаваў растлумачыць, чаму.

«Усё па законе, ён належыць маёй жонцы», — паведаміў ён. Разам з тым ён распавёў, што гэты дом — прывід, так як за гэтым домам не існуе наогул замацаванай адрэсы.

Раней Аляксандр Яршоў працаваў кіраўніком упраўленьня ДАІ Ўкраіны ў Харкаўскай вобласьці.

Міністар унутраных справаў Арсен Авакаў прызначыў Аляксандра Яршова на пасаду выканаўцы абавязкаў старшыні ДАІ Ўкраіны 4 красавіка 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG