Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рызе прапанавалі скасаваць Міністэрства інфармацыі Беларусі


На мэдыяфоруме «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе адбылася дыскусія аб праблемах беларускіх журналістаў з удзелам экс-старшыні БАЖ і прадстаўніка Мінінфармацыі.

Жанна Літвіна: Беларусь загрузла ў савецкасьці

Экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна выступіла на Першай мэдыяканфэрэнцыі «Эўрапейскага партнэрства» з дакладам пра сытуацыю ў Беларусі.

"Мы загрузьлі ў савецкасьці адной нагой, з тых часоў у нас засталося стаўленьне да мэдыяў як да рухавікоў дзяржаўнай ідэалёгіі і статыстаў. А Лукашэнка, у прыватнасьці, кажа, што ідэалёгія не падлягае прыватызацыі«,— заявіла Жанна Літвіна.

Паводле яе слоў, у Беларусі па-ранейшаму дамінуюць дзяржаўныя СМІ, якія маюць шмат эканамічных прэфэрэнцыяў. Але апека дзяржавы робіць гэтыя СМІ слабымі, прызнала спадарыня Літвіна, і як прыклад прывяла рэакцыю беларускіх дзяржаўных мэдыяў на расейска-ўкраінскі канфлікт:

«Дзяржаўныя СМІ Беларусі здымаюць зь сябе адказнасьць за вострыя моманты, яны чакаюць указаньняў. У першыя тыдні расейска-ўкраінскага канфлікту дзяржаўныя СМІ Беларусі ўвогуле маўчалі, бо беларускае кіраўніцтва яшчэ не сфармавала сваю пазыцыю. Гэта было нормай — замоўчваньне. Дзяржаўныя СМІ самі былі ня здольныя сфармуляваць пазыцыю па падзеях у суседзяў».

Паводле Жанны Літвіной, Беларусь — краіна, якая найбольш зазнае прапагандысцкі ўплыў з Расеі, яна інфармацыйна адкрытая ў бок Расеі, у выніку дзьве траціны беларусаў давяраюць расейскай прапагандзе, дэзынфармаваныя ёю.

Паводле Літвіной, аўдыторыя незалежных СМІ ў Беларусі невялікая, і самае важнае цяпер — разьвіцьцё прасторы для незалежных СМІ.

Літвіна паведаміла аб праблемах працы журналістаў без акрэдытацыі і спробах беларускіх уладаў кантраляваць інтэрнэт. Яна распавяла, што пасьля нядаўняга прыняцьця паправак у закон аб СМІ інтэрнэт-рэсурсы прыраўноўваюцца да звычайных СМІ і перад імі паўстала праблема блякаваньня.

«Тэставаньне блякаваньня інтэрнэт-рэсурсаў ужо адбылося, цяпер пайшлі папярэджаньні ад Мінінфармацыі. Экспэрты ўжо заявілі ў сувязі з гэтым пра парушэньне міжнароднага пакту аб палітычных правах»,— заявіла Літвіна.

Юры Бябешка: Разьвіваемся з улікам нацыянальных асаблівасьцяў

Пасьля выступу Жанны Літвіной слова папрасіў намесьнік начальніка ўправы прававой і кадравай працы Міністэрства інфармацыі Юры Бябешка, каб «прадставіць іншы пункт гледжаньня»:

"Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне СМІ разьвіваецца з улікам нацыянальных асаблівасьцяў, — заявіў спадар Бябешка. — Пра манапалізацыю СМІ ня варта і гаварыць, бо 80 працэнтаў СМІ ў Беларусі — недзяржаўныя, дзейнічаюць з улікам разнастайнасьці думак. Беларусь знаходзіцца на 38-м месцы ў сьвеце паводле рэйтынгу тэлекамунікацыйных тэхналёгіяў, 5 мільёнаў чалавек маюць доступ да СМІ.

Так, Мінінфармацыі можа абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, але з 1 студзеня быў абмежаваны доступ да 18 рэсурсаў. 15 зь іх прапаноўвалі наркотыкі, адзін — парнаграфію, два інфармацыйныя рэсурсы былі заблякаваныя за распаўсюд табуіраванай лексыкі. Гэта адпавядае эўрапейскім тэндэнцыям",— заявіў прадстаўнік Мінінфармацыі Беларусі.

Адзін з экспэртаў мэдыяфоруму, старшыня Ерэванскага прэс-клюбу Барыс Навасардзян пасьля выступу спадара Бябешкі папрасіў слова для рэплікі і заклікаў для вырашэньня праблемаў беларускіх СМІ ліквідаваць Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое стварае гэтыя праблемы:

«Упершыню чую пра нацыянальныя асаблівасьці свабоды слова... У Арменіі мы імкнуліся ліквідаваць Міністэрства інфармацыі і былі задаволеныя, калі ўрэшце гэта сталася».

XS
SM
MD
LG