Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей будзе галоўным ад Беларусі на саміце ў Рызе


Уладзімер Макей на трэцім саміце "Усходняга партнэрства" ў Вільні

Уладзімер Макей на трэцім саміце "Усходняга партнэрства" ў Вільні

Дэлегацыю Беларусі на саміце «Ўсходняга партнэрства» ачоліць міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык:

«Згодна з рашэньнем кіраўніка нашай дзяржавы Беларусь на саміце „Ўсходняга партнэрства“ у Рызе будзе прадстаўленая кіраўніком Міністэрства замежных спраў Уладзімерам Макеем».

Тое, што міністар Макей ачоліць дэлегацыю на саміце ў Рызе, выглядала даволі імаверным, адзначае беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Ёсьць тры прычыны, зь якіх цяжка было ўяўляць, што ў Рыгу паедзе першая асоба нашай краіны. Першая, і, мабыць, самая галоўная — нічога істотнага для Беларусі на саміце не чакалася. Акрамя нейкага маральнага задавальненьня, Лукашэнку яна б нічога ня несла.

Другая — у Менску ўлічылі раздражненьне Масквы праграмай „Усходняга партнэрства“, якое Расея апошнім часам публічна праяўляе.

Трэцяя — магчымасьць нейкіх інцыдэнтаў, зьвязаных з тым, што беларускія палітвязьні дагэтуль ня выпушчаныя на свабоду.

Пасылаць Кабякова? Там ня будзе такіх падзеяў, якія б патрабавалі прысутнасьці прэм’ера. Так, падобна, ня будзе ратыфікавана пагадненьне аб зьмякчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам.

А Макей — гэта чалавек, які ўсё ведае. І ніякіх праблемаў на саміце ў яго ня ўзьнікне».

Саміт «Усходняга партнэрства», які пачынаецца ў Рызе, будзе ўжо чацьвёртым па ліку.

На першым саміце ў Празе Беларусь прадстаўляў Уладзімер Сямашка, які меў тады статус першага віцэ-прэм’ера ўраду. На другім саміце ў Варшаве Беларусь абмежавалася прадстаўніцтвам тагачаснага амбасадара ў Польшчы Віктара Гайсёнка. На трэцім саміце ў Вільні беларускую дэлегацыю ачольваў міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG