Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі журналістаў арыштоўваць з-за іх рэпартажаў», — Дуня Міятавіч


Рыга напярэдадні саміту "Усходняга партнэрства"

Рыга напярэдадні саміту "Усходняга партнэрства"

У Рызе пачалася Першая мэдыяканфэрэнцыя «Эўрапейскага партнэрства», у якой бяруць удзел прадстаўнікі як незалежных, так і дзяржаўных беларускіх СМІ.

Ад Беларусі ў канфэрэнцыі, якая папярэднічае Рыскаму саміту «Ўсходняга партнэрства», прымае ўдзел вялікая дэлегацыя журналістаў незалежных СМІ, кіраўніцтва БАЖ, а таксама прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, журфака БДУ, журналісты дзяржаўных мэдыяў.

Выступаючы перад удзельнікамі форуму, сьпікер Сэйму Латвіі Інара Мурніецэ заявіла, што сытуацыя ў краінах «Усходняга партнэрства» моцна зьмянілася з 2009 году, калі паўстала гэтая ініцыятыва Эўразьвязу:

«У рэгіёне адбыліся драматычныя зьмены з-за агрэсіі Расеі ў Крыме і Ўсходняй Украіне... У галіне СМІ адбываецца інвазія з боку Крамля ў нашую інфармацыйную прастору. Гэта не вайна, але варожыя дзеяньні, блізкія да вайны».

Нілс Мужніекс, камісар Рады Эўропы ў правах чалавека, таксама заявіў пра пагаршэньне сытуацыі ў краінах «Усходняга партнэрства» з-за расейскай агрэсіі. Спадар Мужніекс за апошні год асабіста наведаў усе краіны партнэрства, за выключэньнем Беларусі, якая дагэтуль не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы.

Нілс Мужніекс

Нілс Мужніекс

«Я спадзяюся, што змагу ў хуткім часе наведаць Беларусь як паўнавартаснага сябра Рады Эўропы», — заявіў спадар Мужніекс.

Паводле ягоных словаў, мінулы год быў кепскім для СМІ ў шэрагу краінаў партнэрства, у прыватнасьці ён выказаў вялікую занепакоенасьць падзеямі ў Данбасе, Крыме, забойствамі журналістаў, забаронай крымска-татарскіх СМІ акупацыйнымі расейскімі ўладамі.

«СМІ былі першай ахвярай канфліктаў і становяцца інструмэнтамі прапаганды, пешкамі ў палітычных гульнях. Але адказам на грубую прапаганду можа быць ня контрапрапаганда, а свабода СМІ, плюралізм думак, аб’ектыўная журналістыка», — заявіў спадар Мужніекс.

Прадстаўніца АБСЭ па свабодзе слова Дуня Міятавіч назвала тры краіны «Усходняга партнэрства», дзе свабода СМІ знаходзіцца пад пагрозай, — Беларусь, Азэрбайджан і Армэнія.

Дуня Міятавіч

Дуня Міятавіч

«У Беларусі журналістаў пастаянна арыштоўваць толькі з-за іх рэпартажаў... Не павінна быць супрацоўніцтва з краінамі, дзе парушаюцца правы чалавека», — заклікала спадарыня Міятавіч.

Першая мэдыяканфэрэнцыя «Ўсходняга партнэрства», прысьвечаная ролі СМІ ў гэтай ініцыятыве Эўразьвязу. На думку экспэртаў, якія выступаюць у часе канфэрэнцыі, у Беларусі асноўнай праблемай застаюцца спробы дзяржаўнага рэгуляваньня інтэрнэту і чорных сьпісаў сайтаў.

XS
SM
MD
LG