Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы атрымалі шматабяцальныя сыгналы ад Лукашэнкі ў тым, што тычыцца міжнароднай сытуацыі, — прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Туск


Дональд Туск

Дональд Туск

Напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства ў Рызе прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск адказаў на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода Рыкарда Юзьвяка, у тым ліку пра адносіны зь Беларусьсю.

Радыё Свабода: Спадар прэзыдэнт расейская прапаганда зрабілася даволі відавочнай у шмат якіх краінах, асабліва ў краінах Ўсходняга партнэрства. Як канкрэтна і практычна Эўразьвяз можа супрацьстаяць гэтай прапагандзе?

Дональд Туск: Па-першае, я вельмі крануты, бо я зразумеў перад інтэрвію, што апошні раз я зьяўляўся на Радыё Свабодная Эўропа 27 гадоў таму як добраахвотны камэнтатар з Гданьскай суднавэрфі, гэта быў страйк 1988 году, але гэта цікавы кантэкст, бо мы можам быць ўпэўненыя, што прапаганда і дэзінфармацыя сапраўды сур’ёзная праблема ня толькі для ўсходняй часткі Эўропы, але і ў сэрцы Эўропы. Мы маем знакі і доказы таго, што Расея мае велічэзную праграму дэзінфармацыі і прапаганды супраць Эўропы. Але я абсалютна ўпэўнены, у тым ліку і са свайго досьведу з Радыё Свабодная Эўропа, што прапаганда ня мае шанцаў супраць праўды. І гэта ня лёзунг. Я вельмі добра памятаю, што калі я быў малады, дык Радыё Свабодная Эўропа было адзінай крыніцай праўдзівай інфармацыі супраць камуністычнага мэдыйнага канцэрну. Усе мае суайчыньнікі слухалі Радыё Свабодная Эўропа, і гэтая агромністая камуністычнай прапаганда прайграла ў найбольш важнай гульні, бо гэта было змаганьне за нашыя душы, нашыя ўяўленьні, нашыя мары, і ўрэшце гэтая індустрыя была слабой супраць праўды. Таму я даволі аптымістычна стаўлюся да гэтай тэмы сёньня ў Эўропе. Вядома ж, нам трэба тэхнічныя сродкі, ня толькі радыёстанцыя ці тэлестанцыя, ці інтэрнэт, але і сталае супрацоўніцтва паміж інстытуцыямі, дасьледчымі цэнтрамі, каб даваць праўдзівую інфармацыю празь лічбы наконт Эўропы, пра канфлікт ва Ўкраіне і пра іншыя тэмы. Магчыма вы ведаеце, што Эўразьвяз пачаў такі праект, [кіраўніца ў пытаньнях вонкавай палітыкі Эўразьвязу Фэдэрыка] Магерыні падрыхтавала невялікую каманду, і працэс ідзе. Я ўпэўнены, што ў будучыні мы пабачым вынікі гэтай канфрантацыі паміж хлусьнёй, дэзінфармацыяй і праўдай.

РС: Ці хвалюе вас, што Эўразьвяз ня можа прапанаваць ясных пэрспэктываў сяброўства такім краінам як Грузія, Украіна, Малдова, асабліва ўлічваючы тое, што ў гэтых краінах цяпер зьяўляюцца настроі, якія можна выказаць словамі: «Паглядзіце, Эўразьвяз нас ня хоча»?

Туск: Перш за ўсё, Ўсходняе партнэрства не было афіцыйным фармальным абяцаньнем сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе, у тым ліку ў будучыні, бо гэтая ідэя, гэтая мара пра сяброўства ў ЭЗ гэта нешта даволі новае. Але вядома ж яны — я маю на ўвазе Грузію, Малдову і Ўкраіну — маюць права на мару, эўрапейскую мару. І я лічу гэта нашым абавязкам і адчуваю гэта сваім асабістым абавязкам, даць не пусты абяцанак што гэта магчыма заўтра ці пасьлязаўтра, але сказаць, што шлях у Эўропу — магчыма гэта ня значыць сяброўства ў Эўразьвязе ў прадказальнай будучыні — шлях да эўрапейскіх стандартаў, да нашай культурнай і палітычнай супольнасьці можа быць нефармальным у наступныя гады, але з гэтай надзеяй і з нашай дапамогай. Але вядома ж у іх ёсьць гэтае права. Я абсалютна перакананы, што наш абавязак — казаць праўду. Самае небясьпечнае для надзеі, калі ты абяцаеш нешта, пра што ведаеш, што гэта пустыя словы, і што лёгка даказаць у хуткім часе. Вядома ж, нам ня трэба нейкага велічэзнага расчараваньня ў гэтых грамадзтвах. Мы прадказальны партнэр, і ў гэтым кантэксьце трэба глядзець на ўвесь працэс, на пачатку я маю на ўвазе дамовы аб асацыяцыі і пра глыбокія і ўсеабдымныя гандлёвыя зоны... альбо пра бязьвізавы рэжым з Малдовай, і на шматабяцальныя крокі датычныя Ўкраіны і Грузіі. Я думаю, што гэта прадказальны і адказны шлях, каб сёньня быць разам і магчыма ў будучыні быць у адной палітычнай арганізацыі.

РС: Ці змогуць грузіны і ўкраінцы свабодна ўяжджаць у шэнгенскую зону ў 2016 годзе?

Туск: Усё залежыць ад намаганьняў і рашучасьці. Вядома ж, гэта магчыма, але гэта не фармальнае абяцаньне. Мы знаходзімся ў працэсе. Але прагрэс у абедзьвюх краінах — у Грузіі і Ўкраіне — сапраўды шматабяцальны. Сёньня я магу сказаць, што нашая наступная ацэнка магчыма будзе ў лістападзе, і што калі прагрэс будзе такі ж шматабяцальны як сёньня, дык 2016 год даволі магчымы.

РС: Выглядае, што адбываецца пацяпленьне ў адносінах паміж Эўразьвязам Беларусьсю. Ці лічыце вы разумным падпісаць нейкае пагадненьне зь Беларусьсю, улічваючы, што сытуацыя з правамі чалавека ў гэтай краіне па ранейшаму даволі цяжкая?

Туск: Абсалютна відавочна ня толькі для мяне, — асабліва ў тым, што тычыцца палітвязьняў — што гэта наш прынцып і што нічога не памянялася. Але, з другога боку, мы атрымалі некаторыя шматабяцальныя сыгналы зь Менску, ад прэзыдэнта Беларусі, Лукашэнкі, у тым, што тычыцца міжнароднай сытуацыі і геапалітычнай блытаніны ў гэтай частцы кантынэнту. І вядома ж, улічваючы мой асабісты досьвед, ня толькі для мяне было сюрпрызам тое, што Лукашэнка і ягоны ўрад былі сапраўды карысныя і ахвочыя дапамагчы ў пытаньні гэтак званых менскіх дамоўленасьцяў і менскага працэсу вакол крызісу на Данбасе, ва Ўкраіне. І я ўпэўнены, што мы павінны быць гатовыя выказаць удзячнасьць менавіта за гэтую частку афіцыйных беларускіх дзеяньняў, але калі мы пабачым нейкія пазытыўныя прапановы, дык я лічу, што мы павінны адкрыта сказаць, што гэта правільны кірунак. Але, вядома ж, правы чалавека, дэмакратыя і свабода для звычайных людзей гэта нашыя прынцыпы, і нічога ў гэтай сфэры не памянялася.

РС: Расьсьледаваньні забойстваў на Майдане ідуць вельмі павольна. Ці маеце вы засьцярогі, што гэты павольны працэс можа нейкім чынам пашкодзіць адносінам паміж Украінай і ЭЗ?

Туск: Я памятаю нашыя праблемы ў Польшчы, у тым што тычылася гэтай вельмі адчувальнай і далікатнай праблемы. Я маю на ўвазе, што гэта ня так проста, асабліва ў такі цяжкі час для Украіны. Я маю на ўвазе гэтую трансфармацыю і канфлікт на Данбасе, сапраўдную вайну. Таму мы павінны быць вельмі асьцярожныя ў нашай ацэнцы гэтай праблемы. І вядома ж, будучыня Украіны будзе залежаць не ад — зразумела ж юрыдычнай — але помсты, гэта гэта важна, таму што справядлівасьць падмурак новага грамадзтва і новай украінскай дзяржавы. Але я ўпэўнены, што магу зразумець, чаму яны сёньня розныя або іншыя прыярытэты, для мяне гэта цалкам зразумела. Добра, гэта крыху рызыкоўна, і ўпэўнены, што яны павінны разабрацца з гэтай праблемай, але, калі ласка, будзьце больш памяркоўнымі, таму што сытуацыя, аб’ектыўна кажучы, вельмі цяжкая для іх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG