Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваполацку затрыманы і аштрафаваны актывіст Зьміцер Дзякаў


Зьміцер Дзякаў — сябар аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя». 14 траўня ён вывесіў у Віцебску расьцяжку са словамі «Свабоду палітвязьням» і ня стаў хаваць свайго імя.

Калі ён паведаміў аднапартыйцам пра сваё сёньняшняе затрыманьне ў Наваполацку, яны вырашылі, што справа тычыцца менавіта гэтага выпадку. Удакладніць не атрымалася: Зьмітру забаранілі размаўляць па тэлефоне.

«Зьміцер вучыцца ў Наваполацку ва ўнівэрсытэце, туды ён паехаў па нейкіх сваіх студэнцкіх справах. У 16.23 ён даслаў мне смс, што яго затрымалі, і што ён знаходзіцца ў Наваполацкім гарадзкім адзьдзяленьні міліцыі. Я ў адказ напісала: „За расьцяжку“? Ён адказаў „Так“. Я патэлефанавала яму, каб падтрымаць, нешта параіць. Як толькі Зьміцер спытаўся, ці падпісваць яму пратакол, размаўляць яму забаранілі,» — распавяла віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец.

Каля трох гадзінаў датэлефанавацца да хлопца не ўдавалася, а потым адгукнуўся ён сам.

«Мяне затрымалі ў Наваполацку за расьцяжку, але за іншую. На вуліцы Маладзёжнай, на агароджы гарадзкога сквэру я вывесіў расьцяжку, дзе чырвонымі літарамі па белай тканіне было напісана „БХД“. У міліцыю мяне забралі не адразу. Прайшло ўжо колькі часу, я ішоў па горадзе зь сябрамі, і тут зьявіліся супрацоўнікі міліцыі. Яны сказалі, што я падобны да чалавека, якога яны шукаюць за тое, што размаляваў фарбай з балёнчыка нейкі гарадзкі будынак. А ўжо ў пастарунку сказалі, што прычына затрыманьня — усё-ткі расьцяжка», — апавёў праз тэлефон Зьміцер Дзякаў.

Паводле ягоных словаў, суду як такога над ім не было: пастанову пра штраф вынес начальнік Наваполацкага гарадзкога аддзелу міліцыі Дзьмітрыя Рэзянкоў. Паводле адміністрацыйнага артыкула 21.14, часткі 1, Зьмітра Дзякава аштрафавалі на 20 базавых велічынь ( 3 мільёны 600 тысяч рублёў) за парушэньне «Правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG