Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыўная гісторыя: Калі б у ЗША былі беларускія парадкі, ці Чаму ў нас няма Apple


Пра беларускае заканадаўства ў сфэры прадпрымальніцтва ў іранічнай форме піша ў Facebook IT-прадпрымальнік Юры Гурскі.

Паводле яго, Стыву Джобсу і Стыву Вазьняку за іх вынаходніцтва ў Беларусі «сьвяціў» бы не выбітны посьпех, а крымінальны тэрмін. Гледзячы па ўсім, нагодай да фэльетону Гурскага стала крымінальная справа супраць вядомага беларускага IT-бізнэсоўца Віктара Пракапені, зь якім у свой час працаваў Юры Гурскі. Цяпер аўтар жыве і працуе ў Маскве.

Справа Джобса-Вазьняка

У сярэдзіне 1970-х Стыў Джобс і Стыў Вазьняк сабралі ў Каліфорніі свой першы пэрсанальны кампутар на базе працэсара «MOS Technology 6502». Прадаўшы некалькі дзясяткаў такіх кампутараў, маладыя прадпрымальнікі атрымалі фінансаваньне і 1 красавіка 1976 году афіцыйна зарэгістравалі фірму Apple Computer Inc.

Згодна ч.3 арт.233 КК Рэспублікі Беларусь, гэтыя дзеяньні С. Джобса і С. Вазьняка кваліфікуюцца як незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць, учыненая арганізаванай групай, спалучаная з атрыманьнем даходу ў асабліва буйным памеры (больш за 2500 базавых велічынь або прыкладна 32000 даляраў ЗША).

С. Джобс і С. Вазьняк, рэалізуючы свой злачынны плян і дзейнічаючы адзіным намерам сумесна з нявызначанымі асобамі, ажыцьцяўлялі незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць (прадпрымальніцкая дзейнасьць, якая ажыцьцяўляецца без дзяржаўнай рэгістрацыі), а менавіта вырабілі ў гаражы дома па адрасе дом 286, вул. Дыябла, г. Санівэйл, ЗША, які належыць апекунам С. Джобса, і прадалі 100 штук пэрсанальных кампутараў — і толькі пасьля гэтага афіцыйна зарэгістравалі юрыдычную асобу.

Паводле ч.1 арт.18 КК РБ, пад учыненьнем злачынства арганізаванай групай трэба разумець наўмысны ўдзел у ім двух або больш асобаў, гэта значыць С. Джобса і С. Вазьняка.

У адпаведнасьці з Пастановай Пленуму Вярхоўнага Суду РБ ад 25.09.2003 N 9 «Аб судовай практыцы па справах аб злачынствах, зьвязаных са стварэньнем і дзейнасьцю арганізаваных групаў, бандаў і злачынных арганізацый», для арганізаванай злачыннай групы характэрныя наступныя канструктыўныя прыкметы:

— наяўнасьць кіраўніка. Стыў Джобс, зьяўляючыся кіраўніком арганізаванай злачыннай групы, кантраляваў дзейнасьць С. Вазьняка і іншых неўстаноўленых асобаў, разьмяркоўваў даходы, якія паступалі ад гэтай злачыннай дзейнасьці, падтрымліваў унутрыгрупавую дысцыпліну, плянаваў злачынную дзейнасьць;

— папярэдняя змова. Па сьведчаньнях сьведкі Б. Фэрнандэса, які пазнаёміў С. Джобса і С. Ваьзняка, абвінавачаныя неаднаразова абмяркоўвалі будучую злачынную дзейнасьць;

— агульная мэта па ажыцьцяўленьні злачыннай дзейнасьці. Вытворчасьць і збыт кампутарнай тэхнікі для атрыманьня прыбытку ў асабліва буйным памеры;

— выразнае разьмеркаваньне роляў і абавязкаў. С. Джобс ажыцьцяўляў дзейнасьць па прасоўваньні прадукцыі ў гандлёвай сетцы, а С. Вазьняк і іншыя неўстаноўленыя асобы, якія спрыялі яму, ажыцьцяўлялі вытворчасьць дарагой кампутарнай тэхнікі, па цане 666.66 даляраў ЗША за штуку;

— даход у асабліва буйным памеры. Замова на 50 000 даляраў прыйшла ад крамы Byte Shop. Нават цяпер у Беларусі такі даход зьяўляецца асабліва буйным і падлягае канфіскацыі на карысьць дзяржавы.

З прычыны вышэйзгаданых бясспрэчных доказаў вінаватасьці С. Джобса і С. Вазьняка, а таксама наяўнасьці падстаў меркаваць, што абвінавачаныя могуць схавацца ад органа крымінальнага перасьледу і суду, перашкодзіць папярэдняму расьсьледаваньню крымінальнай справы, у тым ліку шляхам аказаньня незаконнага ўзьдзеяньня на асобаў, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, утойваньня або фальсыфікацыі матэрыялаў, якія маюць значэньне для справы, просім абраць С. Джобсу і С. Вазьняку меру стрыманьня ў выглядзе арышту і зьмясціць абодвух у СІЗА г. Куперціна на пэрыяд папярэдняга сьледзтва да 18 месяцаў.

Беларускае заканадаўства прадугледжвае «вілку» адказнасьці, якая залежыць ад таго, прызнаеш ты віну ці не.

Калі не прызнаеш:

арганізатару Джобсу — прынамсі дзьве траціны ад максымальна магчымага пакараньня. Санкцыя ч.3 арт.233 КК РБ прадугледжвае максымальнае пакараньне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўленьня волі і канфіскацыю маёмасьці. Па выніку Джобсу далі б не менш 5,5 гадоў з канфіскацыяй, а рэальна — 6 гадоў «страгачу».

Вазьняку ў выпадку «глухой» адмовы далі б 2-3 гады і таксама канфіскацыю.

Таксама на абодвух павесілі б «шкоду» ў памеры сумы «незаконна атрыманага даходу», а менавіта 50 тысяч долараў ЗША. Ні пад якія-небудзь ўмоўна-датэрміновым вызваленьні або амністыі яны не падпадалі б, пакуль не выплацяць шкоду і ня раскаяцца ў зробленым. Гэта значыць, сядзець прыйшлося бы «званка да званка».

У выпадку прызнаньня віны і дзейнага раскаяньня:

арганізатару арганізаванай злачыннай групоўкі Джобсу — усё роўна дзьве траціны пакараньня з канфіскацыяй (так як «цягніку» менш нельга), але ўжо агульнага рэжыму^;

саўдзельніку Вазьняку пры дзейсным раскаяньні, супрацоўніцтве са сьледзтвам і кампэнсацыі «шкоды» можна «саскочыць» нават на штраф, але малаверагодна. Хутчэй за ўсё, яму далі б два гады, каб Джобсу не так крыўдна было. Аднак з прычыны таго, што да суду ён правёў у зьняволеньні амаль увесь тэрмін, яго адпусьцілі б з залі суду.

Пазоў на 50 тысяч даляраў у любым выпадку аплацілі бы абодва. Толькі ў гэтым выпадку Джобсу можна было б разьлічваць на амністыю і на замену рэжыму праз дзьве траціны тэрміну адседкі. Гэта значыць, далі 5,5 гадоў, год зрэзалі па амністыі і праз тры гады ўжо пайшоў бы на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

У любым выпадку, калі б у 1985 годзе Джобс патрапіў пад увагу праваахоўных органаў за дзеяньні, учыненыя ў 1976 годзе, то замест Apple Inc. сьвет атрымаў бы зьняволенага з судзімасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG