Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты-фрылансэры маюць намер дайсьці да Эўрапейскага суду


Алесь Кіркевіч

Алесь Кіркевіч

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу журналістаў-фрылансэраў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава, якім Ленінскі суд прысудзіў па 20 базавых велічынь. У віну ім паставілі тое, што без акрэдытацыі МЗС Беларусі яны зрабілі для тэлеканалу «Белсат» відэасюжэт пра выставу слуцкіх паясоў у Гарадзенскім музэі гісторыі рэлігіі.

З розных прычынаў ні Кіркевіч, ні Дзянісаў ня здолелі трапіць у абласны суд на разгляд сваёй скаргі. Алесь Кіркевіч усё ж пазьней прыйшоў у суд і даведаўся, што іхнія скаргі не задаволеныя. Зрэшты, гэта ня стала для яго нейкай навіной:

«У нашай краіне цуды здараюцца, але толькі не ў судовай сыстэме, таму я ніякіх спадзеваў на рашэньне суду ня меў. А паданьне гэтае скаргі было хутчэй інэрцыяй, бо пасьля суду людзі звычайна падаюць скаргі. Нашу судовую сыстэму ня зьменіць нейкая папяровая валакіта, а зьменяць толькі радыкальныя рашэньні зьверху па пераглядзе ўсёй судовай вэртыкалі».

Алесь Дзянісаў

Алесь Дзянісаў

Кіркевіч кажа, што болей ня будзе траціць час і грошы на судовую валакіту. А Алесь Дзянісаў, якога ўжо двойчы асудзілі паводле артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, і якому вынесьлі некалькі папярэджаньняў у пракуратуры, перакананы, што гэтым разам варта прайсьці ўсе судовыя інстанцыі і пры неабходнасьці падаць скаргу ў Страсбурскі суд:

«Калі мяне там апраўдаюць, то зьявіцца, скажам так, нейкая глеба ці аснова, каб абараняцца ў наступных судах, бо зразумела, што супраць незалежных журналістаў-фрылансэраў будуць працягвацца рэпрэсіі».

Андрэй Мялешка

Андрэй Мялешка

Гарадзенскага журналіста-фрылансэра Андрэя Мялешку паводле артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях судзілі ўжо тройчы — за супрацу з Радыё Рацыя. Ён атрымаў папярэджаньне ў пракуратуры, выклікаўся на прафіляктычную гутарку ў КДБ. Гэта своеасаблівы рэкорд сярод беларускіх журналістаў-фрылансэраў.

Паводле Мялешкі, праблема журналістаў-фрылансэраў актуальная ня толькі ў Горадні, але і ва ўсёй Беларусі. На яго думку, варта падаваць скаргу ў Вярхоўны суд, а таксама ў Эўрапейскі суд па правах чалавека, каб прыцягнуць увагу эўрапейцаў да праблемаў незалежных журналістаў у Беларусі: «Хоць я разумею, што суды са Страсбургу ня здолеюць наўпрост зьмяніць нашу сытуацыю, але псыхалягічны ціск на ўладу адбудзецца. Праўда, для мяне асабіста гэтыя суды — адны праблемы. Да прыкладу, апошні суд стаў яшчэ большай перашкодай для працы, бо ўсе гарадзенскія рэсурсы пра яго паведамілі і цяпер мне вельмі цяжка дзе-небудзь атрымаць інфармацыю».

Уладзімер Хільмановіч

Уладзімер Хільмановіч

Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч кажа, што журналістам-фрылансэрам практычна ўжо немагчыма працаваць у Беларусі, бо ўся судовая сыстэма скіраваная на іх перасьлед. На погляд Хільмановіча, нават паводле артыкула 22.9 журналіст не падлягае пакараньню, бо ўсе прэтэнзіі, калі яны слушныя, згодна з заканадаўствам павінны быць прад’яўленыя юрыдычнай асобе, то бок СМІ, а не фізычнай асобе — журналісту:

«Па сутнасьці, гэта забарона на прафэсію, пазбаўленьне аднаго з асноўных грамадзянскіх правоў. З аднаго боку, нібыта дзяржава змагаецца з дармаедамі, а зь іншага боку, яна не дазваляе працаваць людзям, асабліва ў журналісцкай сфэры. Гэта выразна сьведчыць пра сутнасьць гэтае сыстэмы, якая скіраваная выключна на перасьлед іншадумцаў».

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, з пачатку 2015 году беларускіх незалежных журналістаў паводле артыкула 22.9 судзілі ўжо 6 разоў, а ў 2014 годзе — 10 разоў. Алесь Дзянісаў летась быў аштрафаваны на 30 базавых велічынь, у Алеся Кіркевіча ёсьць папярэджаньне.

XS
SM
MD
LG