Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь перамагла без вайны — і будзе перамагаць надалей


Алесь Чайчыц

Алесь Чайчыц

З задавальненьнем працягну дыскусію з панам Валерам Карбалевічам наконт вобразу перамогі і ягонай ролі ў фармаваньні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Пан Карбалевіч піша, што для нацыянальнай ідэі ёсьць абавязковаю спасылка на канкрэтныя ваенныя перамогі. Заўважу тут два пункты:

Па-першае, не зусім згаджуся з тым, што ўсе нацыі маюць ваенныя перамогі ў якасьці грунту сваёй ідэнтычнасьці. Тая ж самая згаданая Нямеччына — так, яна была аб’яднаная Бісмаркам у тым ліку (але ня толькі) вайсковымі мэтадамі ў другой палове 19-га стагодзьдзя. Але гэтае аб’яднаньне амаль ніякага месца ў сучаснай ідэнтычнасьці немцаў, наколькі я магу бачыць, не займае.

І, тым болей, важнага месца не займае там перамога над якімсьці вонкавым ворагам. Больш за тое: немцы вельмі «алергічна» ставяцца да праяваў чаго заўгодна, што магло б нагадваць пра прускі мілітарызм і пагатоў мілітарысцкі гітлераўскі нацыянал-сацыялізм. Прышчэпка супраць гэтага пасьля Другой Сусьветнай вайны была зробленая вельмі моцная.

Так што сучасная нямецкая нацыянальная ідэнтычнасьць, на маю думку, ніяк не грунтуецца на вайсковых перамовах. Куды больш яна грунтуецца на ўсьведамленьні ўрокаў ад паразы ў Другой Сусьветнай і на бліскучым паваенным адраджэньні Нямеччыны як заможнай дэмакратычнай краіны, кульмінацыяй якога сталіся падзеньне Бэрлінскага муру і ўзьяднаньне ў пачатку 1990-х.

Па-другое, а што рабіць, калі, аб’ектыўна кажучы, беларусы проста ня мелі ў найноўшай гісторыі якіхсьці менавіта бурлівых і менавіта канкрэтна-аднамомантных вайсковых перамогаў? Бо прыпісваньне беларусам савецкіх абароны Магілёва ці абароны Берасьцейскай крэпасьці ў 1941 годзе аб’ектыўна і наўпрост супярэчыць гістарычным фактам: савецкія гарнізоны гэтых месцаў ніяк ня мелі беларускі нацыянальны характар і не падпарадкоўваліся БССР, а ў выпадку зь Берасьцейскай крэпасьцю, дык пагатоў заўважную частку гарнізону складаў канвойны батальён НКВД, які напярэдадні вайны можна толькі здагадвацца, чым займаўся ў дачыненьні да мясцовых беларускіх жыхароў.

Перамаглі нацызм, але засталіся пад савецкай акупацыяй, якая падчас пары была такой жа жорсткай, як нацыстоўская.

​Як і з гэтымі эпізодамі, так і ўвогуле Другая Сусьветная вайна для Беларусі нясе ў сабе зашмат «але», каб безапэляцыйна рабіць зь яе аб’ект нацыятворчага культу ў выглядзе «трыюмфальнай перамогі над вонкавым ворагам». Перамаглі нацызм, але засталіся пад савецкай акупацыяй, якая падчас пары была такой жа жорсткай, як нацыстоўская. Перамаглі нацызм, але хто мы такія, каб агулам называць здраднікамі і злачынцамі ўсіх без выключэньня (а ня толькі замяшаных у канкрэтных ваенных злачынствах) людзей, якія ў 1941 годзе ня зьбеглі разам з савецкай адміністрацыяй на ўсход і спрабавалі ва ўмовах нацыстоўскай акупацыі арганізавацца і рабіць штосьці карыснае для Беларусі. Перамаглі нацызм, але ў выніку пасьля вайны згубілі Беласток. Які перад гэтым у самым пачатку Другой Сусьветнай вайны атрымалі ў склад БССР, але коштам савецкай агрэсіі супраць Польшчы і анэксіі Заходняй Беларусі да СССР, якая да таго ж суправаджалася масавымі рэпрэсіямі і дэпартацыямі.

Дарэчы, за апошнія пару стагодзьдзяў ня мелі асаблівых вайсковых перамогаў (альбо перамогаў, якія не былі б потым перакрытыя яшчэ большымі паразамі) таксама ані палякі, ані ўкраінцы. Польскія паразы — гэта напалову тыя ж самыя і беларускія паразы: ад разьдзелаў Рэчы Паспалітай да паўстаньняў 1830 і 1863 гг., ад разгрому з боку Нямеччыны і сталінскага СССР у 1939 годзе да савецкай акупацыі Польшчы ў 1945-1991 гг.

Гэтаксама і беларусы ня мелі за апошнія 200 гадоў буйных аднамомантных збройных перамогаў.

Проста польская нацыянальная ідэнтычнасьць, мне здаецца, куды больш базуецца на незламанасьці, на барацьбе нягледзячы ні на што — і на мірнай бяскроўнай перамозе ў гэтай барацьбе, якой палякі дасягнулі з падзеньнем камуністычнай акупацыі.

Гэтаксама і беларусы ня мелі за апошнія 200 гадоў буйных аднамомантных збройных перамогаў. Але калі глядзець на ўвесь наш шлях за гэты час, мы дакладна можам казаць пра тое, што мы дасягнулі вельмі многага.

Мы адрадзілі і актуалізавалі мову, якая пасьля стагодзьдзяў разбуральных войнаў у пачатку 19-га стагодзьдзя знаходзілася ў коме і захавалася толькі ў выглядзе вусных сялянскіх дыялектаў. Нават цяпер, нягледзячы ні на што, беларуская мова — паўнавартасная функцыянуючая мова, галоўнай перашкодай на шляху разьвіцьця і пашырэньня якой зьяўляецца штучная дыскрымінацыйная палітыка ўладаў Рэспублікі Беларусь.

Мы адрадзілі і актуалізавалі мову, якая пасьля стагодзьдзяў разбуральных войнаў у пачатку 19. стагодзьдзя знаходзілася ў коме і захавалася толькі ў выглядзе вусных сялянскіх дыялектаў.

Стварэньнем БНР, актыўнай дыпляматычнай працай на міжнароднай арэне, актыўным асьветніцтвам унутры краіны, стварэньнем рэальных беларускіх нацыянальных войскаў (ад Слуцкай брыгады і арміі Балаховіча да беларускіх легіёнаў у складзе войскаў Польшчы і Літоўскай Рэспублікі) беларускі рух найбольш сур’ёзным чынам «паставіў беларускае пытаньне» на парадку дня ня толькі ў рэгіёне былой Расейскай Імпэрыі, але і на міжнародным узроўне.

Мы прымусілі бальшавікоў, палякаў і немцаў з сабою лічыцца і браць сябе ў разьлік. Мы перамаглі.

Гэта не бальшавікі далі нам БССР, Акадэмію Навук, Беларускі Ўнівэрсытэт, месца ў ААН і іншае. Гэта МЫ прымусілі бальшавікоў даць нам усё гэта альбо не перашкаджаць нам у стварэньні гэтага. Нічога б гэтага не было, калі б цэнтральная савецкая ўлада ня бачыла патэнцыял беларускага нацыянальнага адраджэньня і не ўсьведамляла, што гэтую сілу лепш паспрабаваць выкарыстаць і паставіць пад свой кантроль, а не ігнараваць ці татальна падаўляць.

У 1991 г. беларусам дзякуючы ў першую чаргу актыўным дзеяньням Беларускага Народнага Фронту атрымалася вырвацца з СССР і зноў здабыць дзяржаўны сувэрэнітэт — упершыню з часоў ліквідацыі Вялікага княства Літоўскага. І тое, што пасьля 1994 году некаторыя важныя атрыбуты беларускай незалежнасьці уяперашнім аўтарытарным рэжымам былі адрынутыя, не зьмяншае галоўнай перамогі, якую нам, беларусам, атрымалася «застаўбіць»: Беларусь — агульнапрызнаная паўнапраўная сувэрэнная дзяржава з уласнай валютай, уласным сьцягам і гербам, з дыпляматычнымі стасункамі з усім сьветам.

Беларусь — агульнапрызнаная паўнапраўная сувэрэнная дзяржава з уласнай валютай, уласным сьцягам і гербам, з дыпляматычнымі стасункамі з усім сьветам.

Чарнасоценныя ідэолягі ў атачэньні Лукашэнкі могуць памяняць Беларусі сьцяг і герб на абразьлівыя пародыі, яны могуць дыскрымінаваць беларускую мову і вучыць усіх навокал, што беларусы ні на што ня здольныя без таго, каб кантралявацца Расеяй. Але таго, што Беларусь на працягу ўжо чвэрці стагодзьдзя зноў зьяўляецца самастойнай незалежнай краінай нароўні зь іншымі — гэтага нас ніхто проста так пазбавіць ужо ня зможа. Цягнік пайшоў, і нават лукашэнкаўская дзяржаўная ідэалёгія за дваццаць гадоў была сама вымушаная са скрыгатам праэвалюцыянаваць ад «Беларусь — пройдзены этап» да «беларусы — гэта расейцы са знакам якасьці», а потым і да «Беларусь — ня частка рускага сьвету» зь неаспрэчнай каштоўнасьцю незалежнасьці Беларусі. Мы перамагаем.

Удумацца толькі: незалежная беларуская дзяржава! Хай аўтарытарная і міжнародна-ізаляваная, хай зь беларускай мовай на другіх-трэціх ролях, і з абы-якімі сымбалямі. Сто гадоў таму пра такое можна было толькі марыць. Але мы перамаглі, хаця перамаглі ня гэтулькі сілай зброі, колькі сілай беларускай ціхай пасьлядоўнай прагматычнай упартасьці.

Удумацца толькі: незалежная беларуская дзяржава! Хай аўтарытарная і міжнародна-ізаляваная, хай зь беларускай мовай на другіх-трэціх ролях, і з абы-якімі сымбалямі.

І гэта для мяне зьяўляецца нагодай і для будучага аптымізму і для таго, што нам атрымаецца вярнуць нармальныя беларускія сьцяг і герб, паўнавартасны дзяржаўны статус беларускай мовы — разам са справядлівым дэмакратычным дзяржаўным ладам, нармальнай рынкавай эканомікай і павагай да правоў чалавека. У выніку чаго мы атрымаем той самы шанец «дагнаць і перагнаць», зрабіцца больш пасьпяховымі і за нашу папярэднюю дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае, і за прагрэсіўныя цяперашнія краіны Эўропы. Так што многія важныя перамогі ў нас яшчэ наперадзе — і гэта таксама можа і павінна быць складнікам нацыянальнай ідэі, мне здаецца.

Пазыцыя аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG